За волю [Кастусь Акула] (fb2) читать постранично, страница - 81


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

прапагандовым капіталам. Твая прысутнасьць зьвязвала незадаволеных і галодных канадыйскіх рабочых з камуністамі пад чырвоным сьцягам. Так, Вера, усё гэта дакладна пасуе. Маніпулявалі табой наёмнікі Масквы, фашысты і забойцы ня меншыя за гітлераўскіх… Я ня маю сумлеваў, Вера, што гаворыш праўду.

— Алесь, я хачу памагчы табе. Гэта праўда, што маці пісала да цябе?

— Так, пісала. Пад дыктоўку бальшавіцкіх палітрукоў. Яны хочуць, каб я прыехаў дамоў, значыцца вярнуўся ў іхныя рукі, каб замардаваць і мяне.

— І што ты надумаўся рабіць?

— Я не магу маткі выратаваць. Яна ў іхных руках, як заложніца. Яны хочуць мяне прынадзіць голасам маткі, каб вярнуўся ў іхныя лапы. Матку вельмі шкадую і прашу Госпада Бога выбачыць мне, што я ня ўзяў яе з сабой калі бацькаўшчыну ў часе вайны пакідаў. Але-ж яна не хацела йсьці, мяне намаўляла, каб дома астаўся… Бачыш, як яно выйшла. А цяпер маскоўскія чырвоныя фашысты насілуюць маю дарагую маму, ды зьдзекуюцца над мільёнамі запрыгоненых нашых суродзічаў, а тут на эміграцыі выкарыстоўваюць такіх вось засьлепленых, як ты, каб нашых найлепшых людзей мардаваць!

Алесеў голас быў напоўнены пачуцьцём болю й нянавісьці. Вера бачыла, што гэты чалавек цяпер перад ейнымі вачмі — змарнелы, худы, мізэрны цень таго калішняга, — вясёлага, агрэсыўнага і адначасна лагоднага прыгажуна, якога колькі разоў трымала ў абдымках. І цяпер яна адно поўнасьцю ўсьведаміла, як шкадавала і кахала яго і якімі недарэчнымі шляхамі дзьве супрацьлеглыя, здаецца, палітычныя сыстэмы прывялі і Алеся, і яе ў небясьпечны тупік. І выбрацца зь яго, гэтага праклятага тупіка, пэўне-ж, можна толькі любоўю, міласэрнасьцю і абавязкава супольнымі сіламі.

— Алесь, дарагі мой, я ведаю як табе цяжка, як за матку сэрца баліць, як табе цяжка выбачыць мне за крыўду, што я табе зрабіла. Ці ты можаш мне выбачыць? Ці дазволіш мне, каб я табе памагла? Я цябе кахаю, ты ведаеш гэта. Буду старацца дабром адгадзіцца, памагчы табе…

Алесь маўчаў, думаў, пасьля твар ягоны праясьніўся ледзь-ледзь заўважнай усьмешкай.

— Верачка, дарагая мая! Я так даўно хацеў пачуць такія словы з вуснаў тваіх. Я такі задаволены, што ты вярнулася. Я так цябе кахаю, што не ўяўляю свайго жыцьця без твае ласкі й прыгажосьці.

Вера прыгарнулася да яго, указальны палец палажыла яму на вусны.

— Шшшшшшш! Маўчы!

Яны застылі ў доўгім пацалунку, забыўшыся пра сьвет.

— Ты-ж, мая кветка, не сказала мне, што ты рабіла й дзе была.

Алесь заглянуў у ейныя вочы-чараўніцы, якія, здавалася яму, неяк пасьмялелі ад таго часу, калі яе бачыў перад тымі тайнымі ўцёкамі. Але цяпер Вера, здалося яму, неяк зьбянтэжылася, можа ня ведала што яму адказаць.

— Раскажу табе неяк пасьля пра гэта. Доўгая гісторыя.

— Усё-ж ты, відаць, даволі спрытная, бо цябе нават паліцыя не магла знайсьці.

— Можа я больш спрытная, чымся ты думаў, — падміргнуўшы Алесю, жартавала Вера. — А калі ў тую паліцыю пойдзем?

— Могуць да заўтра пачакаць. Я цяпер такі задаволены што камуністы цябе не накрылі.

— А яны шукалі?

— Шукалі, вядома. Цяпер мусім адразу прыняць меры, каб яны табе не адпомсьцілі за тое, што сьветчыць маеш. Але пра гэта будзем разважаць пазьней. Цяпер-жа давай свае цудоўныя вусенкі па каторых я так зажурыўся.

У гэным гарачым абдымку новай энэргіяй і радасьцю запульсавалі два сэрцы. Сіла каханьня, нарэшце, перакрочыла апошнюю мяжу, каб зьліць іх у адно цела.