Беларусы і (р)эвалюцыя [Ганна Севярынец] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Беларус падзяляе ўнутры сябе парадак на двары, дзе ён гаспадар – і парадак на працы, дзе гаспадар нехта іншы. Ён умее адпавядаць адначасова двум супрацьлеглым каштоўнасным сістэмам – і не вар’яцець ад гэтага. Такія, па вызначэнні Максіма Гарэцкага, “дзве душы” беларуса добра бачныя цяпер: на стотысячныя маршы выходзілі, між іншым, не толькі айцішнікі, медыкі і спартоўцы, вы здзівіцеся, але сярод удзельнікаў маршаў былі і чыноўнікі пры пасадах, і супрацоўнікі МУС, і суддзі, і сакратары судоў. У нядзелю яны былі ўдзельнікамі пратэсту супраць гвалту і фальсіфікацый – а ў панядзелак апраналіся і ехалі на працу, дзе па загадзе звыш мусілі і фальсіфікаваць, і ціснуць. Гэтае ўменне быць адначасова і такім, і гэткім, не адчуваючы пры гэтым асаблівага дысанансу – наша з вамі нацыянальная фішка. Мне даводзілася бачыць настаўнікаў, якія адначасова возяць дзяцей на экскурсію ў Курапаты – а на наступны выходны ладзяць экскурсію на лінію Сталіна (і экскурсаводы такія мне трапляліся). Будзе памылкай думаць, што грамадства зараз рэзка паддзеленае на святло і цемру. У большасці з нас і святло, і цемра, выразна вызначаныя цяпер і нават пазначныя сцягамі, паспяхова суіснуюць. Залічваючы увесь марш на свой бок, мы моцна памыляемся. Сёння з намі, заўтра супраць нас, а ў наступную нядзелю зноў з намі – так гэта працуе. Немагчыма падзяліць беларускае грамадства на 97 і 3 адсоткі, бо сума супрацьлеглых частак заўсёды будзе больш за сто.

Па-другое, беларус хоча бачыць змену аднаго парадка – іншым. Думкі аб нават часовай анархіі альбо кароткай, але адсутнасці кіравання для яго малавыносныя. Нават тыя шэсць месяцаў, якія прапануюцца ў якасці пераходнага перыяду, пакуль пройдуць новыя выбары – гэта вялікі тэрмін для чалавека, які ўсё сваё гістарычнае жыццё пакутуе ад нявызначанасці.

Па-трэцяе, беларус наогул блага прызвычаены думаць па-за межамі сваёй сядзібы. Я адказны за парадак на сваіх градах, а на суседніх хаця б і быллё. Абмеркаваць і абгаварыць – чаму ж не, але лезці парадчыць на свой розум – наўрадці.

Мы здзівімся, калі пабачым пасля перамогі, колькі людзей жадалі і чакалі пераменаў. Іх сапраўды 97 адсоткаў. Гэтаксама як мы дзівімся цяпер, адкуль бярэцца цяпер рэжымны маналіт. Бо людзей, што гатовыя пры ўсёй унутранай нязгодзе абслугоўваць хаця б гэты ўмоўны парадак кожны працоўны дзень з 9 да 17 – больш за палову. А пасля 17:00 – на марш.

Наша эвалюцыя

Усе мы адчуваем, што падзеі ў Беларусі не зусім дакладна называць рэвалюцыяй. Пратэст, маніфестацыі, акцыі – назваў прапануецца шмат. Мне падаецца, што мы цяпер перажываем не рэвалюцыйны, а якраз эвалюцыйны зрух – маштабны, спрэсаваны ў гістарычным часе, але моцна і несцярпіма працяглы ў моманце. Гэта вельмі нагадвае так званыя “болі роста” – калі косці падлетка растуць хутчэй за цягліцы, і яму моцна баліць.

Каб перамагчы, беларус мусць, па-першае, усвядоміць сябе. Зразумець сваю спецыфіку, асаблівасці сваіх ўласных і нашых супольных рэакцый на падзеі, каб сыходзіць у сваіх унутраных разважаннях не з эмоцый, а з фактаў (ну, калі можна прызнаць фактам нацыянальны характар). Гэта, дарэчы, ёсць умовай і чалавечага развіцця – перш чым рухацца да мэты ты мусіш зразумець і прыняць сябе такім, якім ты ёсць (і гэта будзе фактам). Таму, я ўпэўненая, найважнейшая справа сёння – культурніцкі рух, асвета, несупыннае спасціжэнне саміх сябе праз сваё чытанне, спеў, імкненне да сваёй гаворкі на сваёй мове.

Па-другое, мы мусім усведаміць і іншых, тых, якія нам цяпер пад уплывам эмоцый падаюцца ворагамі. Гэта ўсё тыя самыя беларусы (часцяком – адны і тыя ж), у якіх у цяперашніх абставінах актуалізаваны спрадвечны наш навык выжывання і прыстасавання. Дарэчы, менавта ён, як бы гэта не было крыўдна ўсведамляць, захоўвае нас жывымі пад любой навалай сотні год – хаваючы ўратавальную дулю ў кішэні ад кожнага прышлага камандзіра, традыцыйны беларус такім чынам застаецца сабой.

Па-трэцяе, мы не павінны звяртацца адзін да аднаго з пустымі словамі, і неважна, ці гэта пустая падтрымка ці пустыя праклёны. Беларус – вялікі прагматык і практык, і заўсёды па-за ідэалогіямі, ад таго, думецца, ў нас не сфармулявана і наўрадці будзе сфармулявана адна на ўсіх нацыянальная ідэя. Каб падтрымаць нейкую палітычную сілу, беларус мусіць мець цалкам зразумелы і выразна акрэслены практычны сэнс. Калі нехта яго не бачыць – яму трэба даць гэтае спакойнае і безэмацыйнае бачанне.

Да таго ж тыя людзі, якія цяпер знаходзяцца на вастрыні палітычнага працэсу і забяспечваюць нам надзею на перамены і будучы парадак, мусяць ведаць, што беларус вельмі скупы на давер, і цалкам, напоўніцу, рэдка каму верыць. Таму не трэба чакаць ад яго веры, лепей апеляваць да ягонай патрэбы ў “ордунгу”, і гарантаваць закон і парадак.

Кожны з нас, акрамя гэтга, мусіць унутрана пашырыць межы ўласнай адказнасці. Наша зямля – гэта не толькі дзве соткі пад хатай альбо шэсць ад лецішчам.