[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Сяргей Балахонаў Імя грушы Раман, апавяданні
© Балахонаў, С., 2005 © Логвінаў, 2005 © Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018
Імя грушы Раман у трох мемуарах
Внегда ўслышыш шум, а он ідзець па верху грушэй, тагда пачнешы бой…Другая кніга Цароў.Пераклад Францішка Скарыны
Мы ігрушу пысадзілі. А я, мыладзенька, скачу, пляшу…Народная песня
A wszystko przespane jakby wstęgą miedzą Zieloną na niej z rzadka ciche grusze siedząAdam Mickiewicz “Pan Tadeusz”
Успаміны Наталлі Клыкоўскай
з расейскае Не лепшая я ад іншых апавядальнікаў пра старыя падзеі, пагатоў так многа часу прамінула з тых зыркіх дзянькоў маёй маладосці. А перажыла я ўжо два вякі Хрыстовы і ніколі не ўзялася б за пяро, каб не ўнучкі мае, каторыя так умільна пытаюць, ці не прыходзілася мне зазнаваць у сваім жыцці рамантычныя або авантурныя прыгоды. Я подаўна збіралася расказаць пра тыя дзіўныя і незразумелыя аж дагэтуль здарэнні, якія адбыліся перад некалькімі гадамі да апошняга процірасейскага паўстання ў краі. Але ж паяднаць усе патрэбныя дэталі ў суцэльнасць было нялёгка. Між тым кожная драбязка мае тут сваю значнасць для разумення перажытага. Цяжка было ўзяцца за пяро яшчэ і таму, што як раз ад тых летаў не практыкавалася я ў рэчах літаратурных, чаго вымагае мая цяперашняя задума. Хацела б таксама папярэдзіць кожнага імавернага чытальніка гэтых прыпамінкаў, што ён рызыкуе трапіць у палон маіх асабістых перажыванняў, якія спрычыніліся да такога ўспрыняцця той эпохі, каторае размінаецца з поглядамі іншых людзей. У кожным разе, спадарове, мне хлусіць не выпадае. За гэтым рачце пачаць урэшце маю аповесць аб часах змінулых. Маленства маё прайшло ў заштатным гарадочку Гомель, які толькі на мой чатырнаццаты год жыцця стаў павятовым цэнтрам. Апошняе па вялікім рахунку нічога ў маім жыцці не змяніла, бо яшчэ да гэтага найшчаслівейшага для Гомеля моманту, я мела фартуну навучацца не абы-дзе, а ў інтэр’ерах княскага палаца. Князь Іван Фёдаравіч Паскевіч надта спагадаў нашай сям’і. На чым палягалі прычыны гэтае спагады, тут меркаваць не бяруся. Але дзякуючы князю я атрымала выдатную, як для Гомеля, дамовую адукацыю. А найлепш мне давалася музыка, на якой урэшце больш грунтоўна я і спынілася. Па смерці дабрадзея нявестка ягоная Ірына Іванаўна дазволіла мне давучыцца і атрымаць належныя паперы, што адукацыю маю пацвярджалі. Далей я мусіла ісці на свой хлеб. Спачатку жадала выехаць у Магілёў, але мама мая Аляксандра Феафілаўна рачыла знайсці мне пратэкцыю і пасобіла, такім чынам, з работаю ў Менску. І вось я вераснёўскім днём, адсвяткаваўшы наконадні з сям’ёй і дрýжкамі дзень майго анёла-заступніка і васемнаццаты год нараджэння, мусіла адвітацца з бацькоўскімі мясцінамі і выправілася ў той губернскі горад. Менск (а так горад зваўся ў даўніх летапісах, так яго мянуе просты люд, такую назову ўжываў і галоўны герой маіх прыпамінкаў) сустрэў мяне туманам і брыдкаю імжою. Не знаю ад чаго, але даймала такое адчуванне, што то былі не драбнюткія дажджынкі, а кропелькі мёду ці яшчэ чагось ліпкага. Гэтая ліпкасць якраз і тварыла ўражанне брыды. Да ўсяго дадавалася прыгадка пра чуты мной у восем годзікаў расказ аб выпадку выпачлівасці надвор’я ў далекаватай ад Гомеля Вільні. Там у часе красавіцкае навальніцы выпалі масы нейкага рэчыва шэрага колеру, якое складалася з камякоў памерам у гарэх. І было яно ці то смалістым, ці то сцюдзяністым. Нічым не пахла. Калі навучоныя дзядзечкі бралі гэта рэчыва паліць, яно распаўсюджвала саладжавы пах. А калі кідалі ў ваду яно разбухала, нібыта жэлацін, а пасля рабілася надта падобным на дрыжэль. Мо’ і нявартым было б гэтую гісторыю тут прыгадваць, але яна доўгі час пужала мяне. Дык не дзіва, што нават намёк на штось блізкае таму прычыняў мне дыскамфорт у значна сталейшым веку. Сапраўды, я баялася шэрага жэлаціну, а зусім не таго, што ў адрозненне ад браціка не маю Wiwimacher, як спрабуюць цяпер давесці некаторыя аўстрыйскія дактары. Вось жа ўявіце мой душэўны стан, калі мне «пашчасціла» трапіць у Менску пад клейкую імжу! Хоць можа яна зусім і не была клейкаю, а толькі маё хваляванне на парозе новага жыцця выдавала такога кшталту сімптомы. Да таго ж у горад я троху спазнілася. З-за сялянскіх хваляванняў паліцыя не прапусціла наш экіпаж звычайнаю дарогай, і давялося рабіць досыць вялікі крук, каб лучыць у Менск па Барысаўскім тракце. Не зважаючы ні на што, гэта было цудоўнае відовішча. Для вачэй разгарнулася прыгожая панарама колькіх гор, узгоркаў і стромкіх абрываў, высланых штучнымі і натуральнымі газонамі, аздобленыя вялікімі садамі, памаранчнямі, шыкоўнымі кветнікамі. Рака Свіслач звівалася, быццам чорная гадзюка, якіх я ладна на глядзелася сваім часам дома, асабліва за родным бацюхнам Сажом. Уражвала неаднастайнасць свіслацкае плыні: то яна тулілася да пабярэжніцы, троху марудзячы, то быццам бы адхіналася ад сваіх берагоў, занікала ў даліне, каб потым з шумам і каскадам прабіцца на прастор і лянотна церабіць свой адвечны шлях далей праз камяністае ўзвышша. На гарах і ўзгорках красавалі будынкі: то высокія і шырокія, то вузкія і даўгаватыя, крытыя чарапіцаю (успамін пра Вялікае княства), то нарэшце чысценькія, ахайныя зялёныя і жоўтыя дамкі з чырвонымі дахамі, узорыстымі стаўнямі і кратаванай агароджай. Далей былі гаі і алеі гарадскога саду, размаітыя нязнаныя мне свецкія будынкі і царкоўныя спаруды. Мы мінулі застаўны дом ды шлагбаум (так званую рагатку), і ўрэшце я магла сказаць сама сабе: «Вось ты, Наталечка, і ў Менску! Вітаю цябе, незнаёмае места!». Папраўдзе, што я там ведала пра Менск?! Так, безумоўна, я чытвала да таго нешта ў Карамзіна і памятала, што першы ўспамінак летапісцаў пра Менск быў успамінкам пра ягонае знішчэнне паўднёварускімі князямі. У дзяцінстве мяне гэта надта дзівіла, бо малароскіх дзядзечак, каторыя ў Гомелі на Траецкім кірмашы прадавалі соль, я ніяк не магла ўявіць у ваярскіх рыцарскіх строях. То і мроіліся мне фурманкі, наладаваныя соллю, вакол старажытнага града, і чумакі, якія без памяці сыпалі “сіль” на Менск. Але ў кніжках пісалі пра кроў ды пра косці сыноў рускіх, і мне рабілася да напружання цікава – а з дочкамі што? Maman et papa нічога казаць не хацелі, зацікаўлення тутэйшай гісторыяй не ўхвалялі і засаджвалі мяне за фартэпіяна. І я іграла, зноў а зноў катуючы сябе нуднымі спалучэннямі нотаў. Дык жа атрымалася – няблага іграла… Выйшаўшы з экіпажа я была троху разгубленай, збянтэжанай. Ведала, што вуліца Койданаўская, дзе мяне павінны былі прыняць хросная з мужам ляжала недзе паблізу. Але я не магла акілзаць спакусы хоць адным вокам глянуць на менскія вуліцы, балазе паклажу я мела нецяжкую. Стаяла я гэтак між Петрапаўлаўскім саборам і бэрнардынскімі мурамі, ня знаючы куды падацца. Увагу маю прыцягнула трохпавярховая спаруда, як падалося цыкляпічных памераў. То мусіў быць гасцінны двор, пра які ўжо чула ад сваіх родзічаў. Я подаўга разглядала сёе-тое з галантарэйных ды парфумных тавараў, пра што даводзілася чытаць у пецярбургскіх magazines для дамаў. Ды яно ўсё мне было не па кішэні. Ля крамак з садавіною, аднак, не ўстрымалася і набыла колькі грушак. Менавіта грушак, бо яблыкі выклікалі непрыемныя асацыяцыі ды ўяўленне, што імі абавязкова трэба кагосьці частаваць. Я ж да вакольнага люду прыглядалася з насцярожанасцю і недаверам. Запрыкмеціўшы, што на другім паверсе гандлююць чаем, ядвабам, сукном ды наагул усякім красным таварам, скеміла, што рабіць там мне таксама няма чаго. Ішла я, як памятаю, раз-пораз чырванеючы, бо была пераканана, што гляджуся смешнай правінцыялкай у месце, якое некаторыя не збаяліся ахрысціць беларускай сталіцай. Хросная Серафіма Паўлаўна і яе сужонак Міхаіл Фёдаравіч прынялі мяне прыветна, справодзілі ў адведзены мне ўтульны пакойчык з нейкім падобствам пісьмовага стала і сапраўднай пуховай пярынай на ложку. Было зусім някепска. Даўшы магчымасць прывесці сябе пасля паездкі да ладу, цётачка запрасіла да стала. На стале чакаў курыны булён, свежыя пшанічныя булкі і яшчэ штось дужа смачненькае. Есці хацелася, але я адчула раптоўную стому, якая прынучала заплюшчваць вочы і пазяхаць, хаця і тое, і другое было абсалютова непрыстойным. Серафіма Паўлаўна, аднак, усё цудоўна разумела і сама казала мне ісці да сну. Падзякаваўшы, я гэта і зрабіла, пагатоў наступным днём мяне чакала гутарка з маёй будучай гаспадыняй – утрымальніцай пансіёна, дзе я мелася працаваць, спадарыняй Шрэйдар. Сніла ж я той ночкаю чыстую нісянеціцу. Ні Гомель, ні дарогу, ні Менск, ні нават будучую сустрэчу. Сніла я жанчыну, якая нараджала, а вакол яе завіхаліся дзеўкі, і толькі павітуха была спакойная і суцяшала парадзіху добрым словам: «Не хвалюйцеся, усё гэта вам толькі сніцца». Малюнак расплываўся ў агнях ці то свечак, ці то паходняў. З вуліцы ў той пакой несліся невыразныя спевы ці то пра ваўкоў, ці то пра валхвоў. Потым быў дзіцячы крык і словы павітухі, скіраваныя чамусьці мне: «А дзіцёнак жа ў сарочцы нарадзіўся…». У ранні я не стала даваць рады для тлумачэння свайго сну і проста пайшла ў пансіён. Ніхто не ведаў, ці была спадарыня Шрэйдар насамрэч немкай, як імкнулася падацца. Гэтае імкненне выглядала дзіўным, бо ў размове яна ўжывала нейкую няподумную мешаніну еўрапейскіх моваў, каторую на беларускі манер можна было б назваць трасянкай,[1] як кажуць нашыя сяляне пра сумесь сена, саломы і яшчэ чагось для корму каровы (а не для ўласнае, спадзяюся, спажывы). Дык жа вялікім выпрабаваннем для мяне сталася не столькі музіцыраванне на фартэпіяна, колькі кавырсанне ў сэнсах фразаў утрымальніцы. Я добра ўмела па-французску. Нямецкую і ангельскую практычна не знала. То як можна было мне рэагаваць, прыкладам, на такую фразу: “During white night des Nichts der Angst be renewed sans faut annuncio vivace как таковое: it putting, lecz nie nic”.[2] Зрэшты, я надзіва добра спраўлялася з раптоўнымі шарадамі, зусім не крытыкуючы чыстага розуму спадарыні Шрэйдар. А зайграўшы «Райнскія хвалі», так яе злагодзіла, што пытанне быць альбо не быць мне настаўніцай у пансіёне па-просту ўзнікнуць не магло. Вераемна, я занадта падрабязна спынілася на першых момантах майго пабыцця ў Менску, таму далей пастараюся спыняцца толькі на галоўным. Зрэшты, хто яго ведае, дзе там падзея больш галоўная, а дзе – менш, калі пэўны спамін для самае робіцца свайго кшталту новаадкрыццём, з якім ахвота падзяліцца. Аднак просты люд небеспадстаўна кажа: «На кождую хоцьку бываюць разахвоцькі». Пансіянаркі сустрэлі маладую настаўніцу без лішніх варушэнняў, спакойна, чаго мне й было трэба. Я хутка асвойталася, пазнаёмілася з Менскам. Знайшоўся добры праваднік, ці як кажуць іншаземцы – гід (апошняе слаўцо мне не дужа падабаецца, бо добра ведаю значанні тутэйшых сугуччаў – гідкі, гідзіцца, агіда). Павадзіў мяне па месце мой калега па пансіёну выкладчык прыродазнаўства Павел Аляксандравіч Аляксандраў. Ён ці нее цалкам паказаў мне і Стары горад, і Высокі рынак, і нават Татарскі канец. Хаця можа мне хацелася іншага. Я неадразу гэта скеміла, бо была чыста недасведчанай у справах любосці. Павел жа недзе праз месяц у цяністых прысадах таполяў, што на бульвары ля ратушы, прызнаўся мне каханні. Я збянтэжылася, бо ніколі да тога ў жыцці не кахала, а па-сапраўднаму цалавалася толькі аднойчы, дый то з сяброўкай Марыяй, гуляючы ў Сапфо. Збянтэжанасць, што праўда, борздзенька прапала, і я змагла занатаваць у дзённік[3] шмат новых уражанняў, аб каторых тутака прымоўкну, стуліўшы вусны. Ясна, што, адказаўшы ўзаемнасцю, я не жадала каціцца ў бязодню разбэшчанасці. Дык жа неўзабаве пра Паўла ведала (без дадатковых падрабязнасцяў) хросная, а следам за ёй і мае бацькі. Не было ладных турботаў ды клопатаў з нашымі заручынамі, на што атрымалі ад усіх сваіх крэўных дазвол і блаславенне. А ўжо сам стан заручонасці даваў нам законную магчымасць для часцейшых спатканняў і супыніў ханжавітыя балаканні, якія пачаліся былі да таго. Можа даўней, як пісалі некаторыя, у Беларусі, з’яднанай уніяй з Польшчай, і была паўнюткая любоўная талеранцыя: усе ведалі, што якаясьці там парачка сустракаецца, але плявалі на мараль і зусім не асуджалі каханкаў, бо ж лічылі, што тыя не распуснічаюць, а romansujuć. У часе майго менскага побыту такіх узвычаенняў ані знаку не было. Таму суспешныя плёткі мы парвалі на самым уздыме. Адразу варта адцеміць, што Паўлуша быў добрым прыхільнікам тагачаснага беларускага руху. Беларускі рух мае цяжкасцяў і сёння, трэба толькі глянуць у іхнюю газэту з рысункамі «Нашу Ніву». А што ўжо прамаўляць пра тыя часы, калі ні нашых, ні вашых ніваў не бывала?! Між тым Павел настолькі прыстойна ведаў беларускі дыялект, што іншым разам неўпрыкмет у гутарках пераходзіў на яго, чым дужа мяне здумляў. Мой мілы (так я звала яго тым часам, а ён мяне «мая мілая» клікаў) цікавіўся ўсякай простанароднаю творчасцю, перапісваў у зялёны Großbuch кожны новы верш у беларускай мове, што немавед скуль з’яўляліся ў Менску. Я сама, што праўда з ладнай доляй скепсісу, прасякнулася беларускім духам. Тады чэснікі беларушчыны гуртаваліся вакол пана Дуніна-Марцінкевіча – паэта і пісьменніка, які жыў дзесь пад Менскам, але быў заўсёдным госцем у горадзе. Гаварылі, што між сваіх продкаў ён меў якогась дацкага прынца, з той прычыны у прозвішчы ягоным і красаваў прыдомак Дунін, то бок Датчанін, калі перакладаць са старасветчыны. Мы з Паўлам наведвалі той круг вельмі рэдка, бо пачуваліся няёмка сярод тутэйшых знакамітасцяў. Вераемна з гэтае аказіі мой мілы заклаў свой уласны беларускі гурток, куды ўчашчалі аматары і цікаўнікі вылучна з ліку моладзі. Аднак, калі хтосьці з Вас, мае шаноўныя магчымыя чытачы, падумаў сабе, што галоўным героем гэтага мемуару будзе «мой Адам» Павел Аляксандраў, то ён жорстка абмыляецца. Адной лістападаўскай пятніцай, калі наведнікаў у Паўла амаль што не было па прычыне нудотнага хлябістага надвор’я, што трымала мянчан у сваіх дамах, нібы ў бабілонскім палоне, да