Страсці па Аўдзею [Уладзімір Бутрамееў] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

вецер халодны, да костачак прабірае, пад раніцу ледзьве шавялюся, замёрз, пусціў бы ты пагрэцца…

Аўдзей. Пагрэйся… Печ з раніцы пратоплена… Дзесяць гадоў… Я за дзесяць гадоў гаспадарку падняў. Трох коней маю, з даўгамі разлічыўся.

Жабрак (залазіць на печ). Ой, дзякуй, благаславі цябе Божа.

Аўдзей. Дзесяць гадоў! Ты за еты час вады столькі не папіў, колькі я поту праліў!

Жабрак. Ох цёпленька, ох костачкі прамёрзлі, ох мае костачкі!

Аўдзей. I вот за дзесяць гадоў — катомку ды лапці нажыў. Які толк з цябе?

Жабрак. Вось дзякуй, Аўдзей, вось дзякуй!

Аўдзей. Не дзеля таго Бог чалавека на зямлю пусціў, каб жабраваць.

Жабрак. Каб яшчэ накрыцца чым, век Бога б за цябе маліў.

Аўдзей. Ці ты глухі, ці ты прыкідваешся. Ён Бога б за мяне маліў. (Бярэ з лавы кажушок, кідае на печ.) За сябе памаліся. Мне з тваёй малітвы не жыць.

Жабрак (накрываецца). Ось, саўсім харашо. Госпадзі, што людзям трэба: цяпло ды акрайчык хлеба. I каб не гналі. Дзякуй табе, госпадзі.

Аўдзей. А-а… (Махае рукой і зноў бярэцца за падлікі.) Пудоў… Па паўтары… Рубель… Не менш… Зіму… Хлеб па вясне…

Жабрак. Палічы, Аўдзей, палічы, а я пасплю, маё ўжо ўсё наперад падлічана…

Аўдзей (працягвае). Па тры капейкі… За воўну… пятнаццаць рублёў… На коней…

Збоку з’яўляюцца двое. Адзін нечым нагадвае Аўдзея — невысокі, у добрых ботах. Другі ў дзіравых ботах, але відаць, што хітры і нахабны.

Першы мужык (незадаволена). Зацеяў ты ўсё гэта… Дарэмна… Хто гэта паверыць, выганіць з хаты…

Другі мужык (па-змоўніцку). Ён нічога не ведае.

Першы мужык. Як гэта не ведае? Усе ведаюць, а ён не ведае.

Другі мужык. Адкуль яму пачуць — са сваёй бярлогі не вылазіць, на базар прыедзе — з чалавекам не загаворыць. Гэтакі мядзведзь. А грошы ў яго павінны быць. Кулак добры.

Першы мужык. Дык яно… Нядобра гэтак…

Другі мужык. Ты ў царкву прыйшоў? Я табе сказаў — зраблю. Хто б другі не прадаў, а я прадам. А астатняе — не твая справа. Мне кума — яна жонцы старшыні сельсавета траюрадная — гаварыла. (Азіраецца і шэпча першаму на вуха, той палохаецца.)

Першы мужык. Ды ну? Не, я не пайду. Ідзі адзін, я тут пачакаю.

Другі мужык (бярэ першага пад руку). Пойдзем, пойдзем, яго і ўдвух угаварыць нялёгка, мала што яму ў галаву прыйдзе, а так гаспадар на месцы.

Абодва падыходзяць да стала. Першы мужык трымаецца крыху ззаду. Аўдзей падымае галаву.

Дзень добры, Аўдзей Усцінавіч!

Другі мужык здымае шапку, кланяецца, усміхаецца, першы стаіць збоку.

Аўдзей. Чаго трэба?

Другі мужык. Справа да цябе, Аўдзей Усцінавіч.

Аўдзей (усміхаецца). У цябе справа?

Другі мужык. Ага, Аўдзей Усцінавіч, я адразу казаў — гэта толькі да Аўдзея Усцінавіча, толькі ён і зможа. Сваяк мой, далёкі, па жонцы (паказвае абедзвюма рукамі на першага мужыка), малатарню паравую прадае. Ды хто купіць, усё галота, як вось я, напрыклад — хе-хе-хе-хе, — я і сказаў, калі толькі Аўдзей Усцінавіч, бо, вядома, — гаспадар! I грошы, мабыць, мае. Ён, кажу, рэч у гаспадарцы патрэбную не міне. Гаспадар! Выйшаў бы, паглядзеў, Аўдзей Усцінавіч…

Аўдзей. Вы што, сюды яе прывезлі?

Другі мужык. Ага! Я кажу: толькі Аўдзей Усцінавіч, бо гаспадар (да першага мужыка), талкавейшага гаспадара ў нас тут ва ўсёй акрузе няма. Кожны ведае, які гаспадар Аўдзей Усцінавіч!

Аўдзей. Вось таму, што я гаспадар, малатарню ў цябе купляць не буду.

Другі мужык (пакрыўджана). А-а… а ты хаця б паглядзеў, Аўдзей Усцінавіч…

Аўдзей (абыякава махае рукой, усміхаецца). Паглядзець? А што ты каму прадаў, каб не ашукаць?

Другі мужык (разводзіць рукамі). Грэшан, Аўдзей Усцінавіч, усяк бывала… Але ж гэта — чыста. Яй-бо!

Аўдзей. Дарэмна ты пёрся да мяне са сваёй малатарняй. Сапраўдны гаспадар з ашуканцам звязвацца не будзе. Ды я і сам ведаю, добрай малатарні на нашай акрузе ні ў кога няма.

Другі мужык. Здалёк чалавек прыехаў, з-пад Мсціслаўля, павер, Аўдзей Усцінавіч, а малатарня…

Аўдзей. Зразумела, што за малатарня, калі павёз прадаваць далей ад сваіх месцаў, у нашу глуш. Думаеш, тут дурні? Не ведаюць?

Аўдзей падымаецца з-за стала і падыходзіць да першага мужыка, але другі хуценька становіцца паміж імі.

Другі мужык. Выпадак гэты — нельга дома прадаваць. Выязджае ён, уся вёска супраць яго па злабе — бо ці ж любіць галота хазяіна. Як жа ім прадаваць добрую рэч, малатарня ў яго — золата. Чыстае золата, яй-бо! Вось ён і кажа — не прадам нікому са сваіх, лепш у рэчку ўкіну, а не прадам! Прывёз да мяне — за палавіну прадай, — я і падумаў, хто, як ні Аўдзей Усцінавіч, усе ж наўкола — галота. Калі ўжо такі выпадак — за палавіну!

Аўдзей (другому мужыку). Што ты пляцеш, што ты брэшаш, што ты як вужака на патэльні круцішся! Я бацьку твайго помню — прайдоха ён, і ты