Паэтаграфічны раман [Леанід Дранько-Майсюк] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

уцякай і не кажы;
Чытай Галчыньскага, і ён паможа
З марознай паліцэйскай стараны
Вясёлае наладзіць падарожжа
У файную фарляндыю вясны...
Неверагоднае чароўна цешыць,
А верагоднае — бліжэй да зла,
Цябе журбота дротам апляла,
Як слаўна часам з дроту выгнуць вершык!
10 сакавіка 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Жыць можна скрозь — у пінсках і баранях,
I ў хельсінках таксама можна жыць,
Калі на вочы цямнага выгнання
Сляза балтыйская бяжыць;
Жыць можна скрозь...
Але найболей трэба
Туды імкнуцца, дзе вада — вада,
Віно — віно, а неба проста неба,
I сэнс бяды не страціла бяда.
7 красавіка 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Пакут няма. Есць успаміны.
I ў кожны спомін-успамін
Сябры з'яўляюцца пустымі
I здраднымі ўсе як адзін.
I ад такой вялікай чэсці
Не знаеш, як ім дагадзіць:
Ці іх на Іматру павезці?
Ці на парог іх не пусціць?
8 красавіка 2000
( «Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Мне пра Усходдзе забыць не даюць,
Толькі прачнуся — паведамляюць
Колькі ядуць там і колькі там п'юць,
Колькі страляюць і дзе забіваюць.
Ты, эмігранцкі пільнуючы хлеб,
Жыць навучыўся ў маўклівым палоне;
Кроў твая руская — волга ды стэп —
У беларускай ніяк не патоне.
25 красавіка 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Да журбы дакранайся, нібы да жалеза;
Языком выцалоўвай марознае шкло,
Разумеючы простае: тое паэзія,
Што ніколі паэзіяй і не было.
Што ні ёсць — усё добра, усё мае рацыю,
I пад каменем кожным гадзючыцца верш...
Ты — паэт камарына-слязлівае нацыі
За здароўе сваё воцат п'еш!
Пі, закладнік сваёй дабрыні з'алкаголенай,
Пі на зайздрасць падонкам, няздарам усім —
Ты застаўся. А ім? Не застацца ніколі ім
Ні паэмай, ні вершам, ні словам жывым;
Пі, усё безназоўнае любячы, помнячы,
Цень Купалы вітаючы прошчай сваёй...
Як цудоўна — паэтам так сумна на поўначы!
Як цудоўна — жалеза лагодзіць журбой!
30 красавіка 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
На Беларусі зоркі,— слёзы Бога...
Яны цякуць у кожную душу.
Ніколі ў гэтых зорак і нічога
Я не прасіў, а сёння папрашу:
Народжаны паэзіяй начною
I створаныя музыкай начной,
Жывіце, зоркі, ярка нада мною,
Да раніцы жывіце нада мной.
I вечнасці надзейныя манеты
Вы не шкадуйце творцам на зямлі,
Каб гэтымі манетамі паэты
Сваё трыванне аплаціць маглі;
Каб здолелі свае прамовіць оды,
Настроіць ліры на высокі лад
У гонар той нябеснае свабоды,
Якою поўны слёзны ваш пагляд.
I каб выгнанніку было нягорка;
I каб яму сярод чужынных зор
Адна свая заўжды свяціла зорка
I клікала сюды, дзе родны двор...
Хаваючыся ў ранішняй магіле,
Вы абяцайце кожнаму і ўсім,
Што вечарам ізноў на небасхіле
Раскінеце бясконцы свой кілім,
2 траўня 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Цыгарэта супакойвае,
Кропля алкаголю
На вясёлы спеў настройвае,
Пазбаўляе болю.
Можна ратавацца вершамі,
Больш нічым... Жыві ў самоце,
Навакол якой — тутэйшыя,
Людзі на балоце...
24 траўня 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, № 32)

* * *
Хай будзе так, як будзе,
А будзе так, як ёсць,—
Таму шануй адлюддзе,
Шчаслівы ягамосць;
З лянотаю цудоўнай
Ляжы, адпачывай,
Уцяміўшы раптоўна:
Дзе ложак — там і рай.
19 ліпеня 2000
(«Літаратура і мастацтва»
11 жніўня 2000, №32)