нас завітаў незнаёмы малады спадар. Спаслаўшыся на запросіны агульнага з Паўлам таварыша, госць адрэкамендаваўся як пісар апякунскае рады (попечительского совета) Вайніслаў Боўт. Па-беларуску ён гаварыў чысцей ды лепей ад Паўла, які нават не разумеў (!) некаторых момантаў і часцяком перапытваў у госця. Вайніслаў выявіўся чалавекам шырока адукаваным, чые зацікаўленні сягалі ў пытанні гісторыі і матэматыкі, археалогіі і літаратуры, багаслоўя і фізікі. У той вечар гаворка ўзбілася на аднаго з легендарных песняроў – Баяна. Каб завязаць яе, Павел спытаўся ў Вайніслава: – А ці чулі вы, спадару, пра такую домнеўку, што вешчы Баян, згаданы ў «Слове пра паход Ігараў», быў жыхаром старадаўняга Менску? – Вядома, Паўле, я чуў гэта колькі разоў. Пацеха з меха. Ведаеце, як сяляне называюць шматковую цібо лапіковую коўдру? – Здаецца, шкуцянка. Але ад чаго вы прыгадалі коўдру? – Не так коўдру, як ейную шкуцянасць, сшытасць з паасобных шкутоў, фрагментаў. Дык «Слова пра паход Ігараў» і ёсць такою шкуцянкай. – Але ж, спадару Вайніславе, гэта ж прыўкрасны мастацкі твор усходнеславянскага літаратурнага генія, – стаў пярэчыць мой мілы. – Безумоўна генія, толькі не «ўсходнеславянскага літаратурнага», а «расейскага містыфікацыйнага», – прамовіў спадар Боўт з інтрыгоўнаю урачыстасцю ў голасе. – Уявіце сабе манастырскае кнігасховішча. Там, акром больш-менш ацалелых фаліянтаў колькісотгадовае даўніны, ёсць збор кніжных парэшткаў: дзе аркуш, дзе пару аркушоў, а дзе бяззвязныя шкуткі самых размаітых рукапісаў. І вось з’яўляецца абазнаны ў гісторыі і літаратуры чалавек, які пільна разбірае тыя пыльныя парэшткі, і адкрывае пару-другую ўрыўкаў, што выдаюць на невядомы мастацкі твор сама мала ХІІ стагоддзя. Але заміж таго, каб абнародаваць наяўнае, адкрывальнік спакушаецца стварыць сваё ўласнае Слова. Да выяўленых фрагментаў ён дадае сёе-тое з летапісаў, даўніх перакладных твораў, з народных песняў і былін. Пра твор дазнаюцца некаторыя арыстакраты – аматары памятак даўніны. Адзін такі вяльможны пан, усцешаны творам, просіць яго крыху скарэгаваць, каб Слова прамянілася ідэяй адзінства славян. Наш аўтар пагаджаецца з прапановай, скрашанай грашыма за старанні і далейшае маўчанне пра генеалогію твора. І пачынаюць у вялікасвецкай грамадзе хадзіць чуткі аб выдатнай старажытнарускай паэме, што апявае саюз непарушны народаў славянскіх. Згадзіцеся, вельмі своечасовае з’яўленне – Расея забірае сабе ладныя абсягі Рэчы Паспалітай. У 1800 годзе Слова друкуюць з наўмыснымі і выпадковымі сумбурамі ды недакладнасцямі. У выніку сэнс твору настолькі зацямняецца, што даследнікі надаюць яму ледзьве не сакральнае значэнне. Аднак шмат хто сумняецца ў сапраўднасці твора, патрабуючы прад’явіць арыгінал. Напалеон прыходзіць у слушны час. Адсутнасць арыгінала стала магчымым спакойна патлумачыць пагібеллю ў полымі маскоўскага пажару. – Не можа быць! – здзіўлена зірнуў на мяне мой мілы, нібыта шукаў падтрымкі свайму здзіўленню. Я сама добра ведала тую «Ігараву песню», але была ў захапленні толькі ад паасобных пасажаў, бо пры чытанні яе цалкам у мяне часценька ўзнікала мігрэнь. Пераклад пана Жукоўскага мала ў чым паўплываў на маё стаўленне да гэтага твора. – Спадару Вайніславе, – пачала я, – а ці не будзеце так ласкавым сказаць нам, якія ж фрагменты на вашу думку ў Слове арыгінальныя, несфальшаваныя? Ён узняў свае ясныя вочы і зірнуў на мяне з чароўнай усмешкай, годнай сапраўднага рыцара. – Шаноўная спадарыня Наталля, – працягваў іскрыцца Вайніслаў, – магчыма гэта адно мая (і нічыя больш) праўда.
Ці ж мой мілы збіраўся ўдаваць усё тое самае? Наўрад ці. Аднак вернемся да нашых баранкаў. Павел запрасіў архіварыуса Людвіка Ляхоўскага і каморніка Вікента Скавыша, канцылярскага служку без чыну Чэслава Драбышэўскага, хатнюю настаўніцу польскае літаратуры Камілу Свентаржэцкую, актрысу і спявачку Ірэну Галавацкую, доктара медыцыны Мечыслава Акімовіча-Загорскага ды яшчэ колькіх чалавек, чые імёны сённейка дзеля спарахнеласці памяці я прыгадаць не здолею. Паўлуша не толькі хацеў уразіць гасціну, але і атрымаць магчымасць паспрабаваць хоць бы гуртам запярэчыць Вайніславу. Ён знемагаў ад чакання і нават мяне цалаваў зусім не так жарсна, як бывала раней. Але сёмага лістапада выявілася страшэнная для Менска навіна: на адной з вулак Татарскага канца, мала не ля мячэта, было знойдзена бездыханнае цела дзяўчыны. Адразу панеслася пагалоска на ўсю вёску (хаця Менск усё ж вёскаю не быў, прынамсі – не зусім вёскаю). Адны гаварылі, што то была пакаёўка спадарства Д-скіх, якую мардэрца насамперш згвалціў, а потым задушыў. Іншыя цвердзілі, што забітая служыла чалядкай у паноў А-няў, якую злачынец задушыў спачатку, а гвалт цялесны ўчыніў пасля. Так ці не, але я была ў захвіцэнні, як і маса менскіх жанчынаў без увагі на іх сацыяльнае становішча. Паліцыя ж, каб суняць залішнія плёткі і пострах сярод гараджан, абвесціла аб затрыманні падазронага на тым паскудстве мужчыны… З усяго гэтага здавалася, што чарговая сустрэча «Дасканалага Крывіча» міжволі тэматычна прадвызначана, і новы чалавек не станецца сенсацыяй. Павел дужа засмуціўся, але мусіў змірыцца з той відавочнай акалічнасцю. Сапраўды, размовы кожнага з гасцей пачыналіся з агучвання факта забойства пакаёўкі. Мала хто пільнаваўся няпісанага правіла гэтых сустрэчаў – гутарыць па-беларуску. Таму прамаўлялі сабе бальшынёй па-польску і па-расейску, а нехта станаўко ўхіляўся ў пінскія гаворкі. Завітаў урэшце і спадар Вайніслаў Боўт. З прытомнай публікі, як высветлілася, яго троху зналі пані Каміла і спадар Чэслаў. Пры чым мне не надта спадабалася, як у Камілы блішчэлі вочы ад пагляда на Вайніслава. Павел адразу ж узяў рэй у тым, каб расшаволькаць «сэнсацыйную персону» і натуральна зачапіў тэму менскага здарэння. – Мяне бянтэжыць, – пачаў госць, – такая рэч, што труп ляжаў каля магаметанскае бажніцы. А прамоўленае намі тутака тыдзень таму слова без увагі на яўную нутраную сваю славянскасць, вонкава выдае на татаршчыну. – Бабай?! – выгукнула я. – Сказана, як звязана. Я не зразумела гэтай послаўкі і крыху пакрыўдзілася, але потым дапяла, што крыўдавала дарэмна. Для ўсіх Павел пераказаў самую істу праблемы і з цікаўным позіркам папрасіў у спадара Вайніслава ўдакладненняў: – І што? – Нічога асаблівага. Проста гэта тхне містыкаю. Я вельмі хачу абмыліцца, але баюся, што небарачку тую забіў Бабай. – Дазвольце, – падняў руку спадар Чэслаў Драбышэўскі. – Гэта мне падаецца якімсьці вар’яцтвам. Які Бабай? Пры чым тут Бабай? Нейкая містычная істасць прыходзіць, каб забіваць? – Менавіта так, – адказаў Боўт. – Гістарычны цэнтар Менску незвычайнае месца. Асабліва Няміга. Падаецца там тысячагоддзямі таілася зло. Я не ведаю, што там дакладна: уваход у апраметную ці пачвара на ланцугу нашых дабрамыснасцяў… – Не, – перабіў яго Вікент Скавыш, – уваход у апраметную ляжыць ля Чачэрску. Адназначна. – Магчыма, – усміхнуўся прамоўца. – Не патраплю запярэчыць. Але зло і Няміга – браты-блізнюкі. Наплачуцца мянчане яшчэ з гэтай Нямігай. – Але, спадару Вайніславе, – выгукнула спадарыня Галавацкая, – на чым грунтуюцца гэныя вашы праракаванні? І я магу сказаць, напрыклад, што праз 129 гадкоў тут усё палыном зарасце, а праз 143 гады які-небудзь Курск патоне ў ледзяной вадзе. Хто мне паверыць? Смешна. Павел узрадаваўся распачатай спрэчцы. Усе таксама пасміхаліся, бо згадка пра затапленне Курску выглядала дужа пацешнай. Мне ж думалася, ці здолее госць даць прыстойны адказ. – Шаноўная спадарыня, – працягнуў ён. – Я менш за ўсё хочу быць прарокам. Што занадта, знаеце, то нездарова. Я проста адчуваю злобнасць тае мясціны, як бы адчуваў боль у разбітым калене ці паламанай руцэ. Гэта не ёсць адчуваннем фізічным. Гэта штось інтуітыўнае. Дарэчы. Ніхто не можа гарантаваць, што названыя вамі толькі што падзеі сапраўды не адбудуцца. Разумееце? Усе чамусьці змоўклі. Відавочна Вайніслаў гаварыў незусім гэткімі словамі, але сэнс іх быў прыблізна такі. Я зноўку набралася смеласці (мая тагачасная сарамяжнасць!) і запытала: – Мінулым разам вы абяцалі прынесці нейкі верш, ці не так? – фраза відавочна была для мяне даўгаватай. – Ці ж я мог падмануць такую чароўную спадарыню? – выразныя залёсткі мяне збянтэжылі і загналі ў чырвань. Павел скоса зірнуў на Вайніслава. Той жа дастаў з кішэні колькі аркушоў, спісаных дробнымі літарамі, у якіх не пазнаваліся ні кірыліца, ні лацінка. Хаця апошняе, магчыма, мая пазнейшая дадумка, бо насамрэч па блізарукасці я нічога там разгледзіць не магла. Чамусьці я тады захвалявалася, будучы пэўнай, што прагучыць нештачка зусім адметнае, а не якоесьці там «Вясна гола перапала…». Падмануцца з такім чалавекам было цяжка. Верш быў пра каханне. Я і цяпер, праўда небеспахібна, магу ўзгадаць пару-другую радкоў:
Тым часам аб’явіўся труп яшчэ адной дзяўчыны. Казалі, што была то маладзенькая і вельмі пекная габрэйка. Ейнае аголенае растурзанае нелюдзем цела знайшлі недалёк ад упадзення Нямігі ў Свіслач. Згадаўшы праракаванні Вайніслава, я дужа пералякалася з той яскравай чартаўні, якім праменіла чароднае смяртэльнае здарэнне з асобай жаночага полу. Пэўна ніхто з ладнага ліку мяшчан не паспеў звязаць новае жахоцце з папярэднім, бо паліцыя спешліва назвала ахвяру прастытуткай, забітай сваім гаспадаром. Каго б захвалявала смерць прадстаўніцы гарадскога дна?! Спадарыня Шрэйдар, напрыклад, гідзілася гэтай гісторыі і сувора забараніла весці пра тое якія-заўгодна размовы з пансіянаркамі: «Kein word über tej мерзости». Хросная мая толькі ўздыхала і паўтарала: «Куды ж коціцца наша родная Беларусія? Наш мілы Севера-Западны край…». Было не па сабе. Паўлуша, як заўсёды маўчаў. «Ой, гора-бяда. Якая ўжо ж розніца ці блудніца то, ці цнатлівіца? Яе ж так жорстка замардавалі», – у такім сэнсе выказвалася Каміла Свентаржэцкая. Спадар Ляхоўскі наагул выказваў версію, што ніякіх забойстваў не было, а толькі паліцыя мяркуе спаралізаваць менскі люд страхам. Я не была з тым згодная. Вайніслаў жа, які троху спазніўся на чарговы «соймік» «Дасканалага Крывіча», меў поўныя вочы слёз, што мяне адначасова збянтэжыла, спужала і расчуліла. «Гандлярка з Нізкага рынку. Дзяўчо зусім», – прамовіў ён і ніхто не насмеліўся патрабаваць тлумачэнняў. Усё-ткі паліцыя хлусіла. Завінаваціць паліцыянтаў было зусім немагчыма. Такі быў век, час, эпоха, калі хочаце. Мікалай І пайшоў на піва да Абрагама, але шынель ягоны (а зусім не таго змаскаленага хохліка Гогаля) вісеў над імперыяй. Тады гэта ўсведамлялася мала. Я была маладою і дурною. Толькі ў шэсцьдзясят трэцім, калі расейскія салдаты забілі маю сяброўку – прыродную расейку, нібыта за сувязь з мяцежнікамі, мне пачало здавацца, што Расея вязніца. (Сяброўка, дарэчы, з паўстанцамі не кантактавала, а абдзяліла ўвагай аднаго афіцэрыка). Цяпер я стары чалавек і не пабаюся вывесці сваім почыркам на гэтай цудоўнай паперы словы – Карфаген павінен стаць руінай. Я пішу гэта па-расейску, але не маю ані каліўца спагады і шкадавання да расейшчыны. І нават стаўшы прахам, я засмяюся, калі ў Пецярбурзе і Маскве запануе лацінскі алфавіт ці арабскі аліф. Але ж вярнуся да таго часу, да таго смярдзючага, прапахлага порахам шынеля. Імперыя, як дзіцёнак, прайграла вайну ў Крыме. Хадзілі чуткі пра магчымасць новага французскага «вызвалення» (усім карціць менавацца вызвольнікамі, але ў выніку атрымліваецца бардэль мадам Петуховай). Верыць у тое не ставала ні досведу, ні сілаў, ні жадання. Новы імператар, хоць і любіў чытваць «Ах не сні сіх страшных сноў, ты мая Святлана», пра перамены ў дзяржаве гаварыў так нясмела, што нават я ў раўнанні з ім магла падацца ўзорам мужнасці. Ён нешта хацеў, але здавалася, што бацька ягоны з труны працягваў наказваць сыну, як паводзіцца. У Пецярбурзе, ясная рэч, штосьці пражэктавалі, але надта ж нягегла, вынікі чаго мы агледзілі, пачынаючы з сялянскай рэформы. Смешна. У Расеі касуюць прыгон, а ў Брытаніі адкрываюць the underground. Бог ня роўна дзеле, але ж Ён не цяля, бачыць круцяля. Гэта можа ў Санкт-Пецярбурзе адчуваўся вецер перамен. У нашай Беларусі, у нашым, як казалі сяляне, Западлым краі дзьмула хіба мо’ з палескіх балотаў. А ўлады чатары разы перахрышчваліся, асцерагаючыся ўсялякай праявы вальнадумства. Калі ж хрэст не дапамагаў, кайданы ўдала дапаўнялі партрэты ў інтэр’ерах з балотным водарам. Зразумелася гэта зноў-ткі пазней. Тады ж мы крыўдавалі, што паліцыя хавала праўду пра менскія забойствы. Напісала «мы», але крыўду ў нашым коле адчувала мабыць толькі я – наагул крыўдлівая па натуры. Не хацелася б, каб шаноўнаму чытачу здалося, што «Дасканалы Крывіч» быў нашым адзіным спосабам баўлення вольнага часу. Але менавіта ён даваў часта энергіі на цэлы наступны тыдзень. Хоць па праўдзе бывалі пятніцы поўныя пусцізны. От жа бывала скучна. Пагатоў, калі Паўлуша абсалютова не жадаў цалавацца ці выканаць якую-небудзь вельмі смелую маю прыхамаць. А ўсё з адгаворкаю: «Зараз нехта прыдзе». Ніхто не прыходзіў, і мае жаданні марнаваліся, ішлі ў поглум. Акром гэных сходак, мы з мілым наведвалі тэатр, які тады перабываў у нядужа спрыяльных умовах неадпаведнага будынка. Але ж даводзілася дзеля разнастайнасці трываць. Толькі надзвычай смешным было назіраць кволыя спробы паставіць «Гамлета», дзе галоўнага героя граў Новікаў, Гарацыё – Піражкоў, а Афэлію – спадарыня Мікуцкая. Іх раней мы зазвычай глядалі ў п’есках-дрындушках тутэйшых графаманаў пра кітайскіх пастухоў ці старагрэцкіх прасталытак. Раз-пораз на сцэне з’яўлялася і Ірэна Галавацкая: спявала штось звышсучаснае па-польску ці дэклямавала ўсякія вершы ў розных мовах, калі-нікалі і ў беларускай. Апошняе заўсягды выклікала неадназначную рэакцыю публікі, асабліва ў разе абвяшчэння таго перакладам з французскае, ангельскае ці нямецкае мовы. Як жа – па-беларуску толькі каровы ў хлеў заганяць! Памятаю колькі радкоў з нейкага перакладу. Як ні спрабавала даступіцца праўды, аж дасюль не змагла высветліць, з верша якога аўтара ён быў зроблены. Мабыць уся рэч у перакладзе.
