Бiльярд а палове дзесятай [Генрых Бёль] (fb2) читать постранично, страница - 5


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

людзi — тыя, што з гэткай во штукай за чатыры маркi ў роце шпацыруюць па вулiцы, заходзяць у бюро i выходзяць з яго — як быццам гэта яны смаляць грашовую цыгарку? Што гэта за людзi, якiя памiж снеданнем i абедам пускаюць дымам тры тыднёвыя заробкi майго дзеда i пакiдаюць па сабе такi пах, што старому чалавеку займае дых i ён, не раўнуючы як ганчак, пачынае абнюхваць кожны закутак у кабiнеце свайго сына? Як? Робертаў школьны таварыш? Мiнiстэрскi дарадца, кiраўнiк спраў цi намеснiк мiнiстра; можа, нават мiнiстр? Я яго павiнен ведаць. Iнтарэсы абароны? Зброя?

I раптам вочы ў яго заблiшчалi, быццам з iх упала нейкая заслона: стары ў думках вяртаўся ў першае, трэцяе або шостае дзесяцiгоддзе свайго жыцця, праводзiў у апошнюю дарогу сваiх дзяцей. Каго? Ёганну цi Генрыха? На чыю белую труну кiдаў ён зараз жменьку зямлi i кветкi ўроссып? Цi тыя слёзы, што цяпер стаялi ў яго ўваччу, былi слязьмi з 1909 года, калi ён хаваў сваю Ёганну; цi з 1917 года, калi ён стаяў над Генрыхавай магiлай? А можа, гэта былi слёзы з сорак другога года, калi ён атрымаў паведамленне аб смерцi Оты? Альбо ён плакаў цяпер каля брамы псiхiятрычнай бальнiцы, за якой толькi што знiкла яго жонка? Слёзы, што засцiлi яму вочы, пакуль ад цыгары цягнулiся лёгкiя воблачкi дыму, былi слязьмi з 1894 года; тады ён пахаваў сваю сястру Шарлоту, дзеля якой ён ашчаджаў залатоўкi, каб потым зрабiць лягчэйшым яе жыццё; труна ссоўвалася ў дол на рыпучых вяроўках пад спеў школьнага хору: "Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?"; шчабятанне дзiцячых галасоў залятала ў вокны i ў дзверы гэтага бездакорна абсталяванага бюро, а старэчы голас спяваў тую песню з далечынi мiнулага паўстагоддзя; толькi гэты кастрычнiцкi ранак 1894 года быў сапраўдны: смужнае мроiва над Нiжнiм Рэйнам, палосы туману над бураковымi палеткамi, у вербах крумкаюць варанячыя зграi, нiбы запусныя бразготкi; Леанора ў гэтую хвiлю праводзiла чырвоным «хойсам» па вiльготнай губцы. За трыццаць год перад тым, як яна нарадзiлася, вясковыя дзецi спявалi: "Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?" Яна правяла па губцы зялёным «хойсам». Увага, лiсты да Гохбрэта аплачваюцца паводле тарыфу для мясцовай карэспандэнцыi.

Калi такое находзiла на старога Фэмеля, ён быў падобны да сляпога; Леаноры вельмi хацелася збегаць па кветкi ў краму, купiць яму ладны букет, але яна баялася пакiдаць яго самога. Стары распасцёр рукi ў паветры, яна асцярожна падсунула яму папяльнiчку; ён, iзноў узяўшы цыгару ў рот, зiрнуў на Леанору i прамовiў цiха:

— Hе думай, дзiцятка, што я з'ехаў з глузду.

Леанора любiла яго. Ён часцяком заходзiў па яе ў бюро, прасiў злiтавацца з яго бухгалтэрыi, што нядбайна вялася там, на другiм баку вулiцы, высока над друкарняй, дзе ён кватараваў у "атэлье сваёй маладосцi"; стары Фэмель яшчэ захоўваў дакументы, якiя рэвiзавалi падаткавыя агенты, чые магiлы былi забытыя, перш чым яна навучылася пiсаць; акцыi ў ангельскiх фунтах, у доларах, пакеты на плантацыi ў Сальвадоры; там, уверсе, Леанора корпалася ў запыленых рахунках, расшыфроўвала запiсаныя ад рукi выняткi з рахункаў у даўно лiквiдаваных банках, чытала тэстаманты, дзе ён завяшчаў грошы альбо маёмасць сваiм дзецям — тым, каго ён перажыў на сорак гадоў. "Сыну майму Генрыху аддаю ў неабмежаванае карыстанне абедзве сядзiбы з зямлёю, Штэлiнгер Гротэ i Гёрлiнгер Штуль — бо прыкмецiў у iм тыя спакой i радасць, якiя надае яму бачанне развiцця тых рэчаў, што мне здаюцца неабходным варункам жыцця гаспадара на зямлi…"

— Тут, — ускрыкнуў стары, узмахнуўшы цыгараю, — тут я дыктаваў тэстамант майму цесцю, увечары, напярэдаднi таго, як я адыходзiў у войска. Я дыктаваў, а мой хлопчык тады спаў наверсе; назаўтра ўранку ён яшчэ праводзiў мяне на вакзал… пацалаваў мне ў шчаку — вуснамi сямiгадовага дзiцяцi, але нiхто, чуеш, Леанора, нiхто не прыняў маiх дарункаў: усё вярнулася да мяне — маёнткi i рахункi ў банках, працэнты з рэнтаў i падаткаў. Я нiводнага разу не змог чаго-небудзь ахвяраваць; толькi мая жонка магла рабiць гэта, i яе дарункi прымалiся — але калi я ўночы ляжаў каля яе, я не раз чуў, як яна нешта мармытала: доўга, лагодна сплываў, як вада, шэпт: "навошта-навошта-навошта…"

I зноў плакаў стары чалавек, цяпер у вайсковай форме, капiтан сапёрных войскаў у запасе, радца Генрых Фэмель; адпушчаны на некалькi дзён дадому ў сувязi са смерцю сямiгадовага сына; Кiльбава фамiльнае гробiшча прыняло белую дамоўку: цёмны, вiльготны мур i свежыя, нiбы сонечныя прамянi, лiчбы, год смерцi 1917-ты. Роберт, у чорным аксамiтавым касцюмчыку, чакаў на вулiцы ў карэце…

У Леаноры выпала з рук марка, гэтым разам фiялетавая; у яе не ставала адвагi наклеiць яе зараз на лiст да Шрыта; конi, запрэжаныя ў карэту, пырхалi ад нецярплiвасцi перад могiлкавай брамаю, а двухгадоваму Роберту Фэмелю было дазволена патрымацца за лейцы: чорная скура, патрэсканая па краях, i свежае золата лiчбаў, што зiхцела ярчэй ад сонечных прамянёў…

— Чым ён займаецца, што робiць мой сын — адзiны, якi застаўся ў мяне, Леанора? Што ён робiць у гатэлi "Прынц Генрых" шторанiцы, з паловы дзесятай да адзiнаццацi… яму было дазволена зблiзку паглядзець, як