Французская навела XX стагоддзя [Веркор] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

галаве. Няшчасны дарма прыслухоўваўся да перапляцення загадкавых гукаў. Ён не ведаў, чаго б яму хацелася болей: каб усе гэтыя людзі сціхлі ці, наадварот, — каб іх перастук перарос у аглушальны грукат, ад якога скаланаліся б сцены. Ён нагадваў таго, хто, не ведаючы азбукі Морзе, імкнецца пачуць у навушніках сігналы караблёў, што згубіліся ў моры. Ён сашчэпліваў зубы, заплюшчваў вочы, але быў няздольны заткнуць вушы. Відаць, пачыналася гарачка. Калі яна будзе досыць вялікая, яго могуць пакласці ў лазарэт. Але на гэта не трэба надта разлічваць. Ад такой гарачкі не паміраюць. Звон у вушах. І зноў, і зноў гэты глухі, упарты, настойлівы перастук. Божа мой, пра што ўсе яны гавораць? Ноч была невыносна задушлівая. «Я нічога ім не сказаў... я нічога ім не сказаў...» Па ім поўзалі мухі, тоўстыя і шумлівыя. Калі яны прабягалі па карку, вязень перасмыкаўся, як конь у аглоблях. Сверб на жываце было немагчыма больш трываць. Вязень паспрабаваў пачухацца аб матрац, але адно развярэдзіў боль у паясніцы. Гарачка. «Я нічога ім не сказаў...» Гэтая магічная фраза страціла сваю заспакаяльную сілу. Ён паўтараў яе механічна, без ніякай карысці. «Я нічога ім...» Пад павекамі паплылі каляровыя плямы, успыхвалі і адразу тухлі, невыразныя абрысы... статак качак у чароце... Сон упаў, як сетка на паляўнічую здабычу.

Яго пабудзіў невыразны шум, перамяшаны з ізноў расцвеленым болем. Была ўсё яшчэ ноч. Але на ўзроўні вачэй нешта варушылася, захінаючы дрыготкае святло ад наглядчыкавага ліхтарыка. Апошнія словы патанулі ў цемры, грукнулі дзверы. У камеры нехта застаўся! Вязень адчуў, як побач прайшлі дзве калашыны. Нехта варушыўся. Спатыкаўся нават. Куды ўжо ён улез, гэты цяльпук? Было чуваць, як ён дыхае. «Што такое?» Хто з іх сказаў: «Што такое?»

Пэўны час яны вывучалі адзін аднаго. Калі першы вязень уцяміў, што яму ў кампанію падсадзілі таварыша, ён адразу падумаў пра абарону.

Качка! Гэта, відаць, падсадная качка. Безумоўна! «Я нічога яму не скажу», — падумаў ён, і яго раз'ятраныя раны нібы ўмацавалі ў ім гэтую ўпэўненасць. Ён застагнаў. Другі азваўся з цемры: «Нічога, нічога... А ў вас тут зусім няблага! Дазвольце назвацца? Калье, Жазэф Калье...»

Дзівак нейкі, напэўна. Але цікава, як ён выглядае — малы ці высокі, худы ці тоўсты? Ва ўсякім выпадку — качка. Праўда, наконт парашы ён прыйшоў своечасова. І наконт вады — таксама: ён знайшоў місу навобмацак, паднёс да яго губ. «Ды ў вас гарачка, прыяцелю...» Было неяк дзіўна адчуваць у цемры гэтыя рукі без твару.

Што яны абодва падумалі раніцай, калі агледзелі адзін аднаго? Гэтая змрочная камера, бруд, збіты, змэнчаны чалавек з рукамі ў кайданах за спінай адкрывалі новаму вязню ўсю мізэрнасць становішча, у якім ён апынуўся. Першы вязень прыўзняўся на адным баку і пільна глядзеў на няпрошанага госця — на качку. Нейкі нязграбны дзяцюк, хударлявы, асабліва ў гэтым зашырокім адзенні, і вочы дзівотныя, далібог, нейкі пацук... Уражанне ён выклікаў даволі кепскае. І калі глядзеў на чалавека на матрацы, вусны ў яго дрыжалі. Усю ноч яму давялося спаць на падлозе.

— Яны вас збілі? — сказаў ён.

— Здаецца! — адказаў першы.

Яны яшчэ не паспелі як след прызвычаіцца адзін да аднаго, як дзверы зноў адчынілся і да іх далучылі трэцяга. Гэта быў здаравенны бамбіза з чорнай конскаю грывай, што расла клінам з сярэдзіны лоба. Цяпер у абодвух узнікла аднолькавая думка: ужо гэты — пэўна качка!

Седзячы ўтрох у гэтым смуродлівым катуху, не надта раздольным нават і аднаму, яны вымушаны былі класціся адпачываць па чарзе. І тут было даволі цяжка аспрэчваць права на матрац у першага — з яго ранамі і заламанымі за спіну рукамі. Самы гаваркі быў Жазэф Калье. Першы ж адно сціскаў зубы: ці то ад болю, ці ад таго, што лічыў за лепшае адкусіць язык, ніж сказаць хоць слова. Бамбіза ўвесь час паўтараў, што трапіў сюды праз памылку. Яго звалі Дзюпаншэль. Мухі павесялелі — цяпер у іх стайні было ажно тры кані.

— Ну і смярдзіць жа тут, — казаў Жазэф, — проста жах, як смярдзіць!

«Праз памылку? Якую такую памылку? Калі ты патрыёт, памылкі быць немагчыма».

У такім месцы, як гэта, хутка страчваеш лік дням і начам. Міса ледзь цёплай вады, якую яны называюць «суп», кавалак хлеба, што трэба расцягваць аж на два дні, прыборка парашы — усё гэта не надта займае час. Але патроху размова наладзілася. Хоць усё па-ранейшаму гаварылася с асцярогай: праз качку. Жазэф быў электрык, Дзюпаншэль — памагаты ў мясніка. У першага вязня не ўдалося выведаць нават гэтага. Гаварыў ён, як пан. Але было нават смешна ўявіць, каб гэты нябога з абдзертаю скураю, аблеплены мухамі, мог быць на волі панам. Гэта быў светлы шатэн, гадоў каля сарака. Тонкія вусны, таўсматая шыя. Ён аброс нейкай плямістай, пярэстаю барадой. Гэтым ранкам з яго знялі наручнікі. Відаць, на пэўны час яны пакінулі надзею нешта з яго выцягнуць.

Такую надзею былі вымушаны пакінуць і Жазэф з Дзюпаншэлем, бо першы адно паціраў свае набраклыя запясці і з лютым выглядам паўтараў: «Я нічога ім не сказаў... я нічога ім не сказаў...» Сваім суседзям па