Шостага студзеня было не вельмі холадна – градусаў восем мароза паводле Цэльсіуса. Сáма што й трэ было. Ласкавы, нават прыемны, марозік румяніў мяне больш, чым Паўлавы размовы. Мы ехалі ў санях. Звінелі бомы. Я спазірала прыменскія краявіды, укрытыя снежнымі кілімамі і бухматай шэраню. На прасторы аднаго з палёў паўзбок дарогі высілася старое дрэва. Нібы аплікацыя чорным аксамітам па белай баваўнянай тканіне.
Не ведаю для чаго пан Прушынскі паставіў той прасторны драўляны дом, бо там яўна ніхто не жыў. Прынамсі прыкметаў гэтага не траплялася на вочы. Сустракалі нас сяляне перашэптамі: «Дзіўныя паны якіесь: Цярэшку жаніць, як прастыя людзі сабіраюцца». У доме ўжо было нацеплена, заставалася толькі накрыць стол ды дачакацца засталых удзельнікаў свята. З мне знаёмых там ужо былі спадарства Ляхоўскі, Драбышэўскі, Скавыш, Чапулецкі, Яроцкая, Свентаржэцкая, Акімовіч-Загорскі з жонкай Марыяй, пан Кляшторны з нарачэнай Амаліяй Роткірх ды багата іншых. Спадар Боўт затрымліваўся. Не было і абяцанага дудара. Мы паскакалі пад скрыпачку і дудку прысутных музыкаў. Каб было фартэпіяна, я б зайграла што-небудзь з «Беларускага вяселля» Абрамовіча. Але інструменту пад рукой не было, дый выглядаў бы ён там увачавідкі недарэчна. Абы трохі аддыхацца пасля скокаў, пачалі гуляць у загадкі. Памятаю спадарыня Каміла такое загадала, што і цяпер не адгадаю: «Ляжыць Рыгор памеж гор, лапушком прыкрыты». Акурат, як прагучала гэная загадка ў дом увайшлі мой жаданы Славачка і незнаёмец з бародкаю і вусікамі выразна старэйшы ад бальшыні сабраных. Гэта быў дудар з Вітэбску Арцём Дарэўскі. Выявілася, што ў нашай грамадзе ён меў досыць знаёмцаў ды нат сяброў. Надта ж усе ажывіліся, кінуўшыся вітацца.
За сталом быў учынены так званы кіліх кола, калі ўсе па чарзе прамаўлялі размаітыя жычэнні ды прыгублялі піва з вялікага глінянага куфля. Пітво заядалі лыжкаю куцці, то бок адмыслова з гатаванай кашы з разынкамі, чарнаслівам і крышанымі салодкімі грушкамі. Смак выбітны, лепшы ад многіх заморскіх ласункаў. Нейкі час доўжылася застолле. Аж нехта проста пад вухам у мяне выгукнуў: «А ці ня час нам ужэ Цярэшку жаніць?». І сябрына загула на знак згоды: «Час ужэ, час!». Канечне прыпомніць таго тлуму маляўніча я не здолею. Неўзабаве выбралі татку і мамку, чыіх імён я не помню, але добра памятаю прозвішчы – Абуховіч ды Цюндзявіцкая адпаведна. Векам яны ніяк ад нас не адрозніваліся, а па-просту мелі такую ролю – дзетак жаніць. Пачаліся ўсялякія гульні, каб кожны глянуў на свайго імавернага абранніка in aktion, ацаніў кемлівасць і спрытнасць. Вайніслаў увесь час перамагаў, гуляючы ў «Зюзю». І нейкія тры спадарычы з ваярскім імпэтам вырашылі перайграць Славачку ў той гульні. Зрэшты, якое дачыненне да божышча зімы Зюзі мелі завязаныя вочы, біццё адно аднаго паясамі і мусовае трыманне левае рукі да нізу ножкі стоўчыка, я сказаць тут не магу. Славу перамаглі. Ён быў мабыць стомлены. Мяне агортвала злаба. Вакол Славачкі завіхалася спадарыня Ірэна, а сам ён выяўна ўдыгаў за Камілаю. Мой жа мілы распускаў хвост перада мною. Спяваў падчас скокаў наруглівыя прыпевачкі. Я нават спужалася, што нехта выдаў мае небяспечныя сувязі з іншым мужчынам:
Чароўнай гарой маіх жаданняў па вяртанні ў Менск было жаданне хутчэй схавацца пад коўдру і заснуць, забыўшыся ўсіх бед. Сапраўды, сон прыйшоў надзвычай хутка і быў абсалютова бесклапотным, каб не высненыя пад канец рымскія прыручоныя каменыя шэршні. Менавіта так і прыснілася. Што мяне магло нітаваць з Рымам? Нічога. «Усе дарогі вядуць у Рым, – пракаментаваў маю начную відзежу Павел і дадаў, – але, на жаль, апошнім часам усё часцей у трэці…». Хаця той кляты Трэці Рым і не быў сталіцаю імперыі, маскалі ўпорыста лічылі яго сэрцам сваёй дзяржавы. Гэта яны імкнуліся і нам накінуць, дык я па наіўнасці лічыла сябе расейкай заходняй, або беларуска-крывіцкай, галіны. Гэта цяпер я – мякка гаворачы, паджылая дама без сабачкі, але з вялізным жыццёвым досведам – маю выразную перакананасць, што паходжу з даўняе беларускае мяшчанскае фаміліі, абмаскаленай да неймавернасці. Кепска, пане Грыгоры, што далей, то горай. Спадар Драбышэўскі не прамінуў звярнуцца ў менскія паліцэйскія часткі, каб выясніць лёс Вайніслава. Бедны Чэслаў так нічагуські і не выхадзіў, бо ўсюдых яму адным знакам цвердзілі, што «ніякіх баўтоў» у ноч на сёмага не забіралі. Яны ж з Вайніславам напэўна былі някепскімі таварышамі. Міжсобку дзяліліся рознымі цікавінкамі. Я помню, што Чэслаў (а па-сяброўску – Чэсь) збіраў і апрацоўваў матар’ялы па народнай астраноміі, пісаў кнігу «Крывічанскае звяздарства». А мой Аляксандраў, праўда, нашэптваў мне свае неўразуменні з той нагоды: «Неяк дзіўна стасуецца яго крывіччына з ягонымі ж яцьвягскімі элементамі ў гаворцы». Я з такіх словаў дзіву давалася мала, бо вельмі захаплялася ўсімі гэтымі планідамі, зоркамі і сузор’ямі, якія ў вуснах Чэся ставаліся Чагірамі і Мілавіцамі, Сітніцамі і Вазáмі, Кічагамі і Вайсковымі Станамі. Калі б я не ўлялюшчылася ў Вайніслава, то верагодна ўтрэскалася б у Чэся. Але па-праўдзе я пытаю сябе: ці не знік бы тады Чэсь гэтак жа, як прапаў мой раскаханы Славачка? Я ўзнімала свой пракудны голаў ды тупа зерыла ў студзеньскае неба. Зорны Кол калоў вока. Ваўчынае Вока ледзьве ліпела. Маўчала Нявеста, чыя я нявеста. Знічкі ляцелі, нібы абрывалася сэрца. Дзесьці далёка хвасты распушчалі мётлы-каметы, каб праз соткі гадоў аб’явіцца тут – па-над намі. “Іншыя людзі. Ці ходзяць яны па планідах? Ці церпяць ад болю кахання. Як мы?” – пыталася я. Адказу не было. Чамусьці мы ўсе тады забыліся пра Славачкіну кантору. Узгадаў пра яе наш шаноўны доктар Загорскі. Ён завітаў туды, дзе яму адразу ж з ласкавым раздраженнем паведамілі, што спадар Боўт сваім коштам узяў сабе вакацыі і з’ехаў у Маларосію. О, мілы, чытачу, каб жа ты бачыў нашыя вочы пасля таго, як нашыя вушы пачулі тую навіну! Мы борздзенька рвануліся на кватэру «прапалага героя» (адрас таксама доктар выцыганіў) у доме на Стара-Віленскай. Гаспадыня нас сустрэла абыякава. Гаварыла, здаецца, па-беларуску, але неяк дзіўна і да таго ж абрывіста, з паўзамі. Яна паясніла, што язык ня толькі да Вільні, але й да Кіева дапытаць здатны. Шырэй ад сусвету раскінулася нашае здзіўленне. Не паддавалася розуму, чаму Вайніслаў нічога нікому не сказаў, і што ўрэшце такое адбылося ў Лошыцы на Цярэшку? Спектакль? Але дзеля чаго? Гаспадыня перарвала нашыя тлумныя перагляды: – А вашэцю, чы не Наталяю клічуць? – Але, – ледзь чутно адказала я, адчуваючы нейкую ўтоеную небяспеку, што раптоўна паўставала сваёй явай. – Клыкоўская? – Так, – сказала я яшчэ цішэй, чакаючы самага горшага, бо позірк Паўла пляжыў літаральна кожную маю вузачку. – То для вашэці маю ліста, – жанчына нават усміхнулася, наўмысля робячы мне такое вось паскудства. Я у момант узненавідзела гэтую саву і ейны няпэўны ўзрост, які мог не замінаць ёй быць з Вайніславам не проста гаспадыняй кватэры, але і сябрыхай дзён яго суворых у самым непрыстойным разуменні гэтых пушкінскіх радкоў. Совы заўжды ўдаюць нешта іншае. Зрэшты, хто ж не без бервяна ўваччу? Але ўсё адно…[5]
Павел Аляксандраў гатовы быў мяне з’есці без сыру і маянезу, аднак прысутнасць доктара Мечыслава не дазваляла гэта ўчыніць. Мы зайшлі ў шынок (можа «Красны»), дзе я нарэшце распячатала пасланне ад Вайніслава. Мне дужа не хацелася зачытваць яго ўголас, і мае кампаньёны, на дзіва, далі магчымасць прачытаць вестачку вачыма. Змест я памятаю дасканала да сёння, бо ліст захоўвала цягам чвэрці стагоддзя, пакуль яго не скраў якісь злодзей разам з куфэркам маіх каштоўнасцяў.
«Дарагая Наталюся! Думка аб тоя, што я прынучыў Вашу перажываці за маю бядацкую парсуну, не астаўляе мучыці міне. Спяшу паведаміць Вашу, што я жыў-здароў, а скрыўся ад усіх воч таго для, каб пакусіцца распутаці клыбок праступленняў, каторыя чыняцца ў Менску. Два ўбіўствы жанок, я маракую, саўсём не апошнія. Хаця я буду сіліцца, што ё могі, каб новых смярцей не дапусціць. Пісьмо гэта, гаспадарыня Наталя, чытацьмеш тым урэмем, колі я ўжэ буду атпраўляцца з Кіява да Менску. Мне трэ было паглядзеці такі-сякі бумагі й кніжкі, каторыя ўспамогуць раскрыць тыя пачварныя праступленні. Ня многа мінула ад часу залатое тайны двух, але здаецца так даўно была тая праўдзівая прыемнасць людскіх грахоў і палавіна неба ў адамантах праз неабмерзшую шыбку. Але ж ня ішчыця міне ў Менску, бо я таіцца буду. Так трэба. Жычу Наталі здароўя й добрых думак. Няхай гаспадарыня будзе пракананая ў шчэрай прэданасці ВашагаВайніслава Баўта
Пісана ў Менску-Крывіцкім, року 7911 / 6 стычэня, у 4 гадзіны 14 часін».Я досыць непрыстойна ўсміхнулася. Загадак не паменела. Павнл не вытрываў-ткі і пераняў у мяне аркуш. Акурат прынеслі каўку і я мерна піла, назіраючы метамарфозы твару майго нарачэнага. – Ну знаеш, Наталечка, гэта ўжо занадта, – прасіпеў ён. – Што-о? – паспяшалася я пашыцца ў дурніцы. – Якая такая тайна з адмарожанай шыбкай? – абсалютова траціў раўнавагу Аляксандраў. – Табе лепей відаць, – нахабна кінула я. – Ты ж з ім больш знаўся. А гэта выяўна нейкі рэбус: і золата, і вакно, і лічба года, і тое, што ліст адрасаваны менавіта мне, а не табе, спадару Мечыславу ці Ірэне Галавацкай. Павел у момант асекся. – Зірнеце вы, Мечыславе, – падаў ён пасланне доктару. – О, без сумневу загадка! – усклікнуў ён. Выходзіла, я падманвала іх абаіх, штурхала да фальшывых развагаў. Але год Боўт увачывідкі недарэмна такі няўцямны прытачыў. Доктар памеркаваў бясслоўна хвіляў колькі, потым аглядзеўся па бакох і ціхутка прашаптаў: – Усё ясна. Ён дае знаць, што забойствы маюць палітычны характар. – Адкуль вы ўзялі? – сцепануўся Павел. – Восьмы сказ! – урачыста прамовіў Загорскі. – І што? – уздыхнуў мой бядотны нарачэны. – «Залатая тайна двух» – унія, вобразна – шлюбнае таемства Літвы і Польшчы ў Рэчы Паспалітай Двух Народаў. Бязладныя, але залатыя часы. «Прыемнасць людскіх грахоў» і далей – шляхецкія вольнасці і сармацкія норвы шляхты. «Неабмерзшая шыбка» – незніштожаная гістарычная памяць. Аднак сувязь гэтых вобразаў са злачынствамі хутчэй за ўсё прыхаваная ў лічбах года. З імі якраз і давядзецца галавы надламаць. Павел прыкметна распружыўся, але тым не менш спытаўся пра мяне: – Аднак чаму ліст задрасаваны да Наталлі? – Паспешлівасць, – самазадаволена ўсміхнуўся доктар. Такія тлумачэнні задавальнялі і мяне. Так трэба.
