Раскіданае гняздо крывіцкай славы [Анатоль Бутэвіч] (fb2) читать постранично, страница - 45


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

вялікалітоўскай дэлегацыі ўваходзілі: канцлер, віленскі ваявода пратэстант Мікалай Радзівіл Руды, падканцлер Астафій Валовіч, жамойцкі стараста Ян Хадкевіч, падскарбі Мікалай Нарушэвіч, праваслаўны князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі і іншыя. Усяго з абодвух бакоў удзельнічала каля 160 чалавек. Сойм праходзіў спачатку ў студзені – сакавіку, пасля ў чэрвені. Частка літоўцаў, якія не згаджаліся з уніяй, пакінулі Люблін (1 сакавіка). Жыгімонт ІІ Аўгуст у адказ скарыстоўвае “сілавы” прыём – ён далучае да Кароны Падляшша (5 сакавіка), Валынь (27 мая), Падолле (1 сакавіка), а калі і гэта не дапамагае, – Кіеўскае ваяводства (6 чэрвеня). Адзін Мазырскі павет не даў сваёй згоды і далучыўся да Менскага ваяводства. Пасля гэтага тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага значна паменшылася, яна займала практычна этнічныя беларускія і літоўскія землі.

10 мая па прапанове Жыгімонта ІІ Аўгуста ў Княстве прайшлі соймікі, на якіх была атрымана згода шляхты на падпісанне уніі. Урэшце 1 ліпеня рашэнне было прынята, акт падпісаны каралём 4 ліпеня. З гэтага часу з’явілася афіцыйная назва: Рэч Паспалітая абодвух народаў – Rzeczpospolita Obojga Narodow, на чале якой стаяў выбарны кароль і вялікі князь літоўскі ў адной асобе. Ягоная пасада насіла назву: Кароль Польскі і вялікі князь Літоўскі, Рускі, Прускі, Мазавецкі, Жамойцкі, Кіеўскі, Валынскі, Падляшскі і Ліфляндскі. Дынастыя Ягелонаў спынілася. 11 жніўня кароль выдаў акт, які вызначаў склад сената аб’яднанай дзяржавы. На пажыццёвае гаспадаранне караля выбірала шляхта абодвух народаў, ствараўся агульны двухпалатны вальны сойм. Ён складўся з Сената (сенатары выбіраліся пажыццёва) і Пасольскай Ізбы (паслоў выбірала шляхта па два чалавекі ад кожнага павета, сваіх прадстаўнікоў мелі і абедзьве сталіцы – Вільня і Кракаў).

Каралеўства Польскае і Княства Літоўскае захоўвалі суверэнітэт, асобную адміністрацыю, войска, фінансы, прававую сістэму, законы, суд, мытную сістэму, эмісію грошай. Захоўвалася і назва – Вялікае княства Літоўскае. Кожная дзяржава мела сваю дзяржаўную мову: Польшча – польскую і лацінскую, Княства – беларускую. Аднак у 1697 годзе сойм Рэчы Паспалітай выдаў закон аб забароне ўжывання ў афіцыйных дакументах беларускай мовы, карыстацца можна было толькі польскай альбо лацінскай мовамі. ВКЛ захоўвала таксама герб Пагоня, дзяржаўную пячатку. Вышэйшым органам аб’яднанай дзяржавы стаў агульны сойм, які прымаў законы асобна для Княства і Польскага каралеўства. З сярэдзіны ХV стагоддзя кожны трэці сойм склікаўся ў Гародні.

Быў прыняты акт (3 жніўня) аб аб’яднанні герцагства Прусіі і Брандэнбурга. Сенатары і паслы Прусіі былі далучаны да польскага сойму, што азначала інкарпарацыю Прусіі ў Рэч Паспалітую.

У аб’яднаным гаспадарстве пражывала каля 5,6 мільёна сялян, каля 1,6 мільёна гараджан, каля 800 тысяч шляхты і каля 40 тысяч духоўных асобаў.

Аднак лёс аказаўся не надта спрыяльным да федэратыўнай дзяржавы. Тройчы адбываліся падзелы яе тэрыторыі, пакуль урэшце яна зусім не знікла.

Расія, Аўстрыя і Прусія 5 жніўня 1772 года падпісалі канвенцыю аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. Да Аўстрыі адышлі Заходняя Украіна і Львоў, паўднёвая частка Кракаўскага ваяводства без Кракава і Сандамірскае ваяводства. У Прусіі аказаліся Вармія, Памор’е, Куявы, Хэлмінскае ваяводства (акрамя Торуні), Заходняе Памор’е (акрамя Гданьска). Расія заняла паўночна-ўсходнія землі Вялікага княства Літоўскага да Дзвіны, Друці і Дняпра.

23 студзеня 1793 года адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Прусія захапіла частку Мазовіі, Кракаўскага ваяводства, ледзь не ўсю Вялікую Польшчу, Гданьск, Торунь. Расія анексіравала “на вечныя часы”, як прымусілі прызнаць гэта апошняга караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Правабярэжную Украіну, часткі Полацкага, Віцебскага, Менскага ваяводстваў, якія яшчэ заставаліся, частку Новагародскага, Берасцейскага і Віленскага ваяводстваў з гарадамі Менск, Барысаў, Слуцк, Нясвіж, Тураў, Пінск.

Трэці і апошні падзел адбыўся ў 1795 годзе паміж Аўстрыяй, Расіяй і Прусіяй пасля паразы паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які жыў у Гародні, быў змушаны 25 лістапада 1795 года падпісаць акт адрачэння ад кароны на карысць расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ, пасля чаго Рэч Паспалітая, у тым ліку Вялікае княства Літоўскае, перасталі існаваць. Да Прусіі адышлі большая частка Мазавецкага ваяводства з Варшавай, часткі Падляшскага, Гарадзенскага, Трокскага ваяводстваў і Жамойці. Аўстрыя атрымала Кракаўскае, Сандамірскае, Люблінскае, частку Мазавецкага, Берасцейскага і Падляшскага ваяводстваў. У Расіі апынуліся Валынскае, Новагародскае, Віленскае, частка Берасцейскага, Гарадзенскага, Трокскага ваяводстваў і частка Жамойці з гарадамі Бярэсце, Новагарадок, Гародня, Вільня, Коўна. Новыя тэрыторыі, што атрымала Расія, склалі Віленскую і Слонімскую губерні. Крэва таксама