Сотнікаў [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 62


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Партноў і двое ў нямецкай вайсковай форме. Старшы паліцай зычна далажыў, што каманда з ліквідацыі прыбыла. Начальнік прыдзірліва агледзеў калону.

— Вольна! Дваццаць хвілін перакур, — сказаў ён і позіркам зачапіўся за Рыбака. — Ты зайдзі да мяне.

— Ёсць! — мярцвеючы ад чагось непазбежнага, што зусім падступіла да яго, буркнуў Рыбак.

Сусед таўхнуў яго локцем у бок.

— Яволь, а не ёсць. Прывыкаць нада.

«Пайшоў ты к д'яблу! — вылаяўся ў думках Рыбак. — І наогул хай усё ідзе к д'яблу. У тартарары. Навек!»

Каманду распусцілі. Рыбака ўсё болей апаноўвала разгубленасць, ён кідаў наўкола здзічэлыя позіркі і не ведаў, куды падацца. Вакол гаманілі, тапталіся паліцаі, лязгала зброя, у паветры запахла салодкім дымком цыгарэт. Накаторыя скіравалі ў памяшканне, адзін павярнуў да вузкай дашчанай збудоўкі з дваімі дзверкамі на драўляных закрутках. Рыбак бокам таксама падаўся туды.

— Эй, ты! Куды?

Ззаду з чуйнай устрывожанасцю ў вачах стаяў Стась.

— Зараз. На хвілінку.

Здаецца, ён сказаў спакойна, стаіўшы ў сабе свой адзіна магчымы цяпер намер, і Стась адвярнуўся да купкі сяброў: там абмяркоўвалі акцыю. Але к д'яблу! Усіх і ўсё! Рыбак ірвануў скрыпучыя дзверы, зашчапіўся на драцяны кручок, паглядзеў угору. Столь была невысокая, але, мабыць, для яго справы вышыні хопіць. Між няшчытна пакладзеных дошак чарнелі пасткі толю, за папярэчыну лёгка можна было прадзець папружку. Са злоснай рашучасцю ён расшпіліў кажушок і раптам схамянуўся — папружкі на штанах не было. І як ён забыўся, што яе адабралі перад тым, як пасадзіць іх у склеп. Рукі яго марна замітусіліся ў адзежы, але нідзе ў яго не знаходзілася нічога, на тое здатнага.

За перагародкай глуха тупнулі боты, цягуча праскрыпелі дзверы. Рыбак сцяўся ў абсалютнай бездапаможнасці — не было нават магчымасці выканаць сваю апошнюю волю. Хоць ты рынься галавой уніз. Неадольная роспач ахапіла яго, і ён аж застагнаў ад нясцерпнасці, гатовы заплакаць.

Але знаёмы голас знадворку вярнуў яму частку цвярозасці.

— Ну ты доўга там? — пракрычаў здалёку Стась.

— Счас, счас…

— Начальства заве.

Ну вядома, начальства не любіць чакаць, да начальства належыць з'яўляцца бягом. Тым больш калі вырашана зрабіць цябе паліцаем. Яшчэ ўчора ён марыў пра тое, як пра збавенне. Сёння ж здзяйсненне гэтае мары абарочвалася катастрофай.

Рыбак высмаркаўся і, не адразу трапляючы гузікамі ў пятлю, зашпіліў кажушок. Мусіць, ужо нічога не зробіш — такі яго лёс. Ненавісны вайсковы лёс, які гэтак яго ашукаў. Не могучы зрабіць што іншае, Рыбак адкінуў кручок і, стараючыся зацяць у сабе разгубленасць, ступіў з прыбіральні.

На парозе, нецярпліва выглядаючы яго, стаяў начальнік паліцыі.


1970