Я бачыла, што нарачэны захапіўся новай забаўкай, і пансіянаркі, з ліку смялейшых, цікавіліся ў мяне пра цалкавітую задуменнасць Паўла Аляксандравіча. Спадарыня Шрэйдар зусім нечакана запыталася пра Вайніслава: «Говорят, że ваш friend jest verschwinden? Schweige heist złoto!». Усё клапацілася пра навучэнак. Мы патлумачылі, што ніякіх турботаў з нашым сябрам нямашака, што ён проста выехаў па справах прыватных у Юга-Западны край. Нашыя словы троху знялі ейную арупленасць. Праўда Павел з няведамай прычыны перад ёю стаў троху заікацца. «Што з ім? Не перад вечам жа ён слова дзержыць», – падумалася мне, і я схацела пацалаваць майго мілага небараку. Але ўчасна агоўталася, успомніўшы, дзе знаходжуся і каго больш за ўсіх на гэтай дзікай планідзе кахаю… Мы падаліся да Людвіка Ляхоўскага бяз яснага разумення свайго візіту, але з некаторым роспачлівым спадзевам. Спадар Людвік цікавіўся даўняй гісторыяй грэка-рымскай ды нават егіпецкай у звязку з гісторыяй беларускай. Ён быў перакананы ды імкнуўся давесці іншым, што словы «Гамер» і «Гомель» аднакарэнныя, што «Іліяда» і «Адысэя» напісаныя на старажытных дрыгавіцка-радзіміцкіх дыялектах, а імя галоўнага героя апошняй – Οδιςευς – мусіла дакладней гучаць як Одычэюць, бо багі былі да яго за малым выняткам зусім одычэлымі. Зірнуўшы на нашую паперчыну, ён без адвалокаў спытаўся, з каторых часоў спадар Боўт стаў менаваць мяне на такі невымоўна ласкавы манер. Гэта ў Людвіка звычка была такая – маўчаць, назіраць, супастаўляць, каб потым выдаць нешта апрычоненькае, што і схавацца ад мыслі ягонай не было куды. Я глянула на яго, як Ксантыпа на Сакрата, і «дзеяпісец» увадначас забыўся пра свой запыт, угрызаючыся ў Славіны радкі. Затым ён узяў пяро і рабочую паперу ды пачаў на ёй штосьцекі крымзоліць, абярняся перакрэсліваючы з адчайлівым подыхам. Людвік быў адназначна не задаволены цяжкасцю раскрыцця сакрэтаў няўрымслівых лічбаў. Мы хвілін сорак бясслоўна назіралі за ягонымі ўпартымі высілкамі. Нарэшце яго вочы паяснелі, спадар Ляхоўскі ўсміхнуўся і прамовіў: «Гатова!» і ўзяўся тлумачыць нам някемным. – Спачатку льга было падумаць, што год ад стварэння свету пазначаны, але ж 7911–5508=2403, што нам нічога не дае. Не буду вас стамляць астатнімі памылкамі, а перайду адразу да слушнага адказу. Зірнем яшчэ раз: року 7911 / 6 стычэня, у 4 гадзіны 14 часін, то бок дзель усіх гэтых лічбаў. Мяне збянтэжыла тут назва стычэнь, бо мне страчалася часцей народнае абазначэнне гэтага месяца студзень ці нават сцюдзень. Мабыць і спадар Вайніслаў ужываў мяноўна апошнія формы, бо ўнікаў… – Прабачце, але чаму ў прошлым часе? – несцярпела такой граматыкі я. – Даруйце. Спадар Боўт зазвычай унікае ў сваёй гаворцы ўсялякае намінкі на пальшчызну, а тут стычэнь! Дзіўна? Але ж не зусім. Шосты дзень і першы месяц – іх трэба злучыць, сплюсаваць, стыкнуць у адзіную лічбу. Атрымліваем любімую для беларусаў лічбу сем. – Чаму любімую? – не сцярпеў гэтым разам Павел. Халера, яму захацелася больш ведаць, чаму тая сёмка так упадабалася крывічам, а не ў чым палягае канчатковы адказ на той вычудны рэбус. – Проста ў народнай паэзіі яна ўчастых ужываецца. Можа быць даўнейшая нашая матэматыка была не дзесятковай, а акурат сёмкавай. – Вы думаеце, гэта таксама намёк? – не супыняўся Павел. – Наўрад ці. Як бачым, пасля лічбы 7 (6 стычэня) стаіць коска, то значыць маем справу з дробамі: 7,414. Дык жа дзелім 7911 на 7,414 і атрымліваем 1067,03, калі акругліць да сотых. – Бітва на Нямізе! Voilà qui est clair! – выгукнула я. – Так, так, – хітнуў галавой спадар Людвік. – Слухайце, вы ж геній! – дапяў да сэнсу разгадкі мой нарачэны. – Парадоксаў плуг, – усміхнуўся той у адказ. Калі эйфарыя прайшла, трэба было высветліць, якім жа бокам бітва на Нямізе датыкалася да сучасных нам забойстваў. Мы безумоўна памяталі Славіны развагі пра Нямігу, пра Бая ды Бабая. Падавалася, што ўжо тады ён мусіў штосьці ведаць ці, прынамсі, прадчуваць: «Там тысячагоддзямі таілася зло». Мы мусілі б узброіцца трываннем, ускочыць на коней светлых думак і адваяваць сэнс загадкі Нямігі. Але Павел, нібы спахапіўшыся, рэзка перацяў хаду маіх подумаў: – А як жа Рэч Паспалітая Двух Народаў?! Гэта быў сапраўдны ўдар, бо меркавала, што версія доктара Загорскага ўжо забытая. Недаўменнаму Людвіку мы хутка раз’яснілі сутнасць той домнеўкі. Ён, відаць, каб не злаваць мяне, наўмысля пры чытанні ніяк не адрэагаваў на «золататайныя» радкі. – Ну ня праўда, – не згадзіўся «дзеяпісец» з расшфраванкаю доктара. Глядзіце: тут «тайна двух», што ў крывіцкім дыялекце адзначае альбо тайну аб’ектаў вылучна мужчынскага роду, альбо аб’ектаў і maskulina, і feminina адначасова. Літва і Польшча ў нас feminina, то мусіла б стаяць «тайна дзвюх». А па-другое, што гэта за шлюб такі паміж дзвюма кабетамі? Гэта ж Паўночная Сарматыя, а не абтока Лесбас! Сказ той будзе, баржджэй, нейкаю цытытаю. Во толькі скуль ён яе выцяг? Здавалася, я проста павінна была кінуцца ў росшукі, каб зняць падозранні з сябе ненаглядкі.
Ледзьве мы падзяліліся разлікамі спадара Ляхоўскага з зацікаўленымі асобамі «Дасканалага Крывіча», а тыя збольшага пагадзіліся, па Менску ў неакрытай бессаромнасці прайшла чаговая почутка пра яшчэ два жорсткія, як высвятлялася, забойствы. Дзесь на рагу ці паблізу рога Глухой вуліцы і дарогі на Заслаўе знайшлі адну бядачку. А ля лукі Свіслачы поруч з Мала-Татарскай – другую. Дзеўчыны, як сказаў прыяцель спадарыні Яроцкай, што служыў паліцэйскім лекарам, былі абсалютова голыя. Забойца быў праўдаістым адлюдкам. Я моршчыла лоб і старалася не слухаць, каб лішні раз не ўражваць сябе. Не атрымлівалася, я слухала, адчувала, як апавядальнік пахне фармалінам, па-блюзнерску думала: «Як Светаліна з ім цалуецца?» і мяне мала не пачынала мліць. Pathologoanatom заўважыў гэта і прыгадаў показку пра пана Марцінкевіча, які кінуў у юнацтве медычныя студыі, бо не вытрываў першага ж наведання анатамічкі. Спадарыня Галавацкая, якая за Вайніславам яўныя таскноты мела, у каторы раз дала вольку эмоцыям. Сядзеўшы перад тым, нібы камень, збоку ад усіх, яна счавіла гронкі свайго гневу і журбы ды ўсклікнула: – Якія могуць быць такой часінай жарты?! Дзяўчаты гінуць ні за гелер! Шлындае па горадзе ганебны вырадак, і ніхто яго не ловіць! А зніклыя людзі?! – Чалавек, – паправіла Каміла Свентаржэцкая. – Ды ён адзін дзесяцёх варты! – натужна працягвала Ірэна. – Які толк з таго ліста, што вам перадалі, калі чалавек так і не аб’явіўся? Дый баюся, паперчына ваша – фальшыўка. У Мінску па-свінску. Атрымалі цыдулку і супакоіліся. А ці знайшлі вы хоць след таго, што ён жывы?! Вы ж не шукалі. Дзяўчынкі каснічкі ў косы ўплялі… Ды не можа цяпер быць супакою! Не-мо-жа! Кепска ў Менску, пане Каранеўскі! Не трэба спачываць на дзядоўніку аблуды. Як хочаце сабе, а я бяруся за пошукі Вайніслава… – Не хвалюйцеся, пані Ірэна, – паспрабаваў уклініцца ў ейны маналог мой нарачэны, – мы ўсе заклапочаны з прапа… – Ён мой! І ніхто лепш ад мяне яго не будзе… – спадарыня Галавацкая пачала досыць горка плакаць, што зноў жа сталася іспытам для мяне: як самой не зарумзаць следам за ёй. Але тым часам Каміла, каб суцішыць агульную напругу заспявала сумную беларускую баляду:
Ад крыкоткай безвыходнасці я апала ў меланхолію, якая марскім зверам душыла мяне, хаця мора плёскалася дзесь дужа а дужа далёка ад Менску, і не бачылася ані дарог, ані мастоў, што прывялі б мяне туды. З меланхоліяй было цяжка спрачацца, але я ўсё ж старалася, як толькі магла. І, як не магла, таксама старалася. Аднойчы, седзячы ля вакна, я цікавала за вуліцай. Проста глядзела праз шыбку. Нейкі спадар крочыў у бок Саборнай плошчы, трымаючы пад пахай ладны фаліянт. З няведамай прычыны (можа і ад майго млявенькага вока) ён спатыкнуўся і упусціў сваю ношку. Кніга, упаўшы долу, разгарнулася нябачнымі таямніцамі. Я, быццам Архімед у лазні, крыкнула: «Эўрыка!» і рушыла да шафы з кнігазборамі маёй хроснай. Мне прыгадаўся спосаб варажбы па нечытаных кнігах. Заставалася ўзяць з паліцы першую-лепшую, разгарнуць наўздогад і тыцнуць пальцам, задаўшы папярэдне, як мага больш ёмістае пытанне. Ці маё пытанне было ёмістым, не ведаю, але яно цалкам адпавядала становішчу ператруханых думак: «Што рабіць?». Заплюшчыўшы вочы, я намацала ў кніжнай дружыне адну і ўчыніла названыя маніпуляцыі. «– Пакіньце, мілая, калі ласка, не трэба цырымоніяў, – абвесціў Мілавідзін», – цвердзілі радкі з рамана пана Фадзея Булгарына «Іван Выжыгін». Я пяць-дзесяць хвілін не магла адбіцца ад навальнага смеху, каторы ўрэшце перамяніўся плачам, што завёў мяне ў непрытомнасць. Надта ж тыя словы мне нагадвалі кагосьці… Здавалася, што я дастаткова многа ведала пра свайго будучага мужа. А тут з’явілася гэткая парада. Ці Павел Аляксандраў мог мець якоесь дачыненне да цёмнага боку гэтага медаля? Першым маім жаданнем было скарэй забыцца пра сваю варажбу, палічыць яе дзяціннаю бязглуздзіцай. За вячэраю хросная заўважыла маю арупленасць і папытала пра прычыны. Я паспрабавала патлумачыць. Серафіма Паўлаўна наўздзіў усё зразумела і сказала: «Прырода нічога не чыніць проста так. І калі ў кнізе табе выпалі гэтыя радкі, ты мусіш, калі не паверыць, то хаця б праверыць слушнасць паслання. Увогуле ж раю табе напотым меней данімацца такога спосабу развязання тупіковых пытанняў. Аўтары могуць хлусіць, але кнігі – ніколі. Аднак нямашака ніякае пэўнасці, што іхная праўда не будзе калоць табе вочы і сэрца». Я была ўдзячная ёй за простую мову гэтай ісціны.
З той пары я стала сапраўдным дэтэктывам, нават трошкі шпегам, бо, працягваючы сустракацца з Паўлам, нічога лішняга яму не казала, а наадварот вакольнымі трактамі імкнулася наблізіцца да меркаванай праўды. Ці грала я «Агатку», ці хрысцілася перад абразамі, ці аддавалася няўёмнай жарсці – заўжды падымалася да вуха: а раптам Павел выдасць штось нязнанае мне! Гэта лякала ў агульнай чарадзе таямнічых здарэнняў, што адбываліся ў нашым дужа любасным і пекным Свінску… Я, канечне, і думай не мысліла, што Паўлуша мог быць змрочным мардэрцам гаротнных гараджанак. Гэта было б занадта. Але я ўсё роўна шукала. Шукальніца!
