Каменданцкі час для ластавак [Алена Брава] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

няма чаго больш баяцца.

Што ўзломлівае замкі і разрывае ланцугі, трушчыць жалезныя латы рыцараў, бы крохкую шкарплупіну, выпускаючы са змрочных закануркаў падсвядомасці зведаны ў дзяцінстве страх? Вікторыя ведае — што, бо паспытала тое на ўласных сасудах і нервах: падабенства сітуацый, няхай нават зусім непадобных з пункту гледжання нармальнага чалавека (але што гэта — нармальны чалавек? умоўнае дапушчэнне, як адносная атамная маса, не болей). На той падманліва-каварнай ідэнтычнасці ўвесь час рызыкуючы паслізнуцца, якраз як учора дзеці на мокрай сцэне, Вікторыя правальваецца скрозь прагнілыя дошкі гэтага старажытнага позорища, якое ведала яшчэ катурны трагікаў ды лапці Пятрушкі, каменем ляціць яна ў глухі калодзеж пад сцэнай, у суфлёрскі буданчык, у сваё — ці ўжо не сваё — дзяцінства, у агульнае дзяцінства ўсіх нялюбых дзяцей, з цемрадзі якога правальную гульню акцёраў агучвае страх, паступова ператвараючы памост для відовішчаў у месца катавання.

У дзяцінстве Вікторыя часта траціла прытомнасць, бо была кволай, хваравітай дзяўчынкай. Маці, аматарка папарыцца, па суботах цягала яе з сабой у грамадскую лазню, што месцілася на ўскраіне гарадка побач з дзетдомам. “Вось будзеш дрэнна сябе паводзіць — аддам сюды, дзе дзеці з голымі жыватамі пад плотам валяюцца”, — вядома, маці толькі пужала, але дзяўчынка верыла кожнаму яе слову і ўсё спрабавала зазірнуць праз вялізныя шчыліны ў тым плоце, выглядала ў пабурэлых лісцях ці ў снезе голыя брудныя жываты няшчасных дзяцей, а потым старанна цёрла губкай уласны, які пакрываўся ўжо знізу цёмным пушком, праўда, не такім іржава-драцяным, як у цялістых цётак з тлушчавымі складкамі і адвіслымі грудзямі, што мыліся на суседніх лаўках. Ад пары, грукату балей, мільгацення распараных цел ёй рабілася млосна: запацелы, як шкло, калі на яго падыхаць, пакой некуды сплываў, па руках і нагах пачыналі сноўдаць сотні нябачных мурашоў, а сэрца заходзілася ад жахлівай думкі: што будзе, калі яна, ужо намытая да лялечна-ружовага бляску, зараз упадзе туды, дзе сцякае брудная пена, — у дзетдом! яе аддуць у дзетдом!

Толькі б не ўпасці, толькі б не…

Страх рабіў падзенне непазбежным.

Прыходзіла ў сябе яна звычайна на лаўцы прылазніка, у паветры стаяў востры, як лязо, пах нашатыру, а голая распараная маці з па-вядзьмарску ўскудлачанымі валасамі біла яе па шчоках на вачах у такіх жа голых распараных цётак.

Той дзіцячы страх і сорам нечакана ўваскрэслі праз шмат гадоў, калі Вікторыя была ўжо студэнткай, — яны, аказваецца, нікуды і не знікалі, струменіліся сабе паціху ў цёмных цесных куточках цялеснай памяці, без паветра і святла, як брудная вада ў сцёкавых трубах, і вось — знайшлі слабае месца, прарваліся, затапілі нечыстотамі крыштальны палац свядомасці (яшчэ адзін палац культуры, у якім Вікторыя быццам бы дырэктар — у тым вось і справа, што быццам бы!). Яна баялася страціць прытомнасць у час студэнцкіх першамайскіх дэманстрацый: невядома чаму, спякота і скучанасць узбуджанага натоўпу, гарачкавае трызненне чырвоных сцягоў, бразгатанне аркестравай медзі выклікалі ў яе ўспамін — нават не ўспамін, не, неўсвядомленую клеткавую ўзгадку — пра тую грамадскую лазню, дзе яна ўпершыню адчула страх перад падзеннем. Нібыта навакольны свет быў усяго толькі нагрувашчаннем дрэнна прыгнаных адна да адной дэкарацый, за якімі хаваўся іншы, убачаны раз і назаўсёды вачамі спалоханага дзіцяці і населены персанажамі яго кашмараў. І як бы ні злавалася Вікторыя на сябе за тое глупства, яна пачала насіць у сумачцы нашатыр і, каб не ляснуцца раптам пад ногі напаўп’янаму натоўпу, старалася прыладзіцца да шэсця з краю. Гэтыя ўхілісцкія паводзіны не маглі застацца незаўважанымі, і камсорг курса абвінавачваў яе ў ідэйнай няўстойлівасці ды індывідуалізме. Не магла ж яна растлумачыць падцягнутаму, з бездакорным праборам “нітачкай” Лёнечку Валіцкаму, што замест выявы правадыра на чырвоным кумачы ёй мроіцца… нават вымавіць сорамна — распаранае ў лазні голае цела. Тут патыхала ўжо не “ідэйнай няўстойлівасцю”, а вылетам з інстытута. І яна цягнулася на дэманстрацыі, каб адпрэчыць несправядлівыя абвінавачанні, але перш за ўсё даказаць сабе, што яна — дужая і валодае сабой, — так, яна была сапраўднай камсамолкай, яна прыкрыквала на сваё цела жорстка і рэзка, а яно ў адказ, нібыта сабатажнік-“белы-каўнерык”, рэагавала галавакружэннем, халодным потам, здрадніцкім болем у сэрцы, а галоўнае — гэтым ганебным, бязглуздым страхам! І ўсё ж з плошчы Леніна, дзе дэманстранты “зліваліся ў адзіным парыве”, яна звычайна баязліва збягала, стараючыся не трапіць на вочы камсамольскім камітэтчыкам. А ўвечары, ад злосці на дурнога дзіцёнка, што сядзеў у ёй, у пакаранне яму, замест парка Горкага, куды скіроўваліся святочна апранутыя сяброўкі, нацягвала кеды і адмахвала, як некалі ў школе, для выхавання волі, сем кругоў вакол стадыёна.

Так, з воляй у яе ўсё было добра, толькі вось, як высветлілася, ёсць рэчы, волі ды розуму