Вялікі Шан Ян [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

ускінуты і развеяны на вятры хвост бунчука. Пасля коннік знік, і толькі тады да чалавека, які схаваўся за ствол дуба, данёсся хрыплы, сарваны, раздзерты ветрам крык вяшчальніка. Адно толькі слова:

— …памё-ор!!!


Трэба было шукаць, дзе прыткнуцца на ноч. І лепей далей ад дарогі, калі ўжо няма страхі над галавой. Ён пабрыў улева па мінулагоднім шорсткім прасавішчы туды, дзе, як здалося яму, пялёснуўся над зямлёю нейкі вокаімгненны аранжавы водбліск.

Ён iшоў досыць доўга, пакуль ногi не вывелi яго на невялiчкi адхон. Нiжэй была малая катлавiнка: толькi-толькi размясцiцца тром людзям з коньмi. А пасярэдзiне гэтай затравелай ужо катлiвiнкi гарэла невялiчкае вогнiшча. Такое невялiкае, што падарожнiк не зразумеў, чаму ён заўважыў яго. I толькi пасля, заўважыўшы вялiкую шаўковiцу, што звiсала над ямай, зразумеў: аднойчы вогнiшча ўскiнулася крыху вышэй i адбiтак гэтай зыркасцi затрапятаў у кроне.

Было ясна, што так жа, як ён, можа заўважыць такі выпадковы ўсплёск і іншы, але выбіраць не даводзілася.

Ля вогнішча, захутаўшыся ў грубы плашч, сагнуўшыся — спачатку нават здавалася, што ён гарбаты, сядзеў чалавек.

— Не бойцеся. Я з раскрытымі далоньмі.

— Я і не баюся, — чалавек узняў галаву і зірнуў на таго, хто падыходзіў, вялізнымі чорнымі вачніцамі. — Я не прыкуты да кола існага, узяць у мяне няма чаго, а неба адкрыта кожнаму, і мы не ведаем часу.

"Вандроўны вучоны, — падумаў спадарожнік і прысеў побач, не скідаючы ваўнянага, з капюшонам, плашча. — У пенчанай вопратцы. Значыць, не стаіць на дзяржаўнай службе, не атрымоўвае пайка зернем. Жыве літасцінаю. А ў наш час з гэтага не дужа пражывеш".

Абмяняўшыся пытаннямі ветлівасці, абодва працягнулі далоні да агню, і тады на пальцы навічка бліснуў вялізны сыкгнет.

— Здыміце, — параіў вучоны. — Не трэба паказваць багацця дарогам.

У яго было старападобнае — зусім не старое — аблічча, жоўтае, як лімон, і змаршчакаватае, як печаны яблык, тонкія, у некалькі валаскоў, і доўгія звіслыя вусы. Яму можна было даць і шэсцьдзесят, і сорак, каб не гарачая, дапытлівая жвавасць наўскосых, як ластаўчыны крылы, вачэй. Побач з ім ляжалі два вузлікі, біклага і доўгі кій — гнамон, з насечкамі для пазнання часу. Вось і ўсё.

Вучоны таксама неўпрыкмет вывучаў прыбылога. Пад ільняным халатам зялёнага колеру з шаўковымі аплікацыямі нешта тоўстае паддзета, ля паяса цяжкі, нават на выгляд, мяшэчак, падазрона тапырыцца ў адным месцы плашч. Побач напханая саква.

"Купец? Толькi што з iм магло здарыцца? Адбiўся ад каравана, калi напалi разбойнiкi? Можа быць. Iх шмат. Ведаюць, што гандлярства пры Шан Яне занятак малапачцiвы, што нiхто не будзе з пострахам весцi следства аб невялiкiм караване. Багатыя гандляры, вялiкiя караваны — жах разбойнiкаў. Багатым сяк-так дазваляюць гандляваць, бо зусiм без гандлю нельга: Але i гэты, мабыць, шкурай i крывёй за Шан Яна. Усе за яго. Так задурылi галовы ўсiм у царстве Цiнь: Аблiчча ганарлiвае, вузкае, позiрк пякучы, смаляныя доўгiя вусы i чорная, з праголенай сярэдзiнай падбароддзя, барада. Мускулы моцныя, грудзi шырокiя. I, аднак, нейкая вытанчанасць у руках, нейкая няпэўная i моцная ўкрадлiвасць: Добра выхаваны чалавек: I, у сваiм невялiкiм коле, сярод прыказчыкаў i рабоў, мабыць, умее часам i ўладу паказаць".

— Чаму такое бязлюддзе ў Лі? — спытаў барадаты.

— Тут амаль усе займалiся рамяством, — не адразу адказаў вучоны. — Зямля кепская. А гандляроў, рамеснiкаў i лянiвых загадана ператвараць у рабоў. Ну, вядома, нябуйных гандляроў, наймiтаў i ўсiх рамеснiкаў. Разбiваюць вялiкiя сем'i. Раней на адну сям'ю адзiн падатак. А цяпер, калi ў сям'i пяцьдзесят мужчын — значыць, пяцьдзесят падаткаў, а сто — сто.

— Я ведаю. Мне, калі я папрасіўся на начлег, толькі адзін адчыніў. Вочы страшныя, і ведаеце, чым ён адказаў мне, вельмішаноўны? Адказаў словамі вялікага Шан Яна, — барадаты паказаў некуды ўгору. — "Калі людзі будуць занятыя са світанку да заходу ў земляробстве, яны палюбяць правіцеля як роднага і будуць ахвяраваць жыццём дзеля выканання яго загадаў…" — "Вось мы і ахвяруем, — сказаў далей той, з сякераю. — Ідзі адсюль. Сёння памёр, надарваўшыся, мой брат. Ідзі!!!" — і ў самога занесеная сякера… Я не спалохаўся, проста не хацелася шуму… У хаце памёрлага.

— Як зваць высокашаноўнага? — спытаў вучоны.

— Гунсунь Ян.

— Вядомае прозвішча, — на хвіліну апусціў вочы вучоны. — Купец. Чаму ж без каня, без каравана?

— Караван мой разбіты, — хрыпата сказаў Гунсунь. — І я ведаю, чыя гэта работа, хто нацкаваў іх на мяне. Якая лапа якога моцнага ворага. Па чыёй правіне я павінен кінуць тавары і дом і ўцякаць у царства Вэй. І куды? За паўночны Вялікі Мур? Да сюнну[5]? Да дзікуноў? Або за Хуанхай[6], на не менш дзікія астравы? Да дзікіх заходніх жуанаў? У дзікія джунглі, на поўдзень, да язычнікаў Бай? Хто чакае мяне там? Толькі туды, усходней гор. У Вэй, Хань, Чжао, Чу, Сун, Ці, Янь? Ува ўсе гэтыя царствы, якія змагаюцца? Толькі таму, што яны — адна Паднябесная, а жыць можна