Неўзабаве мы мелі святкаванне нейкай гістарычнай даты. Якой пайменна, зараз адразу і не прыпомню, а корпацца ў календарах і даведніках не жадаю. Але дата была ўвачывідкі не расейская… Дакладней, бачылася такою і адзначалася зусім не публічна. Сабралася нас чалавек дзесяць-дванаццаць у дамку спадара Драбышэўскага, які туліўся па вуліцы Шпітальнай. Мужчыны частаваліся размаітымі гатункамі хатніх гарэлак. Мігдалёўка, мялісаўка, кменаўка, аныжоўка і нават кавовіца запрашалі пачаставацца сабою і ацаніць увесь смак. Спадарыні ж бавілі жаночага Бахуса лікворамі накшталт ружавага, ванільнага ці сунічнага. Адмыслова для мяне Павел прыхапіў нядзешавага “віна каметы”. Сярод прысмакаў вылучалася вэнджаная бараніна па-татарску, то бок мяса з бараніх лапатак, вымачанае ў перным расоле, падпечанае, а потымка задымленае ў негарачым дыме галінак ядлоўцу. З гэтай халоднаю патравай таксама расстараўся мой нарачэны. Свята было, як свята. Куламеса польскіх, беларускіх і расейскіх тостаў і паздароўканняў. Мяшанка настрояў і думак. Гармідар неасцярожнасцяў. Добра, што не было тады Галавацкай, бо ўсё сваімі крыкамі папсавала б дачасна. Толькі гэтая кулдыяшка магла парушыць Славіну просьбу («ня ішчыця міне ў Менску»). Няўжо каханне засціла ёй розум? Не знаю. Ці было наагул у яе тое каханне? А розум? Нашыя gentelman’s патроху-патроху набахусаваліся без розуму. А нехтачкі нават меры не датрымаў. Аляксандраў і Драбышэўскі. Сядзелі ледзьве не ў абдымку і малолі касмічную лухту. – Чэсю, ты ўвесь час у неба пазіраеш. Навошта? Усё адно там пустэча. Чорнае неба нашых грахоў. Сонца свеціць, але не дае святла. Ты думаеш, там нехта ёсць? Бог? Шатан? Іншыя людзі? – Нават, калі там адно толькі бяздушнае каменне, нам не пазбыцца вабы сусвету. Нас будзе цягнуць туды. Насуперак Ньютону людзі паімкнуць туды. – Як птушкі? – усміхнуўся Павел. – Дарэмна смяешся. Ці мог, напрыклад, просты смяротны чалавечык пару стагоддзяў таму ўявіць сабе паравоз? Мог толькі геній, якога не ўсе слухалі. А цяпер вось ён – паравоз – зусім блізенька, і чыгунка хутка абаўе і нашу Беларусь. – Баюся, што абвівы тыя будуць нам на слёзы… Але добра, няхай сабе людзі пакрочаць у неба. І што яны там пабачаць? – Ты ўзноў за сваё? Ты ж прыродазнавец. Ты мусіш уяўляць каштоўнасць касмічных целаў. – Якая мне каштоўнасць ад Месяца, акром цьмянага святла ў начы? – не сунімаў мой нарачэны п’янога скептыцызму. – А можа там горы з залатога пяску? – знізіў да неімавернасці сваю пафаснасць наш звяздар. – Не-е-е, калі б там мелася золата, то Месяц быў бы жоўты. А так ён рачэй срэбны. – Дык хіба лішняе срэбра нам зашкодзіла б? – па-змоўніцку, як атрымлівалася, прамовіў Чэсь і напоўніў гарэліцай для працягу мысленчага лёту кілішкі. – І як жа я не даўмеўся, – стаў шаптаць Паўлуша, разгублена матляючы галавою. – Мы на гэтае срэбра ўзнялі б тутака трэцяе паўстанне і заткнулі б урэшце раты нашай бяздумнай арыстакратыі… – Перарабілі б трэцетравеньскую канстытуцыю, надаючы права народам Новай Рэчы Паспалітай на самаўрад і публічнае жыццё ўсіх галаўнейшых моваў, скасавалі б прыгон… – працягваў летуценні Драбышэўскі, перайшоўшы чамусь на лаціну. Лаціна сённячы не ў модзе, як і ў тыя часы, то я не хачу дзіўнотамі старых рымлянаў і сярэднявечных мніхаў, якія раптоўна ўвасобіліся ў вуснах Чэся і Паўла, палохаць мажлівага чытальніка майго мемуару. – А калі там няма ні халеры, а толькі ледзяныя каменні і вечныя белыя мухі? – наноў засумняваўся мой мілы. – Дый даляцець пакуль няма на чым… Але напэўна ж будзе. Памятаеш, што першы Бэкан пісаў? Аляксандраў пацешна хітнуў на знак згоды, але мне ад таго відовішча мала пацехі стаяла. – А я, напрыклад, – не выбіраўся суціхаць Драбышэўскі, – чытаў адзін наш стары манускрыпт, уратаваны маім бацькам ад агню ў 39-м. Дык там наш далёкі продак Свабадан Корка ясна пісаў пра мажлівасць спаруды ў будучыні машынаў дляпалёту ў космас: «Панежа пціцы ад прыраджэння лятаці па воздусе могуць, така ж і чалавек ведля розуму і рассудку свайго можэць махіну сатварыці, яна жэ лятаці будзець ня толіка проста над зямлёй, але і ў небі сядзьмым, гдзе свецяць Месяц, Соўнцэ і звёзды ўсі». Цытатку ён прытачыў на старакрывіцкім дыялекце. Гэта яўна закранула, як прафесійны гонар, так і самалюбства Паўла. Ад таго ён пачаў бязвоглядна прыдумляць свае ўласныя заслугі ў знаўстве старажытных манускрыптаў: – Я ў Вільні быў. У бібліятэцы працаваў. Адзін рукапісны зборнік пачатку ХVІ стагоддзя бачыў. А там дужа цікавы ўрывак ёсць. Аўтар – нейкі Альбін Крыштаповіч – прыхільна выказваецца аб геліяцэнтрычнай тэорыі. Але да ўсяго дадаў думку пра наяўнасць на небе не адной, а дзвюх планетаў Зямля, якія рухаюцца такім чынам, што ні мы, ні тыя іншыя не можам убачыць братнія планіды, бо ўвесь час яны хаваюцца адна ад другой за Сонцам… – І ты маўчаў? – узрушыўся ад неверагодных звестак Чэслаў. – Гэта ж цудоўная інфармацыя для маёй кнігі… Ты нічога не блытаеш? Выпіскі якія-небудзь рабіў? – Натуральна. Пра другую Зямлю доктар Крыштаповіч пісаў: «Цёмна было, очы светласць ня відзелі. Куры ня пелі, сабакі не брэхалі. Дошч ішоў, цёмна было, вецер веяў. Разумеў, што судны дзень настаў…». Маўляў, ад імя таго «іншазямляніна». Фантазіі, вядома. Але ж, як паэтычна! – Паўле, дасі пакарыстацца? Калі што, я сам выпраўлюся ў Вільню. Дасі? – Натуральна дам. Вось толькі зараз пераможаш мяне на ручках і абавязкова атрымаеш патрэбныя выпіскі і дакладную назву зборніка, – нечакана рэкнуў Паўлуша і паставіў правую руку на стол, зрыхтаваўшыся да ходання. Я гатовая была ад сораму ў цемру апраметную праваліцца. Аднак паўстрымалася. – Чур, левымі! – з неабыякой жвавасцю падхапіў Чэслаў прапанову майго мілага. Той згадзіўся, і яны сталі дужацца левымі рукамі, станаўко дзержачы раўнавагу і працягваючы дышкурсаваці. – А Сонца? – прашаптаў Павел. – Абпаліцца можна, – пракрахцеў Чэсь. – Вельмі моцна пры тым. – Аднак прашчуры нашыя, грозныя крывічы, шанавалі яго… – Не без таго. Ува ўсім захавалася салярная сімволіка. Ганчарны круг і то – знак Сонца. – Хіба? – Спытай у ганчара… – Дзе той ганчар? Невідно тутака. Іхныя рукі пачыналі дрыжаць, і можа б адзін з іх урэшце здаўся, але раптоўна штосьці гучна хлопнула, а мой нарачэны падскочыў з месца, як казліным малаком абшпараны. Кісць левае рукі сцякала крывёю. Хтось цэлы вечар сачыў за намі праз вакно, каб потым стрэліць. Зіма ж тады мяккая была, шыбкі не марозіла… На нагах ад крывавай неспадзяванкі трымацца я не змагла. Падзеі каторы раз набывалі нечаканы паварот. Паляванне ўшчалося супраць некага з нас, і ўсім меркавалася тут сувязь з забойствамі мянчанак і знікненнем з відавоку спадара Вайніслава Баўта. Раненне было нянадта сур’ёзным. Як патлумачыў доктар Акімовіч-Загорскі, гэта сталася наступствам стрэлу з ладнае адлегласці. Калі б зламыснік наблізіўся на колькі сажняў да дому, дык Паўлу давялося б развітацца з левым корхам, бо раздрабіла б косткі ўшчэнт. У паліцыю звяртацца палічылі нявартым, бо гэта давала б падставу для лішніх роспытаў. А іх мы ўсе чыста асцерагаліся, бо так ці інакш пачуваліся шкадліымі катамі з прычыны нашых сходаў. Сапсаваную стрэлам шыбу Чэслаў тэрмінова замяніў. Павел сядзеў з перамотанай рукой і, здавалася, плакаў. Я асцярожна глянула яму ў вочы, і ён, адвярнуўшы голаў, прашаптаў: – Вось яны твае рымскія шэршні, Наталечка! Не зусім каменныя, але так кусаюцца. У руку. Бо прыручоныя. Добра, што шалёнай пярэстай каровы не прысніла. У ягоным голасе трымцелі ноткі ўшчування, нібы гэта я была віннай у тым зламысным учынку. – Навошта так марнавацца, Паўлуша? Нашто такая крыўдлівая радасць ад тлумачэння маіх тлумных сноў? – я пераставала пазнаваць у гэтых пытаннях самую сябе, маўляў, хтосьці казаў тыя цягучыя, як ліпавы мёд, словы замест мяне. Гэта таксама лякала.
Выявілася, што розум у пэўным спалучэнні з выразнай безразважнасцю ў спадарыні Ірэны Галавацкай ўсё ж быў. Не ведаю, што яе варухнула, але яна пажадала пабачыцца tête-а-tête са мною. Сустрэліся мы ў Аляксандраўскім скверы. Хадзілі туд-сюд па сцяжынах ледзь-ледзь прысыпаных снегам. Ірэна пачала. – Я здагадваюся, што вам неабыкавы лёс спадара Вайніслава Баўта. Ці праўда? – Але, – з долькай адстароненасці вымавіла я. – Толькі ж мы ўсе за ягоны кон перажыванні маем. – Не. Я не пра гэта. Я пра каханне. Вы ж кахаеце яго? – Што вы сабе дазваляеце?! – спрабавала ўскіпець я. – Я амаль замужняя жанчына. Ці вам хочацца мяне ў непрыстойніцы запісаць?! – Не гарачкуйце, не трэба. Усё і так ясна-яснютка. Кахаеце… Я таксама кахаю. Мы супоркі з вамі, Наталля, і ў іншай аказіі я не стала б і гаворкі пра нашыя пачуцці пачынаць. Але цяпер… Цяпер нам трэба адшукаць яго, а ўжо потым хай ён сам выбірае – вы альбо я. Я ўміг аціхла і доўга не магла выціснуць зь сябе хоць якую-кольвек фразу. Але потым сабралася з сіламі і духам, паглядзела ў журботныя ейныя вочы і паўшэптам спытала: – І як? – Вельмі цяжка. Трэба думаць. Вы ж таксама лічыце, што раскрыццё злачынстваў учыненых супраць мянчанак паспрыяе і ў нашай з вамі справе? – Магчыма і так. Толькі, як нам да гэтага раскрыцця падступіцца, калі нават паліцыя б’ецца-б’ецца, бы муха аб шкло, і нічога дабіцца не можа. Ці не хоча. А ў нас жа нічагуські канкрэтнага пра забойствы няма, адно плёткі дый годзе… – Авось і не, – пераможна усміхнулася Ірэна, і я зразумела, што ёсць у яе нешта важнае, чаго я не ведала. У наступную гадзіну мы апынуліся ў яе на кватэры (дзесьці на Сляпянцы) і яна распавяла ўсё па парадку. Вось жа надоечы, перад нашай сустрэчай, Ірэна Галавацкая прабралася спасярод ночы ў паліцэйскі архіў (ці як там тая багадзельня называлася?) і адшукала тое, што хацела адшукаць – паперы з апісаннем забітых дзяўчат. Маючы фенаменальную памяць (у гэтым я пераконвалася неаднакроць раней), яна даслоўна запомніла прачытаныя апісанні і дома перанесла іх на паперу. Дзівілася я, такім чынам, не гэтаму, а таму, як ёй пашанцавала натрапіць менавіта на патрэбныя дакументы. А дакументы нявечылі свядомасць. Дзяўчаты былі закатаваныя значна страшней, чым малявалі самыя бухматыя чуткі. Першая ахвяра, сапраўды знойдзеная паміж мячэтам і Нямігай, памерла ад захлынання. То бок злачынец сілком трымаў яе галаву ў вадзе, ды не ў простай вадзе, а ў смярдзючай гнілой зялёнай вадкасці з чырвоным водлівам. Пра імя ў паперах нічога не было. Другая забітая была насамрэч габрэйкай. Крэйну Шыфэр (так яе звалі) задушылі, а ў рот напхалі жабіных галоваў. «Паўсотні,» – падлічыла паліцыя. Колькі было гнюсу ў роце наступнай бядачкі ніхто лічыць не ўзяўся, адзначыўшы адно няпэўна пра вялізны камяк мошак ды іншых размаітых інсэктаў. Чацвёртая дзяўчына мела абпечаны твар. Паліцыя яўна шукала жыўнасці і на ейным целе, аднак, апроч phthirus pubis, нічога не знайшлі, але асобным пункцікам пазначылі і пра гэты факт. Апошнія дзве, як і другая, былі задушаныя. Ніводная з чатырох небарачак, насуперак людcкой пагалосцы, не была гвалтаванай. У мяне забалела галава. Маючы на руках такую інфармацыю, мы мусілі рабіць штось канкрэтнае. Забойца маляваўся ўсё больш вычварным і вычудлівым. Яму, канечне, далёка да гучназнанага цяперака Джэка Вантробніка з выспы Брытых Анёлаў, але тады хапала страху і ад сваёй тутэйшай person in the grip of an obsession. Асабліва мне было страшна, калі спрабавала зразумець сувязь паміж усімі жахлівымі падзеямі апошніх трох месяцаў. Усё ў галаве мяшалася, бурліла, віравала і самым надзвычайным чынам імкнулася вырвацца вонкі. Ой, гора ж маё! Мы, ясная рэч, лічылі сябе разумнымі жанчынамі, і ў дзённіках гатовыя былі славіць свае мазгі, цануючы іх больш за золата і срэбра, а пагатоў за асігнацыі. Аднак у гэтай блутанцы, каму-каму, а нам з Ірэнай даводзілася пачувацца чужаніцамі: алею ў галаве не ставала. З рыплівай душой мы прызналіся сабе ў гэтым і пайшлі да Людвіка Ляхоўскага. Я была пэўнай, што спадар і гэтую шараду раскусіць, як гарэшак. Спадар Ляхоўскі з цікавасцю сустрэў нашыя прапановы. Ён пасміхаўся і, слухаючы, кідаў позіркі на Ірэну, нібыта кот на смятану. Я здзівілася, бо Людвік, быўшы халасцяком, ніколі не выглядаў на бабахота. А тут такія вочы! Ірэна на гэта не зважала і паслядоўна выкладала ведамыя факты. «Дзеяпісец» не менш паслядоўна ўсенька занатаваў, а потым прапанаваў гарбаткі. Мы згадзіліся на гарбатавую цырымонію, абы толькі не пакрыўдзіць шаноўнага мазгара. Тут варта яшчэ нештачка адцеміць. Людзей тыпу Людвіка, а нат і разумнейшых за яго, у Менску хапала. І я, і Ірэна чулі мо’ з паўдзясятка розных прозвішчаў, носьбіты каторых слынулі гострым розумам і праніклівасцю. Мы маглі б звярнуцца да старога Ігната Легатовіча, што зрок свой пакінуў на бачынах, чытаных ім кнігадрукаў і рукапісаў. Дома ў яго было шмат цікавых і рэдкіх выданняў, многія з якіх ён ведаў напамяць. Можна было б пайсці да спадара Мікалая Караткевіча, які спрабаваў пісаць беларускія вершы, а яшчэ больш займаўся росшукамі даўняіндыйскіх каранёў у народных крывіцкіх песнях. Аднак ні таго, ні другога мы не ведалі асабіста, а справа – пагадзіся, любы чытачу! – была надта далікатная, каб пасвячаць у яе незнёмых, дарма што разумных, людзей. Не зважаючы на тое, што спадар Ляхоўскі як чалавек спараджаў ува мне не самыя лепшыя эмоцыі, давялося сціпленька адсунуць іх у далёкі куточак-вугалочак. Нечакана для сябе самой я нават усміхнулася пэўнага кшталту ласкавай усмешкай. Атрымаўся гэтакі траісты хаўрус, да двух звёнаў якога пры іншай раскладцы рэчаў я ніколі б не прылучылася. Такі прылучáй, што з куколем каравáй. Пакінуўшы Катá Смятанкавіча разбірацца не з малочнымі рэкамі, а з крывавымі берагамі, мы разбегліся па сваіх справах. Усяведная спадарыня Шрэйдар чародным разам учыніла допыт мне і Паўлушу. Цікавілася найперш ягонаю рукою: «Będcie so любезны et explain mir, per favore, jak pan свой main verletzt hat?». Нарачэны стаў плясці кашалі ў лапцях пра ангельскі спорт boxing, каторым ён, нібыта, так няўдала стаў займацца. Гаварыў досыць няскладна, і гаспадыня пансіёна наўрад ці верыла яго растлумачэнням, але ўважна пагойдвала галавой. Яна абвяла нас халоднымі хітрымі вачыма і, як сумела, прамовіла па-беларуску: «А мо, мапанку, ня з тым паздароўкаўся быў?». Яна відочна на нешта намякала. Прынамсі давала ўразумець, што цудоўна ведае пра нашыя плёсканні ў беларушчыне. Але чаму не казала ўсё простым тэкстам, а дурыла нам галаву сваімі вычварнымі рэплікамі? Віхурылі розныя версіі, і сэрцу траха не было паскудна, бо intuition праракавала імавернасць паліцыйнага ўваходу ў нашыя беларускія справы. За колькі напружаных секундаў ува мне паспела прайсці стогадовая вайна сумневаў з агніскамі пострахаў для нецнатлівай Жаны д’Арк Гомельскай. Я супакойвала сябе тым, што маса людзей, звязаных з беларушчынай, не пераследвалася паліцыяй (многа я знала, глупічка!), а спадар Шпілеўскі нават цэлую кніжку пра Беларусь выдаў – і нічога дрэннага. Урэшце я раскрыла свой рот, ніяк не рэагуючы на беларускамоўнасць апошняй фразы гаспадыні: – Ды не, спадарыня Шрэйдар. Паўлуша сапраўды захапіўся гэтым дзікунствам. Але што зробіш? Мужчынаў жа хлебам не кармі, а дай кулаччом памахаць. Дык добра, што хоць па ўсталяваных правілах, а не ў карчме без ладу спаміж цьмянай непрыстойнай публікі. – Und чем tutaj sense? – палагаднеўшы, спытала яна. – Sense ёсць тым… – натхнёна пачала я. Але Павел, агоўтваючыся ад чарговага здранцвення, паспрабаваў уткнуць свае няўцямныя тры грошыкі: – …у чым трымаецца зразумеласць… – …чаго-колечы… – роспачна беспаспяхова зрабіла я высілак на давяршэнне нашай супольна бессэнсоўнай тырады. Спадарыня Шрэйдар па-саламонаўску ўздыхнула: – Любезнейшие мои, io verstehe here nils cholera! Вoxing to jest for крестьяне… Io chciałem вам recommend football. Тhat jest phantastich! Footbal ist игрой of Zukunft! – Магчыма, – прамармультаў Паўлуша. Гаспадыня зноўку ўсміхнулася і, гатовая ўжо нас адпусціць, запытала: – Czy товарищ ваш go home? Мяне нібыта па шчаках адхвасталі, так яны загарэліся пасля гэтага пытання «мімаходзь». Гаспадыня мяне нервавала, і ў розуме маім мільгатнула (ды не знічкаю, а ззяннем паўночным!), што спадарыня Шрэйдар усім цікавіцца не проста так. Абазнанасць ейная здавалася надта аб’ёмістай і ад таго паўстрашальнай. Як што Павел моўчкі стаяў, быццам стод, на пытаннейка адказала я: – Вярнуўся. Вось толькі прыхварэў трошкі. – Бедняжечка. Удакон агаломшаныя паводзінамі гаспадыні мы нарэшце пакінулі злавесны кабінет. Яна мне рашуча пераставала падабацца.
