«Нарадзіўся я ліцьвінам…»: Тадэвуш Касцюшка [Уладзімір Емяльянчык] (fb2) читать постранично, страница - 2
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
- 1
- 2
- 3
- 4
- . . .
- последняя (24) »
Шлях у жыццё
Сяхновічы ці Марачоўшчына?
Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка нарадзіўся ў небагатай сям'і беларускага шляхціча, фамільны маёнтак якога знаходзіўся ў вёсцы Сяхновічы Кобрынскага павета (цяпер у Жабінкаўскім раёне). Дакладная дата яго нараджэння невядомая, выказана меркаванне, што ён нарадзіўся 4 лютага 1746 года, аднак больш праўдападобна, што адбылося гэта 30 лістапада 1745 года. Дату 4 лютага прапанаваў польскі даследнік Т. Корзан зыходзячы з метрыкі, адкуль відаць, што яго хрысцілі ў Косаўскім касцёле 12 лютага 1746 года. Аднак ёсць падстава меркаваць, што спачатку яго хрысцілі ў вуніяцкай царкве і назвалі Андрэем у гонар апостала Андрэя Першазванага, свята якога прыпадае на 30 лістапада. Такое меркаванне грунтуецца таксама на тым, што яго маці Фёкла (Тэкля) была з беларускага праваслаўна-вуніяцкага роду Ратамскіх. У пасаг Тэкля Ратамская атрымала маёнтак Дразы Барысаўскага павета. Яе родны брат Марцін быў падкаморым Аршанскага павета. Вядома, што дзяцей, раней хрышчаных у цэрквах, часта паўторна хрысцілі ў касцёлах. На працягу ўсяго свайго жыцця Касцюшка быў абыякавы да канфесійных пытанняў, нягледзячы на тое што навучаўся ў каталіцкай школе. (Тым не менш свой ордэн Цынцыната, атрыманы з рук Дж. Вашынгтона, Т. Касцюшка ахвяраваў (у 1784–1785 гг.) вуніяцкай царкве ў в. Даўгаліскі Люблінскага ваяводства. Гэтую царкву наведвалі і маліліся ў ёй маці, сястра Ганна і сам Тадэвуш Касцюшка.) У сваім імкненні замаўчаць, схаваць беларускае паходжанне Касцюшкі нават аўтарытэтная сучасная Wielka Encyklopedia Powszechna сцвярджае, што ён нібыта нарадзіўся на Валыні, якая з 1569 года была далучаная да Польшчы. Сам жа Касцюшка называў сябе ліцьвінам, г. зн. так, як называлі сябе ў тым часе ўсе беларусы{1}. На думку біёграфаў, ён нарадзіўся ў вёсцы Сяхновічы, што пацвярджаецца надпісам на медалі, вырабленым у Парыжы ў 1818 годзе{2}. Паказваюць таксама на маёнтак Марачоўшчына каля мястэчка Косава (цяпер у Івацэвіцкім раёне) як на месца яго нараджэння. Аднак у абодвух выпадках размова ідзе пра Беларусь, а не пра Валынь ці Польшчу.
Дзіцячыя гады
У гістарычных дакументах прозвішча Касцюшка сустракаецца з 1458 года. Продкі Андрэя Тадэвуша займалі сціплае становішча ў грамадстве. Яго прадзед Аляксандар Іван быў падсудкам, а дзед Амбражэй — пісарам у Берасцейскім земскім судзе. Бацька Людвік ніякіх пасадаў не займаў, а меў толькі ганаровую годнасць мечніка Берасцейскага ваяводства і палкоўніка, хоць у войску ніколі не служыў. У сям'і Тэклі і Людвіка Касцюшкаў было чацвёра дзяцей: Ганна, Язэп, Кацярына і Андрэй Тадэвуш. Да дзевяці гадоў Андрэй Тадэвуш выхоўваўся дома, як і ўсе дзеці незаможнай шляхты, без якіх-небудзь спецыяльных гувернёраў ці настаўнікаў, г. зн. яго маленства прайшло ў беларускай вёсцы. У дзевяць гадоў яго аддалі ў школу манаскага ордэна піяраў мястэчка Любешаў Пінскага павета, дзе ён навучаўся пяць гадоў, да 1760 года. Пасля сканчэння школы ён зноў вярнуўся ў Сяхновічы і цягам пяці гадоў дапамагаў маці па гаспадарцы (бацька памёр у 1758 годзе). У піярскай школе Касцюшка вывучаў лацінскую, польскую, французскую і нямецкую мовы, атрымаў пачатковыя веды з матэматыкі.
Рэч Паспалітая — канфедэрацыя Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага
Рэч Паспалітая Двух Народаў, якая ўтварылася ў выніку Люблінскай вуніі 1569 года, была канфедэрацыяй Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Кожная з гэтых дзяржаваў мела сваю тэрыторыю, сваю эканоміку і фінансы, сваё войска, асобную адміністрацыю і заканадаўства. Суверэнныя правы Вялікага Княства Літоўскага атрымалі юрыдычнае замацаванне ў Статуце 1588 года. Законам ад 19 траўня 1655 года пацвярджалася забарона польскім войскам пераходзіць дзяржаўную мяжу Вялікага Княства.
Бязладдзе дзяржаўных органаў улады
У Рэчы Паспалітай кароль быў без улады, Сойм без сілы, а іншых сталых органаў улады і кіравання для ўсёй канфедэрацыі не было. У другой палове XVІІІ стагоддзя яна перажывала крызіс грамадскага і палітычнага ладу. Нарастала незадаволенасць сялян сваім становішчам. Да сялянскіх паўстанняў і бунтаў дадавалася жорсткая барацьба розных групаў унутры панавальнага стану — шляхты, а таксама барацьба за свае правы праваслаўнага насельніцтва. Рэлігійнае пытанне ўвесь час імкнулася выкарыстаць Расейская імперыя для апраўдання ўмяшання ў нутраныя справы суседзяў.
- 1
- 2
- 3
- 4
- . . .
- последняя (24) »
Последние комментарии
18 часов 14 минут назад
18 часов 49 минут назад
19 часов 42 минут назад
19 часов 47 минут назад
19 часов 58 минут назад
20 часов 11 минут назад