Жыў роднай песняй [Сяргей Чыгрын] (fb2) читать постранично, страница - 4


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Ленінградскі завод запісаў на пласцінкі ў выкананні беларускай Дзяржаўнай капэлы яго песні “Ліпы старыя” і “Ідуць касцы”.

Трэцяя сустрэча з маім земляком адбылася ў Мінску, дзе праходзілі дні Гродзенскай вобласці. Ішоў заключны канцэрт. Выступалі ўсё новыя і новыя мастацкія калектывы. І вось на сцэне пачаў выступаць хор гродзенскіх настаўнікаў на чале са сваім кіраўніком. І паліліся песні “Люблю наш край” і “Як на свет радзіўся Янка”. Тыя самыя песні, што давялося чуць у дзяцінстве. Было столькі ў зале апладысментаў, што я ніколі больш у сваім жыцці не чуў, каб каму так апладзіравалі…”.

Цёпла і шчыра пра Антона Валынчыка прыгадваў і былы выкладчык беларускай мовы ў малодшых класах Клецкай беларускай гімназіі Аляксей Кішкель. Аб гэтым згадваў у сваіх успамінанах заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун: “Амаль кожны дзень мы (маецца на ўвазе Апанас Цыхун і Аляксей Кішкель — С.Ч.) сустракаліся. Кішкель мне вечарамі расказваў пра Клецкую гімназію. Успамінаў настаўнікаў, у тым ліку і Антона Міхайлавіча Валынчыка. Згадваў, у прыватнасці, як кіраваў той вучнёўскім хорам, якім вялікім аўтарытэтам карыстаўся Валынчык сярод беларускага насельніцтва”.[7]

У 1929 годзе Антон Валынчык развітаўся з калектывам Клецкай беларускай гімназіі і пераехаў у Навагрудак.


Праца ў дзвюх гімназіях


Навагрудская беларуская гімназія, куды пасля Клецка прыехаў працаваць Антон Валынчык, існавала з 1919 да 1934 года. Тэрмін навучання ў гімназіі быў 8 гадоў. У ёй выкладаліся беларуская, польская, французская, лацінская, нямецкая мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусветная гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і іншыя прадметы. У сярэдзіне 1920-х гадоў у гімназіі навучалася каля 250 вучняў. Гімназія існавала на сродкі бацькоў, на ахвяраванні грамадскіх арганізацый, на адлічэнні з заробкаў беларускіх паслоў, за кошт вулічных збораў і г.д.


Беларуская гімназія ў Навагрудку мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, захаванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, павышэнне культурнага ўзроўню, павагі да народных звычаяў і традыцый. У гімназіі дзейнічалі самадзейныя харавы, вакальны, танцавальны, літаратурны, драматычны гурткі, аркестр, спартыўныя секцыі. Вучні выдавалі нават свой часопіс на шапірографе.

Вось там да 1934 года Антон Валынчык выкладаў спевы, а таксама арганізаваў хор і аркестр, бадай ці не самы найлепшы ў Заходняй Беларусі. Пра адзін з канцэртаў у Навагрудскай беларускай гімназіі музыказнаўца Ірэна Здановіч тады пісала: “Праграма была вельмі разнастайная. Разнароднасць песень, пераплеценая з канцэртамі на мандалінах і танцамі, пакінула незнішчальнае ўражанне… Цудоўнай была кампазіцыя Валынчыка “Вечарам”. На гэтую мелодыю я звярнула ўвагу яшчэ намнога раней. Часта, ідучы вечарам да хаты, я з-за муроў беларускай школы слухала выплываючую адтуль сумную, журботную песню глухога вечара, якая раптам ператваралася ў сімфонію птушынага шчэбету, поўуму лісцяў. Спынялася я тады і доўга ўслухоўвалася ў гэтую дзіўную, нязнаную мелодыю”.[8]

Не толькі талент Антона Валынчыка цанілі музыказнаўцы. Напрыклад, выкладчык музыкі і спеваў Навагрудскай польскай дзяржаўнай гімназіі імя Адама Міцкевіча прафесар Лозінскі вельмі часта прыводзіў свае класы ў беларускую гімназію, каб паслухаць рэпетыцыі хору Валынчыка. Дзеці займалі месца на самых апошніх лаўках і ціха сядзелі да канца рэпетыцыі. Прафесар Лозінскі глыбока шанаваў Антона Валынчыка і шчыра пакланяўся яго самабытнаму таленту. А Андрэй Чэмер згадваў: “Кожнаму, хто сустракаўся з Валынчыкам, назаўсёды запомнілася высокая культура і шчырая спагаднасць гэтага чалавека. Яго сонечны характар нагадвае мне дзядзьку Язэпа Драздовіча і Пётру Сергіевіча. Відаць, гэта адметная рыса вялікіх мастацкіх талентаў”.[9]

У чэрвені 1934 года польскія ўлады закрылі Навагрудскую беларускую гімназію. Большасць яе вучняў паехалі працягваць вучобу ў Вільню, а іншыя перайшлі вучыцца ў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Перайшоў на працу ў польскую гімназію і Антон Валынчык. Аб гэты нават са шкадаваннем пісаў часопіс “Шлях моладзі”: “Менш, на жаль, маем вестак аб заслужаным працаўніку для беларускай песьні і кампазытару Антоне Валынчыку, вучыцелю беларускай гімназіі ў Навагрудку. Апрача працы пры вядзеньні хору гімназіяльнага і агульнага, А.Валынчык зьяўляецца аўтарам цэлага раду песьняў на словы беларускіх паэтаў, як Колас, Купала, Жылка і г.д. Выступленьні хору і аркестру А.Валынчыка былі ў сваім часе ў Наваградку сапраўднай мастацкай стравай. Над народнай песьняй А.Валынчык не працуе. Апошнім часам, у зьвязку з зачыненьнем беларускай гімназіі ў Наваградку і пераходам А.Валынчыка ў гімназію польскую там жа, творчасць ягоная на ніве