Пасля заняткаў да мяне падышла вельмі пекная пансіянарка выпускнога году Эміля Самбук. На ейных вейках дрыгатала хваляванне, а язычок не мог гладка увасобіць думку: – Mademoiselle Клыкоўская, я… у мяне… вы… да вас справа. – Слухаю вельмі ўважліва. – Я пазнаёмілася з адным monsieur. Мне думаецца, што гэта coup de foudre. Але баюся, што толькі з майго боку. Маю avant-goût, што не кахае ён мяне зусім. Il y a plus ён значна старэйшы за мяне. – Якога веку? – Гады 23 можа. Mademoiselle Наталля, ён мастак. Піша пейзажы і партрэты. – Дык ад чаго ваш страх, апрача ягонага ўзросту? – дзелавіта ўдакладніла я. – Ён запрасіў мяне к сабе да дому. Хоча напісаць мой партрэт у вобразе Дыяны. Я страшуся собскае à nu і таго, што Антонія найперш вабяць мае, pardon, mamelle, а зусім не пачуцці. Грудзям ейным і сапраўды магла пазайздросціць кожная какетлівая паненка. – То чым жа я пані Эмілі магу дапамагчы? – Схадзіце разам са мною на першы сеанс. Калі ён вам не спанаравіцца, то я адразу ж разарву з ім кожныя стасункі. Хай тады prostituée малюе, mauvais subject! – пасля неспадзяванай прапановы зняцейку рэзка закончыла свае словы пансіянарка. Я скрывіла носік: – Фі, як паненцы не сорамна так выслаўляцца? – і, загнаўшы Эмілю ў барвізну, пагадзілася з ёй. Насамрэч мяне радавала тое, што яна знайшла сабе кавалера. Узрост там быў абсалютова негалоўнай акалічнасцю, бо нярэдка розніца між жонкай і мужам складала ад пятнаццацёх да трыццацёх гадоў. Цешылася ж я таму, што пансіянарка нарэшце перастала касіць свае блакітныя вачаняты на майго нарачэнага.
Па словах закаханай пансіянаркі спадар Крушэўскі – такім прозвішчам ён назваўся Эмілі пры знаёмстве – наймаў кватэру на Паліцэйскай вуліцы. Увечары мы туды з ёй і адправіліся. Адрас паненка завучыла напамяць і згадвала па дарозе разоў колькі ў самых разнастайных кантэкстах. Мяне гэта крышку злавала, бо дзяўчына ў тыя моманты прыпадабнялася да папугі. Шлях нашага падарожжа быў нянадта даўгім. На скрыжаванні Захараўскай і Паліцэйскай мы збочылі направа. Я ледзьве дыбала за вучаніцай, якая ўвачавідкі неслася на крылах кахання, якія перасталі трымцець ад ранейшай боязі. Эміля пагрукала падвесным малаточкам у патрэбныя дзверы. Пазней я сцяміла, што стаяла вустарань ад дзвярэй і візітанткі – такім чынам, што знутры дома агледзіць мяне было немагчыма. Таму і спадар, каторы неўзабаве выйшаў, быў пэўны, што «Дыяна з пансіёна» прыйшла згодна з запросінамі адна. – Рады вітаць Вас, о святло маіх вачэй, – ялейна прапяяў мастак. – Вечар добры. Калі будзе дазволена Вамі, я тут не адна, – дзяўчына дала мне нарэшце магчымасць ступіць да ўвахода і зірнуць на спакмень ейных уздыханняў. Зграбная пастаць. Модны еўрапейскі гарнітур, з якім жудасна кантраставала бязлепая турэцкая шапка. Я ацаніла ўсё гэта ў дзве секунды, а на трэцюю дапяла, што твар, каторы ладна хаваўся за чорнаю з просінню барадой, быў на сто адсоткаў знаёмым. – Ты-ы?! – з глупым парсючым візгатам выкрыкнула ваша пакорлівая слуга, пазнаўшы ў барадатым спадары свайго мілага Паўла Аляксандрава. Я чакала адпіранняў, вужыных звіванняў і беспардоннае хлусні напару з яхерыстымі і бязглуздымі апраўданнямі заспетага мала не на гарачанькім нарачэнага. Чаканні былі вельмі кароткімі – Павел без аніякіх словаў чыста знянацку зрабіў злева бліскавічны ўдар кулаком мне ў сківіцу. Пасля дзённага паўночнага ззяння ў кабінеце спадарыні Шрэйдар цяпер ледзьве не фігуральна давялося пабачыць Вялікую Мядзведзіцу з усімі ейнымі мядзведзяняткамі, якія мерна рассыпалі вакол сябе шматкаляровыя пярлінкі. Апрытомнела я хвілін празь пятнаццаць, літаральна плачучы ад немага болю і невымернай крыўды. Аціраючы гэтыя (ужо мае ўласныя) салёныя пярлінкі, зайшла ў дом. Усе, як адзін, пакоі былі пустымі, а сцены абшарпаныя, пакрытыя дзе-нідзе цвіллю. І толькі ў найдалейшым куце ляжалі іржавыя ланцугі. Ні Паўла, ні Эмілі не было. Я хуценька выбегла вонкі. Балазе новы снег за час маёй непрытомнасці не пайшоў, дык быў шанец агледзіць на старым снежным покрыве знакі. Папросту – сляды. Яны сведчылі: Павел адключыў пансіянарку і бяспамятную павалок кудысь у бок Садовай. Надта вусцішна было думаць, што мой нарачэны займаўся ўсёй гэтай плюгой і брыдотай. Хваляваў мяне і канкрэтны лёс глупенькае цыцохі, бо ейная прапажа аўтаматычна рабілася маёй вялікаю віной. Ды такою віной, што лепш было мне са снега не ўставаць… Сляды былі надзіва выразнымі, што лёгкім ставалася не проста ісці, а подбегам бегчы, маючы ў сабе раскроенае сэрца, чуючы ўнутры сто мяхоў заклапочанасці. Нездарма я разы два-тры ўпала і ў нейкі з іх набіла сабе калена. Мабыць не так балюча, бо жвава працягвала пераслед, аж покуль не спрыкмеціла долу цела пані Самбук. Што я магла тады падумаць? Падумала, што смерць напаткала юную мраенніцу аб чыстым каханні. І хоць раней я ніколі не мела справаў з мерцьвякамі (апроч загіблых птушак і нашай гомельскай котачкі Кіці), я кінулася да Эмілі, як той каралевіч да спячай прыгажуні. Каралевіч з мяне, канечне, быў нікудышны, а вось прыгажуня сапраўды спала і сном не такім ужо і вечным, як гэта мне здалося спачатку. Відаць, зладзюга чагось перапужаўся і не схацеў цягнуць паненку далей праз Садовую да Свіслачы (ці куды?). Гучнымі і важкімі поўхамі я разгоўтала няшчасную Беласнежку. Тая лыпала з неўразуменнем сваім веснімі вочкамі, а потым, падобна мне, зарумзала ажно morve пацякло. – Ты жывая здаравенькая? – спыталася я з нечаканым панібрацтвам і яшчэ больш неспадзяваным крывіцкім дыялектам. – Que? – пачала па-французску паненка, а працёршы вочы, кінулася мне на шыю з пасіленым перапёлкавым плачам. – Ай, цётачка Наталечка, за што ён так мяне? Завошта ён цябе так трэснуў? Я ж мысліла чалавек, а то поскудзь шалудзівая… Мяне прыглуздзіла. – Стой, хіба гэта не Павел Аляксандравіч Аляксандраў? – Ой, што Вы, – адкаснулася ад наслання пансіянарка. – Ён мо’ і падобны. En effet. Але гэта не Ваш будучы époux. Я адразу бачыла, што падобны, то і падумала… – Сцішся, – даволі рэзка я перапыніла ейныя тлумачэнні. – Ты скажы лепш, ці цэлая? Тая замоўкла, напэўна сумеўшыся ад няслушна зразуметага пытання. – Ну во зараз гэны твой любіснік не набіў цябе? Рэбры ці пашчакі не паламаў? – удакладніла я. – Не, здаецца, – працямумліла дзяўчына. – Знаеш, дзеванька, не смей ты пра гэты казус нікому шверкаць, а злашча спадарыні Шрэйдар. А то я асабіста абраблю цябе так, як божанька чарапаху. Ясна? – А-га… – скуголячы, выціснула з сябе тая і па-дзіцячы дадала. – А да чаго тут чарапаха?
Я зноў не пазнавала сябе і сваіх словаў. У мяне троху ныў крыж: верагодна, няёмка ўпала. Мяне ў жыцці так білі толькі двойчы: вось у гэты памянёны толькі што раз і колькі гадоў пазней – у 1863-м. Змрочна. Пра 63-ці, дык увогуле згадваць страшна, бо тут у Беларусі чварылася чортвед што, і я надта сумняваюся, каб нехта гэта змог калісьці асягнуць розумам і праўдзіва апісаць. Калі ўжо пра Каўказ і горцаў даводзіцца ўсялякую лухту чытаць і чуць, то што тады прыдворныя пэцкалі папераў пра нашу Беларусь накрамзоляць?! Зірнуць, напрыклад, у «Крывавы пуф» Усевалада Крастоўскага і плявацца, плявацца, плявацца. Сумленны чалавек, які застаўся пасля той вайны, інакш на падобны гатунак літаратуры рэагаваць не можа. Усё гэта вельмі а вельмі смярдзіць, калі, канечне, твой нос не заткнуты бязглуздым ура-патрыятызмам, калі ты сам не ачмурэлы ад гарэлкі настаўнік ці чыноўнік, што прыехаў сюдых з Тульскае ці Сімбірскае губерні, уцякаючы ад картачных даўгоў. А гэткіх тут зараз многа, і якія-заўгодна спробы аднаўлення беларускае дзяржаўнасці ў будучым сустрэнуць вялікі супраціў з боку адпітых заезных мазгоў. Пасля ўсяго адбытага я рушыла да Паўла, які – зразумелася мне – фізічна не мог трэснуць мяне па твару сваёй прастрэленай левай рукой. Аднак у галаве завярцелася яшчэ нешта страшна неадчэпнае. Кінуўшыся дадому на Койданаўскую, я хацела спраўдзіць або спраставаць узніклыя туманныя няўцямкі. Давялося зноў звярнуцца да раману Фадзея Булгарына і адшукаць разгорнутую калісь старонку. На кніжных паліцах хроснай па-ранейшаму валадарыў гармідар, але на ўдачу «Іван Выжыгін» заставаўся на ранейшым сваім месцы між францускага выдання Карана і ўспамінамі нейкага нямецкага манаха. З пэўнымі цяжкасцямі знайшлася патрэбная бачына, і я прачытала тую фразу цалком: «– Пакіньце, мілая, калі ласка, не трэба цырымоніяў, – абвесціў Мілавідзін. – Памятай, што гэта іншы я». Хросная мела рацыю. Кніга не хлусіла. Кніга сказала ўсё адразу, але дурненькая настаўніца музыкі не спрамаглася гэтай праўды абачыць… Было досыць позна, каб учыняць яшчэ адзін шпацыр па небяспечных, як выяўлялася, вуліцах Менску. Тэлефонаў тады мы яшчэ не ведалі. Спаслаўшыся на стому і нястачу апетыту, я аддалілася ў свой пакой ды легла спаць. Спання, аднак, ніякога не атрымалася, бо недадуманыя думкі адганялі ад мяне сон. Раніцою я пачувалася разбітым карытам. Маючы jour de repos, я збіралася вылавіць па абедзе Паўла, каб урэшце высветліць усё з той брыдотнай падзейнай каляіны. Аднак у часе снедання прынеслі цыдулачку ад Ірэны Галавацкай. Яна запрашала завітаць як мага хутчэй да сябе, бо прыйсці туды ж меўся і спадар Ляхоўскі з раскрытымі таямніцамі забойстваў мянчанак. Паляцела, нават не дакрануўшыся да omelette. Спадар Ляхоўскі не быў шматслоўным, але ўсё ж патлумачыў, што мо’ і не дадумаўся б да вызначэння агульнага падабенства злачынстваў, каб не кніга, якую ён тады акурат чытаў. Во, ён любіў і давяраў кнігам, а кнігі, здавалася, адказвалі яму тым самым. – У адным еўрапейскім сярэднявечным рамане, я сутыкнуўся з гісторыяй чаргаваных забойстваў. І там яны ўсе сімвалізавалі пэўны знак з Уз’яўлення Яна Багаслова. Супаставіўшы тое-сёе біблейскае, мяркую, што наш забойца… – Які ён наш? – двохспевам перабілі мы. – …што менскі забойца дзейнічае, імітуючы сімволіку дзесяцёх каранняў егіпецкіх. З дазволу спадарыняў прыточвацьму тут асобныя цытаткі са Старога Запавету і мае з’ясненні ў звязку з канкрэтным трупам мянчанкі. Ён быў у тое імгненне, як шастак у кірмашовы дзень – спраўны ды абароцісты. – “І абраціся вада ў кроў… І вазсмярдзела рака, і не можаху егіпцяне піці з нея вады, і была ест кроў па ўсей зямлі егіпецкай”.[6] Першую менскую гаротніцу утапілі галавой у смярдзючай жыжцы. Колеравая гама той жыжкі неістотная, істотна, што труп быў каля Нямігі, якая здавён завецца крывавай. Забойца без праліцця крыві абвясціў аб пачатку свайго крывавага шляху па зямлі менскай. – Божачкі, – толькі і прашаптала Ірэна. – “І працягнуў ест Аарон руку сваю на воды егіпецкія, і выйшлі суць жабы і прыкрылі зямлю егіпецкую”. Другую забітую, Крэйну Шыфэр, як ведаеце, знайшлі з жабамі ў роце. – Але чаму ў роце? У «Выйсці» ж нічога пра рот не сказана, – уварвалася са сваімі сумневамі я. – Да таго ж у Крэйны там былі не цэлыя жабы, а толькі жабіны галовы. – Спадарыня Наталля, гэта не вельмі істотна, – кісламалочнаю развагай доўжыў свой тлумачальны цуг разгадчык. – Забойца, імаверна, душэўнахворы і трактуе Біблію, каб яму зручней было. – А ці вы, не трактуеце забойствы, каб падагнаць іх пад вашыя высновы? – неўпрыкмет зласлівае атрымалася пытанне ў Ірэнкі. – Не думаю, – пракашляўся Ляхоўскі і вярнуўся да біблейскага. – “І быша блашчыцы ва чалавецэх і ва скацех. Весь прах зямлі абрачэн ест у блашчыцы па ўсех странах егіпецкіх”. Трэцяя ахвяра мела ў роце цэлую калекцыю беларускай жамяры. Каментары тут залішнія. І ўрэшце: “І прыйдоша мухі прэцяжкія ва двары фараонавы і рабоў яго і на ўсю зямлю эгіпецкую, і пагібе зямля ад таковых мух”. Кхе-кхе. Phthirus pubis чацвёртай забітай тут іграе ролю біблейскіх “мух прэцяжкіх”… – Гэта вам што? Бальшой тэатар? – рэзала праўду-матку Галавацкая. Але тлумачальніка гэта не пераймала. – Ведаеце, гэта ў забойцы гумар такі апрычоны, як і ў кожнага з такога кшталту злачынцаў. – Але ў апошняй жанчыны да ўсяго быў твар абгарэлы. Чаму вы гэта не з’ясняеце? – зноў падала свой голас я. – Не «абгарэлы», а «абпечаны». У паперах менавіта «абпечаны». Аднак там не тлумачыцца якім чынам, ад чаго. Магчыма гэта проста сонечны загар, які дужа дызгарманізаваў з аголеным белым целам. Калі забітая, была вулічнай гандляркай, то падобнае ёсць зусім верагодным. – Дык вы мяркуеце, што мардэрца сам ёй phthirus pubis развёў? – без граму стыдання працягвала Ірэна. – Так, – прашаптаў Людвік, уздыхаючы. – Я вось толькі не ведаю, ці варта пятым улучаць у спіс ахвяраў спадара Аляксандрава. Параненая рука і “мор прэцяжкі” слаба суадносяцца. А вось параненую руку ды “балячкі і прышчове пухнушчыя” суаднесці можна. У такім разе паліцыя не знайшла яшчэ адзін труп. – Хіба вы пра Вайніслава Баўта кажаце? – занепакоена папытала я. – Мне вельмі шкада, але хутчэй за ўсё гэта так. – Вы памыляецеся, – ірванулася Ірэна. – Вашы высновы ўсе граблямі па вадзе пісаныя. Малапераканаўчыя. Бяздоказныя. Слава жыве. Ён не можа не жыць. Я гэта адчуваю. На дэманстрацыю такіх пачуццяў я занамерыцца не магла, пацікавілася іншым: – Скажыце, а як мог бы ўвасобіць забойца сёмую кару эгіпецкую – “град прэвялікі”? – Па-рознаму. Напрыклад, кавалачкі лёду ў рот ці… – Іn vagina? – з несціханай злосцю крэкнула мая супорка-хаўрусніца. – Усё гэта чаўпяжня. Хто? Хто ўсіх гэтых дзеўчынак забівае? – Цыгане, – нечакана адказаў на здавалася б рытарычнае пытанне Ляхоўскі. – Можа егіпцяне? – дражніла Ірэна. – Вы маеце рацыю. Акурат егіпцянамі, толькі не простымі, а чырвонымі, даўней у нас называлі цыганяў. Вось маем, быццам бы помсту за тыя ўсе каранні, апісаныя ў старазапаветным «Выйсці». – То што ж выходзіць, усе забітыя габрэі? – не ўстрымалася я. Спадар Ляхоўскі замяўся. Ён упершыню не патрапіў што-небудзь адказаць. З гэтай прычыны Людвік паспрабаваў змяніць тэму, заўважыўшы, добра замазаны пудрай сіняк на маёй ланіце. Я хуценька паднялася і, падыйшоўшы да Ірэны, папрасіла яе на вушка, каб тая гнала к чортавай матары гэтага змышляча. Гаспадыня досыць далікатна зрабіла гэта. Было троху роспачна, што надзеі апынуліся пустапарожнымі, як рэшата са свянцонай вадою. Лепш бы мы звярнуліся да старога Легатовіча. Між тым я нарэшце распавяла апантанай спадарыні пра ўчорашні incident. Тая ўскінулася і, наракаючы на маю марудлівасць, прамовіла: «Мастак пэўна ўжо скокнуў у заменскія каноплі. Хрэн адышчаш!». Яна нярэдка дазваляла сабе ўсялякія непрыстойныя слоўцы, і прыточанае тут злучэнне не з самых крэпкіх. Мы без забаваў сабраліся і рушылі да Паўла.
