Стрыечница. Прытча пра жука-чарнацёлку. Пакупнік сноў [Юры Станкевіч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

па-жаночы.

— Я прыехаў сюды не за тым, каб высвятляць гэта ці спрачацца з табой, а каб вярнуць цябе дадому. Дома лепш, чым на чужыне. Мне гэта добра вядома.

Аня зацята маўчала.

— Я хачу пагаварыць з людзьмі, у якіх ты пражываеш і працуеш, выхоўваючы іх дзяцей, — сказаў Зміцер. — Хто яны?

— Ды якая табе розніца?

— Ты мне не чужая, і вось зараз, прыкладам, я адказны за цябе. Хочаш ты гэтага ці не.

— Як я, на тваю думку, вярнуся дадому? З мяне пачнуць кпіць, скажуць, што я ні на што не вартая. Што я няздара.

— Тым не менш ты павінна вярнуцца назад, выйсці замуж і нарадзіць дзяцей. Азірніся вакол сябе хоць бы ў гэтым кафэ. Што тут добрага? Хіба не агідныя табе людзі, якія віруюць за столікамі? А насмактаўшыся, як камары, пачнуць рабіць адно аднаму гадасці?

— Ну не ўсе ж кафэ такія. Не ўсе людзі агідныя.

Маўчалі, пакуль іх бакалы з віном апусцелі, а ежа знікла.

— Урэшце, я не хачу з табой сварыцца, — падводзячы вынік, сказаў Зміцер Дашкевіч і паклікаў афіцыянтку, каб расплаціцца.

Яны выйшлі з кафэ і апынуліся на ходніках, ад якіх зыходзіла задушлівая гарачыня. Над горадам, над даляглядам яшчэ вісела сонца. Было спякотна.

— Раю падумаць пра наш ад’езд да заўтрашняга дня, — прапанаваў Зміцер Дашкевіч стрыечніцы. — А пакуль я цябе праводжу да твайго жытла і, калі ты не супраць, пазнаёмлюся з тваімі, так бы мовіць, працадаўцамі. Да вечара яшчэ шмат часу.

Адразу адчуў, як наструнілася Аня.

— Я дайду сама, — рашуча адхіліла яна братаву прапанову. — І… абяцаю табе падумаць, а заўтра дам адказ. Дарэчы, ты не забыўся, у якім баку твая гасцініца?

* * *
Як і раней, Зміцер Дашкевіч, крыху счакаўшы, асцярожна, хаваючыся за прахожымі, пакрочыў за сястрой. Але той, пэўна, аніяк не прыходзіла ў галаву, што за ёй могуць сачыць. Падумаўшы пра гэта, адчуў пэўную няёмкасць. «І ўсё-такі, — падсумаваў, — я прыехаў сюды здалёк, каб даведацца пра ўсё і выканаць свой сваяцкі абавязак, нягледзячы ні на якія маральныя адхіленні. Хіба што так яно і павінна быць».

Стрыечніца Аня спяшалася. Вуліца, па якой яна крочыла, была ўсё тая ж: з урослымі з бакоў у асфальт пяціпавярховікамі, неахайнымі прыватнымі крамкамі, пэўна, адчыненымі ў апошні пасляперабудовачны час, ды старымі, магчыма, пасляваеннымі будынкамі: двух- і чатырохпавярховікамі. Некаторыя з іх былі абнесеныя агароджай. Менавіта да аднаго з іх, які ён ужо пазнаў, ішла Аня.

Пабачыў, як стрыечная сястра знікла ў доме, і задумаўся пра тое, што яму рабіць далей. Неасэнсаваныя падазрэнні не пакідалі. Што гэта за дом? Хто там жыве, працуе і якой дзейнасцю займаецца? Чаму па двое, па трое маладых людзей, прыпаркаваўшы свае іншамаркі, знікаюць за дзвярыма, прычым некаторыя з іх, як заўважыў, на падпітку?

Зміцер Дашкевіч прайшоў крыху далей па другім баку вуліцы і спыніўся перад адным з пад’ездаў пяціпавярховай «хрушчоўкі». Чакаў нядоўга. З пад’езда нетаропка выйшла жанчына яўна пенсійнага ўзросту, з пекінесам на ланцужку. Сабака аж заходзіўся ад жадання кудысьці бегчы. На галаве жанчыны быў капялюшык ад сонца, а на вачах цёмныя акуляры.

— Паслухайце, — адразу спытаў яе Дашкевіч. — Вы не падкажаце, што знаходзіцца ў тым доме? — І кіўнуў убок двухпавярховага будынка, за агароджай якога знікла Аня.

На вуснах жанчыны з’явілася нешта накшталт саркастычнай усмешкі.

— А вы хіба не ведаеце? Масажны салон.

— А канкрэтна? Па-мойму, вы нешта недагаворваеце. Скажу вам праўду: мая сястра кажа, што ўладкавалася сюды на працу, — вучыць дзяцей. Я прыйшоў даведацца. Тут нешта не тое.

— А вы б спыталі ў яе, што там за праца, — у голасе жанчыны адчувалася ўжо і жаданне пазласловіць. Вы аповесць Купрына «Яма» чыталі? Дык вось тут такая ж самая яма. Не будзьце наіўным.

Сабака ўжо цягнуў жанчыну прэч. Зміцер Дашкевіч машынальна падзякаваў і… скіраваў назад, да дома.

Ён ужо не раздумваў, што рабіць. Але спачатку трэба было ўпэўніцца на свае вочы, чаму стрыечніца менавіта тут, і прымаць нейкае рашэнне.

Разняволеным крокам мінуў брамку, прайшоў па асфальтавай дарожцы і націснуў на ручку дзвярэй.

Коратка стрыжаны мацак, які сядзеў у холе і размаўляў па радыётэлефоне, слізнуў па ім вачыма і запаволена падняўся насустрач.

— Вы хто такі? У нас па запісу.

— Кліент, — знарок туманна адказаў Змітрок Дашкевіч.

— Нешта я вас не памятаю.

— За «вертухая» тут? — наблізіў яго да канкрэтыкі Змітрок Дашкевіч і дадаў: — Я прайду.

— Вам да каго? — крыху пацішэў мацак.

— Да Ані.

— Якой? Тут у нас іх некалькі.

— Да «бульбашкі».

— А-а, у яе ж быццам сёння вольны дзень.

— Дамова ў нас. Ды што ты парышся, братан? — перайшоў на «ты» Зміцер Дашкевіч. — Каго прэсуеш?

— Ну, згода, знялі тэму. Праходзь, — мацак, у якога якраз засігналіў мабільнік, вярнуўся ў крэсла.

Зміцер Дашкевіч адразу ўзняўся на другі паверх і апынуўся ў доўгім калідоры, па баках якога месціліся пакоі з нумарамі на дзвярах і раз-пораз узнікалі чыесьці нетаропкія постаці. Нейкая