Пялёсткі [Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

начоўкі, каб было ў чым купаць нашага маленькага? Дзякую вам, але ў нас ёсць адмысловая балейка...

- Не, - адказаў старэйшы з іх хлопчык, - мы ў гэтых начоўках павязём яго на млын...

- На які млын? - здзівілася маці. - Навошта?

- А каб ён тут не плакаў, мы яго ўтопім.

З гэтымі словамі яны падышлі да калыскі і началі падымаць мне, каб пакласці ў начоўкі. Пабачыўшы гэта, маці ўскочыла, схапіла ручнік ды пачала іх пытляваць тым ручніком. Такі пачастунак ім не спадабаўся, яны пакінулі свае начоўкі і паўцякалі. Выкінуўшы начоўкі, маці легла зноў на ложак і доўга не магла супакоіцца.

- Тапіць! - паўтарала яна. - Тапіць!..

Што магло б быць, каб маці, скажам, спала, уявіць сабе не цяжка. Пушчаны на ваду, я, зразумела, не стаў бы новым Майсеем, а пайшоў бы на дно ў самым пачатку свайго вандравання... Не дайшоў бы я і да гутарак з богам...

Хоць будучыя мае сябры не здолелі ажыццявіць сваёй задумкі, але яны напрарочылі мне такую вандроўную долю: у сталым веку хвалі насілі мяне на сабе праз усю краіну. Ці шчаслівая яна, гэта мая доля, ці нешчаслівая, я і сам, паклаўшы руку на сэрца, кажу: не ведаю!..


Прышываны нос

Мянушкі ў нас давалі малым і старым дужа проста і хутка. Сказаў чалавек дзіўнае на вуха слова - яно і прыліпала да яго адразу. Якое цікавае здарэнне - зноў гатова мянушка. Так жа і мне, зусім малому, браты і суседскія хлопцы падкінулі падарунак - пачалі зваць Прышываным носам. А чаму? Праз нешчаслівы выпадак.

Маці павесіла на тапарышча сякеры мяшэчак з адагрэтым тварагом для сырка, а сама пайшла даваць скаціне есці. Сякера ляжала на лаве, на якой быў і я. Гуляючы, я дапоўз да сякеры і закрануў яе сваімі малымі рукамі. Сякера звалілася, а за ёй і я. Падаючы, яна сваім носам секанула па маім. Палілася кроў.

Ад такой нечаканкі і болю я пачаў моцна плакаць. Пачуўшы, маці прыбегла ў хату, схапіла мяне на рукі і адразу да мясцовага доктара - адзінага нашага медыцынскага працаўніка, былога вайсковага фельчара. На маё шчасце, жыў ён праз дарогу ад нас і быў якраз дома. Не думаючы доўга, ён адразу прышыў мой нос з адсечанага боку на месца.

Прышыў так удала, што, калі праз колькі дзён, даставаў нітку, выявілася, - толькі маленькі рубчык застаўся нібыта лішні. Фельчар і пажартаваў тады, як маці апавядала:

- Гэта дробязь! Калі хлопец у далейшым будзе жыць добра, сходзіць да сапраўдных дактароў, і яны адрэжуць лішняе. А не - і так пражыве.

Дык вось жа: ад таго часу і мянушка ў мяне з'явілася была на некалькі гадоў...


Мой самы першы твор

Была нядзеля. Ніякай рабочай стукатні. Можа б, я доўга спаў на печы, але нейкі прыемны пах пачаў ласкатаць мой нос. Выявілася, мама пякла грэцкія бліны. Добра распазнаўшы гэта, я ўмольна папрасіў:

- Мамачка! Дай блінка!

- Ды што ты, сынок! Трэба ўстаць, памыцца, пацеры змовіць, тады і бліны можна есці.

- Я не ведаю пацераў!

- А без іх нічога не будзе. Прыдумай.

Я пасядзеў, пасядзеў. «Трэба маліцца! Бліны, відаць, смачныя!»

І тут мая маленькая фантазія ўзнялася на стварэнне першага ў жыцці твора, ды яшчэ якога - верлібрам!*

* Верлібр - нерыфмаваны верш.


...Ты - наш бог.

Твая і хата.

Твая і печ.

Але ж мама - наша.

Мама ўчыняла бліны.

Мама пячэ бліны.


- Мамачка! Змовіў! Давай блін!

Маму, як яна пасля апавядала, расчуліла ў маёй малітве тое, што я вышэй бога паставіў яе працу.

Так я атрымаў першы ганарар у жыцці, не меўшы і чатырох гадоў ад нараджэння. Ганарар быў круглы, як сонейка, гарачы, як матчына ласка, спажыўны, як родная зямля.


Сапсаваны падарунак

Мы ўсёй сям'ёй паехалі капаць бульбу на самае далёкае поле.

Верасень быў няроўны: то прыпячэ сонца, то падзьме сібернік, як у нас звалі паўночна-ўсходні вецер.

Бацька разворваў плужком барозны. Маці і ўсе больш-менш дарослыя дзеці бралі бульбу ў кошыкі, паспявалі акуратна прайсці баразну, пакуль бацька толькі пачынаў другую.

Спрабаваў памагаць і я, але ніякай карысці ад гэтай дапамогі не было. Каб не крыўдзіць малога, маці прапанавала:

- Ты, Уладзік, пахадзі па ўзлессі. Можа, ягадка якая засталася, можа, што-небудзь цікавае пабачыш. Нам тады і раскажаш...

А было мне, «расказчыку», пяць гадоў. Ды на гэты самы дзень прыпала на маю долю свята. Жыў у нас тыдні са два кравец. Каму шыў новае, каму латаў ці перашываў старое. А для мяне, сабраўшы неяк розныя кліны і абрэзкі саматканага шарачка, ён пашыў новае пальцечка. Ды якое! У ім былі дзве кішэні, яно было зроблена адмыслова на мяне і для мяне! Да гэтага часу я ўсё даношваў братнія каптанікі ды розныя марынарачкі, куртачкі. Ад радасці я, як той казаў, не тоўпіўся ў сваім новым пальцечку. Мне