Бацькоў ягоных дома не было, а сам мой нарачэны займаўся з тугаватай пансіянаркай у сваім працоўным кабінеце. Вучаніца была настолькі худзюшчай і да таго ж рудою з неімаверным лікам рабацінак на твары і нават на руках, што я не ўзялася тут праяўляць гарлівасці. Тупіцу гэтую мы (ці я?) адправілі nach Hause, і прыступілі да роспытаў з прыдзіркамі. – Дзе твая накладная барада? – быццам абухом ляпнула, спыталася найперш я. – Якая барада? Пакіньце, мілая, такія жартачкі строіць… Я сапраўды сябе крышачку паўстрымала і растлумачыла ўсё чыста. Аляксандраў пачырванеў, нібы ліпеньская суніца. Ён цяжка дыхаў. Арэлі сэнсавай раўнавагі ў ягонай галаве пахіснуліся. Здавалася, ён хацеў стацца няўгледкаю і шмыгнуць ад нас і нашых пытанняў прэч. – Чаму ён такі падобны на цябе? – наступала я. – Я не магу, не магу… Я не знаў… Не знаў, што гэта ён. Здагадваўся толькі… Яна ж нічога… Толькі намёкі… – Хто ён?! – не сунімалася я, ажно Ірэна, якая стаяла наўзбоч, уздрыгвала ад неспадзеўкі. – Ён… Ён… Ён мой брат-блізнюк, – ледзьве выціснуў з сябе Павел. Мяне ўжо нічога не здзіўляла, пагатоў пасля «падказкі Булгарына». – Хто? Хто рабіў намёкі? Што за яна? – набірала імпэту я. Мой нарачэны ўжо мала не плакаў, і абсалютова нясвомым яму голасам сказаў: – Яна – тая, што нас нарадзіла. Спадарыня Матыльда Шрэйдар. Нават гэты ўдар мною быў стрываны без ваганняў. А вось Ірэна была ўражаная. Яна колькі хвіляў гучна ўдыхала ротам паветра, а потым задала сваё зласліва-іранічнае пытаннейка: – А спадар Боўт, мабыць, ваш тата? – Пры чым тут Боўт? Ледзьве што, дык Боўт! – раз’юшыўся Павел. Я сцішыла ягоную гарачнасць, і тады мы ўсё пачулі па парадку. Расповяд узрушваў.
Мама Матыльды Шрэйдар была малароскаю, але зусім нямнога прабавілася ў сваім родным Нежыне. Яшчэ дзяўчынкай яна пэўным на той час спосабам апынулася ў Канстанцінопалі. Адтуль трапіла ў Егіпет. Ведама для чаго – у sarai, цібо harem, да нейкага тамтэйшага князіка. І была яго суложніцаю гадоў пятнаццаць-дваццаць. Аднак дзяцей не займела. А потым у Егіпет французы прыйшлі, і адзін капітан вырашыў абцяжарыць сваё жыццё жонкаю з такім няпэўным радаводам і гэткаю няслаўнай reputation. Гэта ўсё радзімыя плямы францускай рэвалюцыі пра сябе знаць давалі. Monsiur Leroux пасяліў сваю жонку Marguerite ў Ліможы. А сам матляўся па справах службы. Матыльда (тады яе звалі Jeanne) нарадзілася ў самым канцы ХVIII стагоддзя. Бацька імкнуўся даць дзяўчынцы добрую адукацыю. Ужо ў чатыры годзікі яна пачала чытаць, зналася ў лічбах і вучыла напамяць песенькі. Але на яе шостае лета мама пры цяжкіх родах пакінула гэты тленны свет. Бацька быў забіты не толькі горам, але і шведскай куляй пад Ульмам, дзе Напалеон перамог. Jeanne засталася зусім адна, а крэўнікі Leroux, якія дамагліся правоў на спадчыну ў Ліможы, выправілі яе ў швейцарскі пансіён. Там на яе, не па гадах спелую, палажыў вока польскі афіцэр (дакланей, афіцэр-паляк) і ў лепшых традыцыях даўняй шляхецкай дэмакратыі ўчыніў першы і апошні zajazd у Гельвецыі, скраўшы Jeanne з пансіёну. Скраў не для хвілёвае ўцехі, а для жанімства. Дык неўвамнозе mademoiselle Jeanne Leroux ператварылася ў pani Joannu Spychalsku. Як толькі Напалеон увайшоў у Вільню, муж Тадэвуш перавёз туды сваю маладую жонку, бо быў перакананы, што Расея больш на нашы землі не вернецца. У Вільні ягоныя продкі колісь мелі дом, каторы давялося выслабаняць ад прыхадняў. Пан вельмі хацеў сына, але Joanna ніяк не магла панесці. Тады ён суцяшаў сваю «францужанку», абяцаючы схапіць тую шчаслівую птушку апасля. «Апасля» не наступіла. Дакладней наступіла не такім. Пан Тадэвуш застаўся на Барадзінскім полі. Маладзенькая ўдава, асцерагаючыся за сваё жыццё, вырашыла пакінуць з мужавымі грашыма Беларусь і адправілася ў родную старонку сваёй матулі – у Маларосію (цяпер усё часцей гэны край гукаюць Украйнай). У Кіеве яна дбала аб паглыбленні сваёй адукацыі. Мясцовыя ж мужчыны падбалі пра тое, каб спадарыня не засталася адзінотніцаю. Прыехаўшы туды ў 1812 годзе пад імем Матыльда Шатырнік, да 1831-га яна паспела пабываць спадарыняй Віннічэнка, спадарыняй Розэнблат, спадарыняй Даўгапаравай, спадарыняй Ямко-Кісліцкай. Прозвішчы змяняліся, змянялася ў лепшы бок і яе financial situation. У 1818 годзе яна паспрабавала нарадзіць, але адбыўся нейкі казус, які спавадаваў страту плода. Адале, ці мужчыны былі не зусім здаровыя, ці то яна пасля avortement займела жаночую немач, дзетак так і не з’явілася. Пабраўшыся пасля вайны 1831-га з купцом Іванам Хрысціянавічам Шрэйдарам, яна перабралася ў Менск. Акурат у Менску Матыльда пазнаёмілася з Аляксандрам Аляксандравым (бацькам майго нарачэнага), і пасля колькіх вельмі шчыльных сустрэчаў з ім зацяжарыла. Стары Шрэйдар быў нечувана рады, бо ж думаў, што чакаецца з’яўленне на свет роднага дзіцёнка, для якога ўжо стаў пісаць тэстамент. Але на восьмым месяцы жончынай цяжарнасці купец нечакана сканаў. Матыльда нарадзіла двойню хлапцоў, і ейны каханак, хоць і быў чалавек жанаты, запатрабаваў аднаго дзіцёнка сабе. Яшчэ не агоўтаўшыся ад post-natal shock, тая падпісала ўсе належныя для гэтага паперы. Хто ж тады мог ведаць, што другое дзіцё – брацік Паўла – будзе адставаць ў душэўным развіцці! На выгляд быў ён зусім здаровенькім, прынамсі навочных pathologies не выяўлялася. Праз колькі год выявіліся. І малы мусіў быць заўжды пры маці ці з найманай нянькаю. Якраз тады Матыльда Шрэйдар адкрыла свой жаночы пансіён, цяжка мірачыся з сынавай маўклівасцю – маўклівасцю, якая не заўсёды, аднак жа выбухала жахлівымі прыпадкамі слёз і крыкотаў.
– І што цяпер? – нецярпліва спыталася я, разумеючы ўрэшце многае ў ранейшых паводзінах майго нарачэнага. – Не ведаю, – адказаў той. – Няўжо мама яго выпускае для ўсіх гэтых зладзействаў? – Вы мне, Паўле, скажыце, – умяшалася Ірэна, – што за маскарад ён учыніў, чакаючы да сябе пансіянарку? – Што вы маеце на ўвазе? Турэцкую шапачку, – сказала яна і наўмысля зрабіла вялікія вочы. Павел пачырванеў, як ліцьвін пад бацвіннем, а потым няголасна вымавіў: – Не зусім маскарад. – То бок? Ён вельмі трудліва дыхаў, пазіраў то на Ірэну, то на мяне і ўрэшце наважыўся: – Гістарычна па бацькавай лініі мы магаметане. Пачуўшы гэта, я ўсё ж пачала губляць развагу. У маёй галаве замільгацелі размаітыя карцінкі і словы: Татарскі канец, мячэт, Бабай, пятніца, «Мы ў Азіі», бараніна па-татарску, Каран у французскім перакладзе Альбіна дэ Бібэрштэйна-Казімірскага… Знепрытомнела. А калі ачуняла, то адразу ў лоб спытала: – Што значыць «гістарычна»? – Гэта значыць, што ўсе нашчадкі нашага далёкага продка Іскандэра даўно разбрыліся па розных хрысціянскіх канфесіях, а памяць пра іслам захоўваецца як фамільнае паданне. – Што ж ты, мой мілы, нічога мне такога не казаў? – Мы самі таго не афішуем. Ну быў там нехта з прародзічаў магаметанскае веры, і што з таго? – Дык вы б маглі ўнікнуць удзелу ў ганебным разборы шляхты, – заўважыла Ірэна. – Але, што зробіш, калі той продак сам здрадзіў сваёй веры, падаўшыся ў праваслаўе, калі супляменнікі ціха-спакойна захоўвалі яе, веру, тут у Вялікім княстве Літоўскім? Гэта наканава… – Стойце, стойце, – перабіла зноўку Галавацкая, – дык вы цвердзіце, што абсалютова не разбіраецеся ў ісламе? Павел запнуўся, чародным разам пачырванеў і прызнаўся: – Троху. – Як троху? – занервавана пацікавілася я. – Сёе-тое ведаю. Чытаю. Нават арабскія літары… – вінавата прамаўляў Павел. – А ён, твой брат (як яго, дарэчы, зваць?), ці знаўца ў такіх рэчах? – Ксенафонт? Бадай што знаўца. Мы з Ірэнай пераглянуліся і скемілі, што Людвік Ляхоўскі, якога мы кагадзе зганілі, у ісце быў вельмі блізкім да разгадкі. Яму не ставала толькі аднаго нюанса. Мы спехам ўзяліся распытваць Паўла пра змест Карана і наяўнасць у ім апісанняў падобных да біблейскіх егіпецкіх караў або апакаліпсісу. Той адмоўна пахітаў галавою, дадаўшы, што толькі зрэдку ў святым пісьме магаметан прыгадваюцца пякельныя мукі грэшнікаў. Калі ж Ірэна распавяла падрабязнасці забойстваў мянчанак, мой нарачэны войкнуў і паведаміў: – Гэта ж «Мэнкі джаханнам». – Чаго-о? – Ведаеце, магаметане Беларусі свае кнігі для службаў скрозь па-крывіцку пісалі, але арабскімі пісьмёнамі. «Мэнкі джаханнам» – рэдкасны вынятак з гэтай завядзёнкі. Гэты невялічкі трактат ёсць кампіляцыяй з урыўкаў Карана, дзе вядзецца пра мукі ў пекле. Створаны ён быў на пачатку ХVІІІ стагоддзя, а запісаны кірыліцай па-крывіцку, хоць і дужа спалячанай. «Нішто сабе «троху» ён разбіраецца!», – падумалася мне, як, напэўна, і Ірэне. Нам давялося выслухаць яшчэ адну лекцыю, дзе гучалі знаёмыя ўжо факты і зусім незнаёмыя цытаты. Сёння, да жалю, я не здолею трапна перадаць тыя словы, таму раблю ўласную interpretation пад старасвецкую крывіччыну, папсутую пальшчызнай. – Першая дзяўчына захлынулася ў жыжцы, то бок злачынец зрабіў у такі спосаб, каб яна захлынулася, – пачаў Павел. – У «Мэнках» жа гаворыцца: «Утыле яму бязодня, і бэндуць яго вадаю гнойнаю паіці. Он піець ю, а смерць цеціць ку онаму зо ўсіх строн…». У другой былі галовы жабаў – стварэнняў, якіх просты люд часцяком называе чартоўскімі. – Да чаго тут просты люд? – Памагае кіравацца логікай забойцы, разумець матывацыю ягонага выбару менавіта жабаў, а не рыбаў, кураў ці якіх суслікаў. Менавіта жабіны галовы ў злачынцы сталіся ўвасабленнем галоў дэманаў з «Мэнкаў»: «А яствам оным бэндуць плода дзерава заккум, ктурымі суполняць іх вентробы. Плоды дзерава онага суць гловы дыяваля». – А дальшае? – Зламыснік (няўжо гэта Ксэнафонт?) няслушна зразумеў крывіцкі пераклад: «Нех жа оне пакушаюць гнюсу». Бо «гнюс» тут не мушкі-мошкі ўсялякія, а гной, кал, лайно. Камяк падкаціўся мне да горла, і я можа б і пацярпела ад млосці, каб хоць крышачку перакусіла тым днём. Падавалася, што Павел мовіць слушна. Ірэна ж глядзела з некаторым недаверам, чакаючы свайго ўлюбёнага фрагменту: тлумачэнне пра phthirus pubis. Наўздзіў мой нарачэны пра вошай нічога не сказаў, а толькі зацытаваў: – «Бэндзець ім саммум ліца паліці». – Які такі «ум»? – не зразумела я. – Саммум – гарачы вецер, – паясніў Павел. – Дык казяўкі на **** тут не пры чым? – пацікавілася-ткі Галавацкая, ужыўшы чыста непрыстойнае слова. «Гістарычны магаметанін» адказаў яшчэ болей непрыстойным чынам: – Трэба было яшчэ ёй у **** зазірнуць, мо’ б там **** знайшлі. То таксама яго з забойцам звязваць сталі б? Мы на гэтыя словы ніяк не адрэагавалі. Я спытала пра ягоную руку: – Ці куля табе таксама з «Манку з жахам ням» прыляцела? – Ну чаго ты кпіш? – напята мовіў Павел. – Не кахаеш ты мяне ні капкі. Каханне тваё змяюкаю ў норы лясныя спаўзло… «Ісцінна – няверачых у знаменні Нашы, сажжэм мы ў вагні! Кождага разу, гды ся згатуець іх скура, Мы адменім ю іннэй скураю, жебы оныя ўсі кары ізведалі». Мяркуй, ясачка, сама… – Не называй мяне ясачкай! Ты! Як можаш пра мяне такое гаварыць? Каторая цябе муха папамеціла? Ты ўжо з глузду збочыў, у таямніцах сваіх жывучы бязмоўна. Каханне? Сапраўды, дзе тое каханне? Дзе тваё каханне? Чаго вартым сталася тваё прызнанне ля заплюшчаных павек маёй цнатлівасці? Ты ідыёт самы праўдаісты. Калі б ты адразу сказаў пра свайго вар’яцкага брата, то ніводная мянчанка не загінула б. Спадар Боўт прыдумаў бы спосаб высачыць яго… – Шт-т-то-о-о-о?! – закрычаў той. – Ды агламаздак твой Боўт, адно ў разумныя пнецца апрануцца! Ну, прыспала ты з ім ночку, дык што цяперака, ён героем вайны за прызваітасць зрабіўся? Я заплюскала вачыма, адчуваючы на сваім твары