Каханне [Кніга лірыкі] [Раіса Баравікова] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

class="stanza">
Нямілым свет? —
і лотаці, і дрэў,
дзе ўсё цвіло, то раптам адцвітала,
бо я цябе яшчэ тады кахала,
калі пра гэта думаць ты не смеў.
Танюткай вольхі выгінасты ствол
гайдаецца, бы сто ражкоў зайграла...
Толькі тады і бачна хараство,
калі душа адценні ўсе ўвабрала.

МАЗУРКА


Адкуль тут мазурка Шарэна?
Галіны да шклін падплылі.
Я вам абяцаю напэўна
вярнуцца сюды хоць калі...
У кожным садку Беларусі
сягоння пазёмка ў гасцях,
раскладваць гады не бяруся,
ды ў нейкім — шчаслівы працяг
начы, дзе блукае Спягурка...
Я думала, гукі з-пад ліп,
а гэта дыхнула мазурка,—
то смех,
то шаптанне,
то ўсхліп...
Як дзіўна жадаць летуценна
таго, што яшчэ не прайшло,
я знікну надоўга, а ў сценах
запыніцца сэрца цяпло...
Апрануты ў белыя буркі
ўсе дрэвы, і кружыцца снег,
надхоплены шалам мазуркі,—
то ўсхліп,
то шаптанне,
то смех...

* * *


Здзіўляемся загадцы Баальбека
і некалі загадкай станем самі,
час замяце крылатымі вякамі
імгненне,
што завецца нашым векам.
Парушацца глыбокіх нетраў дахі,
тысячагоддзяў расхінецца полаг,
адкрые нас дасужы археолаг,
адкрыўшы нашых збудаванняў гмахі.
I будзе зачароўваць рамяство
майстроў, чые пагубяцца імёны,
і вершы нашы будуць, як пісьмёны,
што тояць дум высокіх хараство.
Стварэння прага ў будучыню кліча,
мой найхарошы, сэрцам не грашы,
хачу заўсёды бачыць за абліччам
мне любым — прыгажосць тваёй душы.

* * *


Бывала, ў ціхае начы
маю пяшчоту разгаворыць,
сам замыкаецца, маўчыць,
нібы канала сэрца ў горы.
Захутвалася ў лёгкі плашч,
а на сцяжынах іней слаўся,
і мне здавалася, што плач
з губ непакорлівых зрываўся.
Вярталіся ў халодны дом,
там сцены дыхалі спакоем,
але пякучай крыўды ком
пужаў прыгнечаным настроем.
Да тых начэй цяпер прыкута
дасюль нязнаным пачуццём,
ён быў тады маёй пакутай,
ён стаў шчаслівым забыццём.

* * *


А дзень на сад святлом пральецца,
сцяжынка згубіцца між траў...
Я ведаю: ён адгукнецца,
ён з'явіцца, калі кахаў...
Бо ці змагла б злятаць так лёгка
язміну квецень на зямлю
і я сярод прыроды вогкай,
як і раней, шаптаць: «Люблю...»

ДЗЕНЬ. ВЕЧАР. РАНІЦА


*
Застыў вясёлым роспісам алей.
Спалох закалыхала слоў калыска.
Стаў пэндзлік непатрэбным...
Як Вы блізка!
Тушуе густа дзень наша д а л е й...
(аддаю ў запісную кніжку юнай
паэтэсе, думаючы аб сваім...)

*
У вокнах вечар гаманлівы згас,
і паглыбела пад паглядам неба.
Папера, стол...
Душа пяе пра Вас,
ды Вам пра гэта
знаць зусім не трэба.

*
А раніца прарвала ліўнем лета
і на паляне ў рост пайшла трава.
За хмарай шызай неба сінява...
Я і такім пачаткам дня сагрэта.
Жыццё — тартак,
пілуе нервы час,
адчай, мана і здрада — пілавінне...
Я не зайздрошчу Вашай палавіне —
жанчыне, што пры Вас не знае Вас.
Затканы ліўнем сцежкі і дамы,
пераспяваць прыроду я не ў сіле,
хоць і ў слабога вырастае крылле
ад думак, што зліліся лёгка ў «Мы»...
Здалося, што па Вашаму загаду
зляцеліся да вокнаў галубы,
і, нібы кліч прызыўнае трубы,
азваўся спеўна гром з-за далягляду.
I ўпершыню баяцца вусны вуснаў.
«Мы...» — выдыхае трапятліва рот...
Жыццё — тартак,
і ўсё — паадварот,