Тут [Леанід Дранько-Майсюк] (fb2) читать постранично, страница - 43


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

і, дзякуй богу, пакуль застаюцца свае ўяўленні пра лінію, форму, аб'ём.

Паміж чалавекам і прыродай — чыстае паветра мастацтва. Віно чалавечых пачуццяў яно заўсёды захоўвае ў геаметрычным посудзе.

Мастацтва не тое каб з парога адпрэчыла матэматыку. Якраз наадварот — запрасіла ў свой хорам, дало месца на покуці. I так здарылася толькі таму, што свечку мастацтва запаліў чалавек, а не прырода...

Выдыхнутае прыродай, чалавечае цела — антыгеаметрычнае. Геаметрычны — чалавечы дух. Ён стварае геаметрыю. Будуе, напрыклад, дом — вобраз ідэальнай геаметрыі...

Ад землятрусу ці агню дом разбураецца, губляе матэматычны парадак сваіх формаў. Утвараецца частка знявечанай прыроды.

Чалавек вяртаецца да разбуранага і гэтай «частцы прыроды» зноў надае геаметрычныя рысы. А пасля зноў можа здарыцца тое самае — вялікая прырода пераможа малую геаметрыю.

Шлях ад стыхіі (прыроды) да гармоніі (геаметрыі) — шлях чалавечага духу.

Пра гэты шлях у кожнага сваё ўяўленне.

У доктара Хамерштайна, як у сапраўднага настаўніка — хрысціяніна, яно мела павучальны сэнс: удумлівае чытанне Бібліі прыводзіць да гармоніі, таму кожны чалавек у хрысціянскім свеце дзеля свае ж карысці павінен стаць удумлівым чытачом Бібліі, самай чалавечнай кнігі ў гэтым жыцці. Біблія чалавечная таму, што адказвае на ўсе пытанні... Доктар Хамерштайн скардзіўся — Біблію мы чытаем павярхоўна, а то й зусім не чытаем — і гэта наша бяда...

Пра мяне, свайго госця, доктар Хамерштайн клапаціўся не як гаспадар, а менавіта як настаўнік. Рабіў ен гэта з нейкай незразумелай мне далікатнаю сілай, нібы прадчуваў маю думку, што ўсё далікатнае надакучыць не можа. Былы дырэктар евангелічнай акадэміі, ён паходзіў з тых педагогаў-прапаведнікаў, у якіх не бывае благіх вучняў. У ім жыла не будзённая абачлівасць, згодна якой — размаўляй з чужым ласкава, і ўсё будзе добра. У ім жыла святочная неабходнасць быць ласкавым з кожным...

Нарэшце ты пачынаеш заўважаць на Лапсштрасэ іншыя колеры. Вочы ажываюць, яны бачаць гарызантальную глыбіню вуліцы. Твая самота робіцца змястоўнай.

Ты абыдзешся без перакладчыка, бо не збіраешся распытваць берлінцаў пра Берлін. Ты збіраешся проста глядзець, глядзець уважліва. I таму ты заўважаеш дэкаратыўную падкову на радыятары «мерседэса», прымацаваную, вядома ж, на шчасце, і адзначаеш, што роўная, як напяты шнур, дарожка для ровараў, дбайна ўмуравана ў тратуар. Настолькі дбайна, што хвілінай здаецца — яна не ўмураваная, а прышытая нейкай адмысловай, вядомай толькі немцам, ніткаю...

Калі б на тваім шляху лёг камень з надпісам «Палітычныя праблемы» — ты не прыпыніўся б каля яго. Усё тое. у чым няма хараства — не тваё. Ты ненавідзіш нават само гэтае слова — п р а б л е м а, фізічна адчуваеш на яго ўкамянелым старагрэчаскім корані мёртвую глебу.

Відаць жа, з гэтае самае прычыны цябе не цікавіць і славутая праблема «берлінскай сцяны», якую летуценнікі ад заходняй палітыкі хочуць засыпаць зямлёй і засеяць кветкамі.

Ты хаваешся ад газетных і негазетных чутак, хоць ад іх схавацца цяжка, бо яны — скрозь і вітрынна паўстаюць перад табой, бліскаюць зваблівымі агнямі — у Заходнім Берліне на кожнага чалавека ёсць пакой... узровень нараджальнасці вышэйшы за ўзровень смертнасці... каля рэйхстага захоўваецца будынак былога латвійскага пасольства... Заходні Берлін — другі пасля Стамбула горад свету па колькасці турак... занядбаныя памяшканні туркі ператвараюць у мячэці... евангелічная царква выступае за рэлігійную талерантнасць і не імкнецца ператварыць му-сульман у хрысціян...

Ты прадзіраешся праз голую турыстычную інфармацыю, як праз дзікі гушчар малінніку — і соладка, а не цікава. Ты не хочаш слухаць, хочаш проста глядзець...

«Берлін надаўся мне горадам падлеткаў, якім кагадзе падаравалі цесакі і каскі, кавенькі і люлькі, сапраўдныя ровары і, як на дарослых людзей, сурдуты. Я заспеў іх на першым выхадзе, яны яшчэ не прызвычаіліся да перамен, і кожны ганарыўся тым, што яму ўчора выпала займець»,— гэтыя словы на дванаццатым годзе нашага стагоддзя вышэптваў малады Пастарнак.

То было дзяцінства стагоддзя, а цяпер тая самая лічба 12 фатальнаю зоркай узышла над яго старой галавой. Праз дванаццаць год. само сябе паклаўшы ў труну архіўнай памяці, стагоддзе памрэ...

У Заходнім Берліне (ва Усходнім таксама) ты не ўбачыў падлеткаў з каскамі на галаве, з кавенькамі і люлькамі ў руках, апранутых у вялізныя, не па росце колішнія сурдуты.

Юны філосаф Пастарнак глядзеў на горад узнёсла — з вышыні «птушынага палёту». Праз метафарычнае мроіва і сталыя людзі маглі яму здацца падлеткамі. З вышыні ўсё здаецца цацачным, нават цесакі і каскі выглядаюць бяскрыўдна, хіба што знарокава тэатральна...

На вышараваных да апошняга каменьчыка вуліцах Заходняга Берліна, якія раніцай пакрытыя шчыльнаю зялёнаю сеткай халадку, а ўвечары падобныя да здымачных пляцовак — табе сустракаліся дзеці, падлеткі, юнакі з тварамі здаровых прагматыкаў і рамантыкаў (ці не класічна тыповы