Ноч [Вiктар Марцiновiч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

чакаў гэтай размовы, а цяпер усе словы памарозіла лістападам разгубленасці. Вось тут я мог бы і папрасіць прабачэння. Зноўку.

— Зачытаць табе парачку? — нарэшце прапанавала яна. Я гэтага не чакаў. — І чаму ты не завядзеш сабе твітар? — звыкла пажартаваў у адказ я. — Якая цана афарызму, які ведае ўвесь інтэрнэт? З аздобы мудрасці ён пераўтвараецца ў прыкмету падключанасці. — Раней ты рэагавала інакш: “Бо мне не шэсцьдзясят гадоў”. — Ну то глядзі, з гімалайскіх зацемак: “У гарах неабавязкова ісці, каб пейзаж змяняўся, усё робяць сонца і вецер”, — я прамаўчаў, бо мяне не ўразіла. Суразмоўца сарамліва хмыкнула і працягнула: — “Усе шчаслівыя сем’і нешчаслівыя аднолькава, кожная нешчаслівая сям’я адметная сваім шчасцем”, — гэта мне спадабалася, але, з улікам нашых стасункаў, я палічыў, што лепш праглынуць ухвалу.

На тым канцы пачуўся новы дзіўны гук, падобны да аддаленага віскату. Герда, пачуўшы яго, выскалілася, нібы збіралася завыць.

— Што гэта? — насцярожыўся я. — Дзіўна, — у голасе з’явілася трывога, — сабакі завылі. Усе сабакі пасёлка. Нібы нехта загад аддаў. — Так бывае. Сабакі зазвычай падхопліваюць выццё. Адзін пачне — іншыя ўслед. — І вось яшчэ не магу зразумець. Згодна з гадзіннікам, сонца дзесяць хвілін як устаць мусіць. А тут нават неба яшчэ не шэрае. — Ты памылілася ў разліках. Альбо гадзіннік сінхранізаваўся з якой-небудзь трасцай і адскочыў на гадзіну назад. Бывае. Калі ёсць у космасе варты даверу расклад, гэта графік світанкаў і надвячоркаў.

Голас паспакайнеў:

— Мабыць, сапраўды, усё ў парадку. Бо толькі што ўсе агні ўнізе, ля возера, згаслі. Там велізарны горад. І ён ахінуўся цемрай. І вецер знік. Мабыць, так заўжды перад світаннем. Эканомяць энергію. — Аўтаматыка ў іх, хутчэй за ўсё. У нас, у Мінску, гэтаксама. Перш чым сонца выйдзе, ліхтары згасаюць.

Сабакі працягвалі істэрычна скуголіць. Герда неспакойна ўзіралася ў мой твар. У галаве мільганула новая, не з мірных часоў, думка, што калі на тым канцы размовы нешта здарыцца, я ніяк — ну проста зусім — не здолею дапамагчы. Але што магло здарыцца? Яна ў Непале, а не ў Афганістане. І нават тое, што ў Мінску звычайна спачатку святлела, і толькі потым аўтаматыка адключала ліхтары, не мусіць турбаваць. Хто яго ведае, якія алгарытмы энергазахавання ў Гімалаях.

—Нешта і на агляднай пляцоўцы тут святло знікла, — спакойна зазначыў голас. — А ў кітайцаў нарэшце здох тэлефон, з якога яны папсу слухалі. Ціша і вусціш. Але яны ўсё адно спрабуюць спяваць. Пра Google Homo чытаў?

Адказаць я не паспеў, бо сувязь перарвалася. А за колькі секунд святло знікла і ў маім пакоі. За акном апанавала цемра — ліхтары праспекта, што праглядаў праз галіны далёкіх таполяў, як і вокны навакольных пяціпавярховак, перакінуліся ў змрок. Я ўзважыў у галаве маштабы блэкаўту, які адначасова здарыўся б і ў непальскіх Гімалаях, і ў не самай простай для жыцця сталіцы, ды адкінуў магчымасць узаемасувязі як анекдатычную. Супадзенне, звычайнае супадзенне.

Шэрань на шкле з боку вуліцы ўтварыла вастракутны малюнак, падобны да ліста явара. Раней, без цемры з абодвух бакоў, ён гэтак не кідаўся ў вочы. Я выйшаў на прапахлую вільготнай анучай лесвічную пляцоўку праверыць пробкі, але аднавіць падачу электрычнасці мне не ўдалося, як я ні клацаў выключальнікамі. Ні ў той вечар, ні калі-небудзь яшчэ.

І, калі пералічваць агідныя мне рэчы свету, што скончыўся з начной тэлефоннай размовай, дык узначаляць спіс тэксты, напісаныя жывымі людзьмі, логіка і стылістыка якіх не адрозніваецца ад мовы робатаў.

Інтэрнэт у яблычніку знік, але сама прылада працавала яшчэ сем гадзін. У іх заўсёды былі добрыя батарэі. На жаль, ніхто ў першыя моманты блэкаўту не зразумеў, наколькі каштоўнай была кожная секунда гэтай развітальнай працы гаджэтаў.

Што б я зрабіў, калі б мог уключыць свайго колішняга электроннага сябра хоць на хвілінку? Паставіў бы песню аднаго старажытнага гурта. Мелодыя дасюль гучыць у маёй галаве. Там спачатку такі павольны, нават крыху неахайны, гітарны перабор. А пасля ўступае голас. Ён быццам не спявае, а прамаўляе. Прамаўляе, звяртаючыся да кагосьці вельмі блізкага. Ён заклікае прачнуцца. Выцерці слёзы. І бегчы. Я забыўся дакладныя словы і назву трэка, а спраўдзіць ужо даўно няма дзе. Дык вось, паверце, нічога больш карыснага, асэнсаванага, узбагачальнага і цудоўнага за праслухоўванне гэтай мелодыі чалавек з электроннай прыладай зрабіць ніколі не мог. Аніколі.

Першы сшытак

Раздзел пачатковы

Першым, што я пабачыў, расплюшчыўшы вочы пад выгук ратушнага звону, быў вастракутны малюнак, які нагадваў ліст явара. Ён срэбна ззяў на счарнелым аксаміце шыбы. Колькі часу мінула, а танюткія жылкі не расталі, не аплылі і не змяніліся — найлепшы доказ, што тэмпература за прамінулую вечнасць засталася тая ж (калі б камусьці такія доказы ўвогуле патрабаваліся). Сабач_ка таксама прачнулася —