Лота [Астрыд Ліндгрэн] (fb2) читать постранично, страница - 16


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Мiсiс Берг прынесла ёй сёе-тое паесцi, i Лота падняла ўсё наверх у кошыку. Там зноў былi аранжад, дзве саломiнкi i халодны кавалак смажанай свiнiны.

— Так жа добра, як i ў Мартэнсанаў, — сказала Лота i прапанавала Бэмсi трошкi адкусiць.

Калi яна паела, вырашыла зноў выцерцi пыл. Потым яна падышла да акна i назiрала за Мартэнсанамi ў iх двары. Джонас i Марыя гулялi ў кракет з татам. Яблынi былi ў квеценi i выглядалi нiбы вялiкiя букеты кветак. Вiд быў цудоўны.

— Кракет — гэта смешна, — сказала Лота Бэмсi. — Але ж гэта не так цiкава, як даглядаць за домам.

Пачало цямнець, i тата, Джонас i Марыя пайшлi ў свой цёплы жоўты дом. Лота ўздыхнула. Пакуль яна выглядала з акна ў пакойчыку пад дахам мiсiс Берг, здарылася такое, чаго Лота нiяк не чакала. Стала цёмна. Цемра ўладкавалася ва ўсiх куточках, усё блiжэй падкрадвалася да Лоты i неўзабаве запоўнiла ўвесь пакой. Заставалася толькi адзiная светлая пляма ў тым месцы, дзе было акно.

— Мы лепш пойдзем спаць, Бэмсi. Неўзабаве мы зусiм нiчога не ўбачым, сказала Лота.

Яна хуценька паклала Вiолу Лу ў яе ложак, а Бэмсi ўзяла з сабой. Скруцiўшыся абаранкам, яна нацягнула коўдру на галаву. Яе перапаўнялi думкi: "Гэта не таму, што я баюся цемры, гэта ад таго, што вельмi сумна. Акрамя ўсяго, я хачу спаць". Лота глыбока ўздыхнула. Некалькi разоў яна садзiлася ў ложку i глядзела ў цемру. Потым яна здрыганулася, зноў запаўзла пад коўдру, прыцiскаючы Бэмсi ўсё блiжэй i блiжэй да сябе.

— Джонас i Марыя, напэўна, таксама леглi спаць, — сказала дзяўчынка ў цемру. — А мама i тата прыйдуць да iх, каб пажадаць iм добрай ночы. Але толькi не мне... — Яна зноў уздыхнула, i гэта быў адзiны гук у пакоi.

"Нельга, каб было так цiха", — падумала Лота. I яна пачала спяваць сваю песню зноў:

Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,

Ноч маўчыць...

Лота спынiлася. Яе голас дрыжаў. Яна пачала зноў:

Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,

Ноч маўчыць,

I вельмi-вельмi цёмна...

Лота не магла больш спяваць. Яна пачала ўсхлiпваць. У гэты момант да яе вушэй данеслiся нейкiя гукi. Гэта тата падымаўся па лесвiцы i спяваў:

Запалю агеньчык жоўты мой,

Завуркоча кот: "Iдзi дамоў!"

Лота села ў ложку.

— Тата, калi б у мяне быў коцiк! — усклiкнула яна.

Тата ўзяў Лоту на рукi.

— Ведаеш, Лота, мама такая сумная. Можа, лепш табе вярнуцца да каляд?

— Я хачу вярнуцца зараз жа, — адказала Лота.

Тата ўзяў Лоту i Бэмсi i панёс iх дадому.

— Лота вярнулася дадому! — крыкнуў тата, калi яны ўвайшлi ў дом.

Мама сядзела перад камiнам у гасцiнай. Яна працягнула рукi да Лоты i ўсмiхнулася:

— Сапраўды? Ты сапраўды вярнулася дадому, Лота?

Лота кiнулася ў матчыны рукi i заплакала так горка, што слёзы пакацiлiся па яе твары.

— Я збiраюся жыць з табой усё жыццё, мама, — усхлiпвала яна.

— Гэта цудоўна! — сказала мама.

Лота скруцiлася клубочкам у мацi на каленях i доўгi час нiчога не гаварыла.

— Мама, зараз у мяне новы свiтэр. Мiсiс Берг дала яго мне. Гэта добра? праз слёзы спытала яна.

Мама нiчога не адказала. Яна толькi лагодна глядзела на Лоту.

Апусцiўшы вочы, Лота прамармытала:

— Я парэзала свой на кавалачкi. Я хачу сказаць, што прашу прабачэння, але так цяжка зрабiць гэта.

— А што, калi я таксама папрашу прабачэння? — спытала мама.

— Тады мы можам сказаць, што мы абедзве просiм прабачэння, — адказала Лота.

Дзяўчынка абняла мацi за шыю i прыцiснулася да яе так моцна, як толькi магла.

— Я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, — паўтарала яна.

Потым мама ўзяла Лоту i Бэмсi на рукi i аднесла iх у дзiцячы пакой, паклала ва ўтульны ложак з чыстымi прасцiнамi, ружовай коўдрай. Тата падняўся наверх таксама, i яны з мамай пацалавалi Лоту i пажадалi ёй добрай ночы.

— Якiя яны добрыя, — сказала Лота Бэмсi, калi яны пайшлi ўнiз.

Джонас i Марыя спалi, але Джонас прачнуўся, каб сказаць:

— Я так i ведаў, што ты пабаiшся застацца там усю ноч.

— Я вырашыла застацца там толькi на дзень, гуляць i весцi сваю гаспадарку, вось так! — сказала Лота. — А калi ты i Марыя паб'еце Бэмсi яшчэ раз, я вам пакажу!

— Бiць Бэмсi? Мы нiколi не чапалi твайго свiнячага мядзведзя. — Джонас засмяяўся i заснуў.

Лота некаторы час не спала, таму што спявала сваю песеньку:

Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,

Ноч маўчыць,

I вельмi-вельмi цёмна,

Запалю агеньчык жоўты мой,

Завуркоча кот: "Iдзi дамоў!"

— Гэта песенька больш не пра мяне. Яна пра iншую Лоту, — сказала Лота Бэмсi, моцна абняла яго i заснула.


--">