У дрымучых лясах [Змітрок Бядуля] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Трэзар. Ён так прагна прынюхваецца носам, што ноздры ў яго дрыжаць і вочы жмурацца. Ён віляе хвастом ды стучыць пярэдняй правай лапай аб падлогу: «лоп-лоп-лоп». Нібы хоча, ды не можа сказаць: «Дай! Дай! Дай!» Ах ты, разумны цюцька… Ён пачынае тоненька візгатаць і пускаць сліну. Я кідаю Трэзару аб'едкі са стала. Як вялікі майстар, ён хапае іх на ляту. Хап — і няма! Цям-цям — і з'еў… Я гатоў яго расцалаваць. Я хвалю яго:

— Дзіўны сабака! Залаты сабака! Дарагі сабака!

Трэзар наеўся, лёг на лаве каля мяне і спакойна заснуў.

Я любуюся маладымі. Яго завуць Ясь. Яе — Агата. Ён з геаргіняй у пятліцы новага пінжака. Яна — з вянком на галаве. Празрысты вэлюм затуляе яе твар. «Кароль і каралева», «Певень і курка», «Два галубочкі» — спяваюць аб іх цёткі ў каптурах. Маладыя моўчкі глядзяць адзін аднаму ў вочы і так прыязна сардэчна ўсміхаюцца, ажно здаюцца мне найпрыгажэйшымі і найлепшымі людзьмі на свеце…

Пры гэтым Ануфрэй са сваім сватам украдкам пазіраюць на маладых і цалуюць адзін аднаго ў губы тры разы.

— Сваток родны…

— Родны сваток…

Старыя ціхенька зюзюкаюць пра каня, пра карову, пра хату для маладых, пра багаты куфар маладой і зноў пачынаюць цалавацца… Якія ў іх слаўныя вочы…

Я пачынаю дзівіцца навокал.

— Што за дзіўны калаўрот?

Усё перада мною пачынае калясом кружыцца: і сваты, і госці, і маладыя, і музыканты, і печ, і Трэзар, і стол, і сцены. «Дзіўнае вяселле — усё кружыцца». І я апускаю галаву. Цішыня і змрок…

Калі маці мяне разбудзіла, я ляжаў пры стале на лаве, прыпёршыся галавою да белага Трэзара.

. . . . . . . . . .


Маці нажала крапівы, наслала ў хляве і серп уткнула ў сцяну над дзвярыма. Пры гэтым яна мне растлумачыла:

— У гэту купальскую ноч ведзьмы адбіраюць малако ў кароў. Крапіва і серп абароняць нашу Падласенькую ад благіх ведзьмаў, не тут кажучы.

Навокал мястэчка палаюць вогнішчы. Хлопцы і дзяўчаты пяюць песні. Песні чаруюць мяне, плывуць ка мне ў самае сэрца. Агні і песні клічуць:

— Да нас… Да нас…

Я ўпрашваю маці:

— Хачу да людзей…

Па яе вачах бачу, што і яна «хоча да людзей».

Маці бярэ мяне за руку і вядзе сцежкай па мурожнаму лугу. Якая прыгожая ноч! Паветра салодкае, як мёд. Зоркі пераміргваюцца. Па нябеснай сіні ад іх разыходзіцца ледзь прыкметная сярэбраная павуцінка. Ля беланогіх бярозак сядзяць адзіночнымі парамі хлопцы і дзяўчаты. Смяюцца, жартуюць, цалуюцца.

Хтосьці звяртаецца да маёй маці:

— Хаіміха кветку шчасця шукае!

Маці адказвае:

— Я ўжо знайшла сваю кветку шчасця.

Вогнішча ля возера ўзнімае ўгару чырвоную чупрыну. Тут жа ў траве мігацяцца зоркамі светлячкі. Хлопцы і дзяўчаты ў вянках з кветак танцуюць вакол вогнішча, спрытна скачуць праз агонь, і крычаць, і смяюцца, і спяваюць. Вогнішча і людзі адлюстроўваюцца ў возеры перакуленыя дагары нагамі. Вельмі забаўна.

Дзяўчаты пускаюць па спакойным возеры дошчачкі з запаленымі маленькімі свечкамі. Я ў захапленні, я ашаломлены ўсім гэтым відовішчам. Я скачу на месцы, пляскаю ў далоні і хачу кінуцца ў ваду па свечачку.

Маці хапае мяне за руку.

. . . . . . . . . .


Ноч ранняй вясны.

Паводка даходзіць бадай да нашай хаты. Удзень я тут будаваў млынок з трэсак, чаўночкі з яловай кары пускаў.

Цяпер з усіх бакоў, нібы паводка, даплываюць да майго слыху песні. Я пытаюся ў маткі:

— Хто спявае?

— Валачобнікі.

Я не разумею гэтага слова, але больш не распытваю. Маці, стомленая за дзень, адразу засынае. Засынаю і я. Мне сніцца, што я стаю на самай вышцы Ануфрэевага азярода, а знізу глядзяць на мяне спалоханыя Ясь і яго жонка Агата і крычаць на ўвесь голас:

— Ён упадзе! Ён упадзе!

Я прасынаюся. За акном гучна спяваюць:

Добры вечар, пане ягамосце,
Прыйшлі валачобнікі да Лэйзара ў госці.
Выходзь жа, суседзе, на шырокі двор!
На дварэ стаіць залаты шацёр.
У шацёры свеціць веснавое сонца,
Месяц паглядае ў яркае аконца.
А ў тым шацёры скачуць дробны зоркі,
Між сабой вядуць гутаркі-гаворкі.
Залаты шацёр — гэта ваша хата.
Хай жа ў ёй будзе сыта і багата.
А наш князь, наш Лэйзар — веснавое сонца,
Княгіня Лэйзароўна — месяц у ваконцы.
Дзеткі-князяняткі — дробненькія зоркі —
Між сабой вядуць гутаркі-гаворкі,
Куй, наш князе, золата ў кузні малаткамі,
Нас частуй, княгінечка, мёдам, пірагамі!
Дайце залатовачкі, князяняткі-дзеткі!
Вам за гэта шчасцейка, вясёлыя леткі!
Кожны радок беларускай серэнады пераплятаецца з прыпевам «Зялёны явар, дубрава!»

Мы з маткай хутка апранаемся. Выносім на двор пачастункі і грошы. Тое самае робяць мой дзед і бабуля. Валачобнікі адыходзяць.

На дварэ цёмна і вільготна. Я пытаюся ў дзеда:

— Дзе залаты шацёр?

— Залаты шацёр толькі ў песнях бывае, — адказвае дзед.

Я зноў пытаюся ў дзеда:

— Ты князь?

— У песнях я князь. Мой герб медная конаўка, — жартуе дзед.