згаданы кагадзе саммум. – А ну маўчаць! Закрыйце двох раты! – выгукнула Ірэна, увадначас спыніўшы мажлівасць вялізнае, аж да калатнечы, буры. – Агламаздак Боўт ці геній вырашыце апасля. Зараз жа мы павінныя яго знайсці. А ён яўна ў палоне Ксенафонта Аляксандрава… – Шрэйдара ўсё ж… – паправіў Павел. – Шрэйдара, – паўтарыла Галавацкая і працягнула. – Вось жа Вайніслаў, калі прыйшоў сюды ўпершыню, верагодна нешта пра Ксенафонта ведаў. Слова Бабай нездарма прагучала. А як сталі адбывацца забойствы, ён усё больш а больш набліжаўся да выкрыцця злачынцы. Ён жа наўмысна свой уласны любоўны верш за твор брата Адама Міцкевіча выдаў. Кінуў няўзнак «брат Міцкевіча», а сам за рэакцыяй Паўла асцярожна сачыў. Пра Азію не напуста гаварыў. Табе, Наталюся, ён нават у алькове нічога не адкрыў, бо меў замала доказаў. Нейк дазнаўся пра спадарыню Шрэйдар, адчуў небяспеку і вырашыў знікнуць. Таму і адбылася ўся гэта смаргонская акадэмія на Цярэшку. Сані можа нат і з Лошыцы не выяжджалі, а стаялі дзесь паблізу ў вазоўні. Запіска Вайніслава была насамрэч вельмі інтымнай, і яе не варта было агалошваць для ўсіх, пагатоў для свайго нарачэнага. Вайніслаў спадзяваўся, што ў цябе ёсць хоць бы мінімум інфармацыі пра тое, што спадарыня Шрэйдар жыла калісьці ў Кіеве. Але ты гэтым мінімумам не валодала, таму легенда пра выправу ў Кіеў, каб там «паглядзеці такі-сякі бумагі й кніжкі» засталася незразумелай. Далей. Спатыкнуліся аб год. 7911-ты. Праўда, Павел адразу ўсё сцяміў, а нас за нос вадзіў і нават Людвіка Ляхоўскага дазволіў у справу ўблытаць, ведаючы, да якой неразбярыхі гэта можа прывесці. Павел бліснуў вачыма, але нічога не сказаў. Рэй вяла Ірэна: – А Ляхоўскі нарашаў вам і нам Нямігскую бітву. Дзіўна, што яшчэ не дзень народзінаў фараона Тутмоса ІІІ! А папраўдзе лічбу трэба было справа налева прачытаць і атрымаць год 1197-ты па магаметанскім календары, а па хрысціянскім – гэта 1818-ты. Год, калі ў Матыльды Шрэйдар нешта здарылася падчас цяжарнасці. Невядома што! Боўт вельмі на цябе Наталля спадзяваўся. А ты спалохалася тлумачэнняў пра адамантавыя вокны. Мабыць спачатку ён сапраўды добра схаваўся. Але пазней адбылося штосьці непрадбачнае. І забойца, гэты артыст халерны, не прамінуў нам прасігналіць з той нагоды, разбіўшы простую шыбку трывіяльным свінцом. Як рука між іншым? Павел няўцямна прабурчаў, а Ірэна натхнёна доўжыла свае развагі: – Матыльда Шрэйдар, імаверна, не толькі пакрывае свайго душэўнахворага сына, але і папушчае ягоным злачынствам. Яна, старая курва, недурная! Пра ўсё ў вас у пансіёне распытае і сядзіць задаволеная. Мяркую, Войніка наўмысля жывым трымаюць, каб мець мажлівасць патаргавацца. Ведае ж, трасца ёй у пашчэкі, што ў паліцыю пабегчы няе можам, то і дзержыць нас, як шчанюкоў у мяшку. Адзін рух – і яна абагрыць нас Войнікавай крывёю. Гэта дакладна. Я адчуваю. Я ведаю. Мы маўкліва пагадзіліся з Ірэнай. Настаў час спаважна падумаць аб нашых далейшых дзеяннях, аб імавернасцях злавіць Ксенафонта, аб асцярожнасці паводзін перад спадарыняй Шрэйдар. Раптам Павел ачомаўся ад сваіх хваляванняў і прамовіў: – Яшчэ два трупы, відаць, нязнойдзеныя. Ты казала, што на Паліцэйскай былі ланцугі, а ланцугі ў «Мэнках» ідуць пасля гатавання скуры і абвугленых у агні твараў… Хадземце, хоць што-небудзь з’ямо. А яно ж сапраўды дужа есці хацелася. У той час, калі мы ўтраіх абедалі, вярнуліся Паўлавы бацькі. Аляксандр Аляксандраў без лішніх прадмоваў зараз жа паведаміў пра смерць спадарыні Шрэйдар. Праяжджаючы беспарэнчавы мост ля Смалявічаў, коні чагосьці спудзіліся ды рынуліся з экіпажам у Плісу. Зіма ж тым годам да шостага лютага абы-якой была. Лёд тонкі. Праламіўся ўвадначас. Мы не маглі паверыць. – А цела? – спытаў нехта з нас. – Вось менавіта цела і знайшлі. Без галавы. Мабыць шклом адцяла, дык сплыла далей пад лядом, – абрывіста казаў колішні палюбоўнік новай ахвяры. Białorusiński most, Żydowski post, Tureckie nabożeństwo, to wszystko błazeństwo. Навіна была надзвычайнай. Смерць Шрэйдар нішчыла мажлівасць хуткага выйсця на след Ксенафонта. У каторы раз нам выпадала становішча сядзець у будзе й чакаць, што будзе. Ірэна пачувалася падстрэленай у палёце птушынкай і знікла надоўга з маіх вачэй. Усе падрабязнасці, што ўсплылі за тыя дні мы з Паўлам ад усіх нашых знаёмцаў таілі. Таілі і працягвалі змірана быць заручонымі. Доўжылася і праца ўпансіёне, дзе гаспадыню заступіла ейная сваячніца, сястра мужа, пані Дамініка. Ксенафонт ніяк сябе не аказваў, але Павел ад таго часу сустракаў і праважаў мяне пры якіх-заўгодна маіх перамяшчэннях па Менску. На пачатку сакавіка ён злёг з грыпам, і тады я зноў стала хадзіць адна. Часіны былі завейныя. Снег сыпаў а сыпаў. Ідучы за пакупкамі ў гасцінны двор, недалёк ад яго я ўбачыла так жаданую мне постаць…
Вайніслаў быў вельмі схуднелым. Шчокі літаральна праваліліся, а вочы нагадвалі два яблычкі, што немавед як трымаліся на твары. Ад неспадзеўкі я войкнула і ледзьве не села долу. Славачка з неапісальнай цяжкасцю ўсміхнуўся і, уздыхнуўшы, сказаў: – О светлая мая спадарыня, я верыў у цябе і тваё каханне, імкнучыся выбавіцца з гэтае вязніцы. – Што здарылася? Славанька, хадзем да мяне дамоўкі, там усё распавядзеш. – Нельга. Бог выкаваў дзіўны плод. Гэты чалавек недзе там, – мой каханак матлянуў галавой у бок Кафедральнага касцёла. – Калі што не так, дык пачне страляць. Схавайся за мяне. Я не паверыла, але аўтаматычна выканала ягоную просьбу і запытала: – Чаго ён хоча? – 5 тысяч рублёў срэбрам і галаву Паўла Аляксандрава наўзамен майго жыцця. Не пагаджайся, Наталюся. Хай ён заб’е мяне, але ты будзь шчаслівая з някепскім чалавекам. Не трэба крывавіць рук, каханая. – Пакінь. Колькі ён дае часу? – Тыдзень, але на што табе… – спрабаваў запярэчыць ён. – Халера, дзе ж узяць такія грошы? – нібыта не чуючы, паўспытвала я ў самой сябе. – Ну бацька тысячы паўтары дасць, хросная рублёў пяцьсот-васемсот успасобіць, яшчэ… – Ачомайся, Наталя! Ён хоча, каб ты прынесла яму галаву твайго будучага мужа!!! – Дзе ён цябе трымае? – Не ведаю. Вочы развязаў мне адно на Нямізе. У склепе нейкім ён мяне дзержыць… Прабач. Мне сталася млосна і крыўдна, што я гатовая была запрапанаваць Славе памерці тут зараз удвох. Я маўчала. «Страх займае нам мову,» – згадаліся словы доктара Акімовіча. Я збаялася памерці так раптоўна, без дай прычыны, нізавошта. Тое, што нам, дакладней мне, прапаноўваў праз Славу забойца было сапраўдным дзікунствам, як і ўсе ягоныя датулешнія дзеі. Трэба было думаць. Хутка думаць. Але думкі кудысь запрападалі, не ладзіліся ў гарманічныя пабудовы. Мы стаялі пад снегам мізэрныя і збезнадзеяныя. – Снег! Ну вядома ж снег, – выгукнула я. – Слава, ён жа не бачыць нас з-за снега. – Ён усё бачыць, – прашаптаў Вайніслаў. – Калі ён не на Катэдры, то можа быць ужо за тым вакном гасціннага двара альбо стаіць ля скверу ў выглядзе паліцыянта. Спадзеву на ратунак няма: і так капут, і гэтак арывідэрчы. Наталечка, ты толькі помні пра мяне, і я абавязкова адгукнуся, што б на тым свеце са мною ні здарылася. Я заплакала. Слёзы, што каціліся па шчакох, праз хвілю ператвараліся ў лядзінкі. Мне было цяжка паўздзержыць сябе, і без увагі на снег і вецер я кранулася вуснамі да ягоных стомленых патанчэлых губ. Гэта было так прыемна, але заразом надта жахліва, бо здавалася, што далей мусова паўстане смерць. Да расстання заставалася яшчэ колькі хвілін, з адведзенага Ксенафонтам часу. Я, дрыжучы ад холаду й страху, запытала: – Чаму ён гэта робіць? – У яго хворая душа. Ён нібыта згублены персанаж шукае сваю кнігу, свайго аўтара. Шукае, але не знаходзіць. Урэшце ён не разумее самога сябе, прычыны і патрэбы свайго існавання. Пустота існавання. Існавання без каранёў. Ад таго ён і схапіўся за прывідны цень свайго магаметанскага радаводу. Гэта доўга тлумачыць. – Пра магаметанства я знаю. Але за што было дзяўчат забіваць? – Ён і сам сабе гэта з’ясніць не можа. Балесная помста свету, грамадству за ўласную нікчэмнасць, аблямаваная вар’яцкім флёрам ісламскае легенды як падставы свайго бытнавання. Маці за гэта забіў. Цяпер во і брата замардаваць імкнецца… Час развітвацца, Наталька. – Слава, – зноў без браку слёзаў загаварыла я, – ты спытай у яго, ці не возьме ён толькі грошы. Спытай. – Паспрабую, але наўрад ці ён пагодзіцца. Мы яшчэ раз пацалаваліся, і Вайніслаў бясслоўна знік за снегавой кудасай.
Амаль усё чыста я распавяла Паўлу. Той сёрбаў гарачую гарбату з мёдам і роспачна матляў галавою, якую, ясная рэч, не жадаў аддаваць свайму бязглуздаму брату. Ён быў пэўным, што Ксенафонт, забіўшы Вайніслава, пачне паляваць на мяне. Славіну смерць ён уважаў за аксіёму, якую анічым не паправіць. Аднак наступным днём мне на Койданаўскую праз пасыльнага хлопчыка перадалі цыдулку: «Алах з вамі, рыхтуйце 6 тысяч рублёў асігнацыямі. Не раней і не пазней за наступную пятніцу (то бок 14.ІІІ.) пакіньце іх у ведамым вам доме пад маснічынай у куце, дзе ляжалі ланцугі. Той самай ноччу сустракайце сябра». Павел здзівіўся і сказаў: «Трэба збіраць грошы». Сказаць было лёгка. Збіраць практычна ўсю суму давялося мне самой, бо нарачэны быў прыкаваны сваёй хваробаю да ложка. Зрэшты адну тысячу ён выпрасіў у сваіх бацькоў. Усю ж астатню суму, рубель да рубля, я атрымала, упрошваючы ўсіх нашых менскіх сяброў-знаёмых па «Дасканалым Крывічы», а таксама масу малазнаёмага люду з асяродка пана Марцінкевіча. Грошы давалі можа і не з такой ахвотаю, як мне жадалася, але патрэбная іх колькасць усё ж была сабраная. Самым важкім унёскам сталіся дзве з паловаю тысячы ад любай хроснай і ейнага мужа, якія яны бераглі да майго вяселля. Апошняй я знайшла Ірэну. Мой расповяд яе збянтэжыў. Яна сумнявалася ў шчырасці абяцанак Ксенафонта і настойвала на мусовасці высачыць яго, калі той прыйдзе па грошы. Дзвесце рублёў, аднак, паклала ў скарбонку без пярэчанняў. Трэба адцеміць, што найбольш падрабязна пра мэту збірання грошаў, акром Ірэны (Павел не ў лік), я распавяла яшчэ толькі Чэславу Драбышэўскаму і доктару Загорскаму. Яны пагадзіліся дапамагчы мне чатырнацццатага сакавіка запакаваць усю належную суму і прыхаваць, дзе патрабавалася, то бок у доміку на Паліцэйскай. Адна ісці я натуральным чынам баялася. Усенька мы зрабілі, як мае быць, вярнуліся на сходку «Дасканалага Крывіча» і няўсцерпна чакалі прыходу Вайніслава. Ён не прыйшоў. Паўлава хвароба абвастрылася. Усю ноч я не адыходзіла ад яго ложку, дзе нарачэны, б’ючыся ў трасцы трызніў пра невядомае. Пад ранне бацька адвёз яго ў Траецкі шпіталь. Я з Ірэнай, Чэсям і доктарм адправіліся на кватэру Вайніслава Баўта. Безвынікова. Удома нікога не было: ні Славы, ні ягонай «клапатлівай» гаспадыні. Суседзі нам нічым не дапамаглі, сказаўшы, што нікога ў гэтым доме ўжо цэлы месяц не бачылі. Тады мы схадзілі на Паліцэйскую. Грошы пад маснічынай адсутнічалі. Ніякіх цыдулак ці іншага кшталту паведамленняў мы не знайшлі. Настрой сапсаваўся ўшчэнт. Няменшы ўдар напаткаў мяне па вяртанні на Койданаўскую. Аляксадр Аляксандраў пакінуў маёй хроснай горкую навіну – Павел у шпіталі, так і не апрытомнеўшы, скорапрычынна памёр. Уваччу пацямнела. Увушшу загуло. Ногі зрабіліся зусім ватовымі. Як я ні наракала на Паўлушу, як я ні кахала Вайніслава, нарачэны быў мне мілы і дарагі. Я не зычыла яму смерці. Але надарылася ж такое. Мне і цяпер ад тае падзеі бывае скрушна. У лекараў было падозранне на тыфус, таму цела без прамаруды аддалі агню. Крэмацыя. Цяжкое слова…
Той вясною знайшлі-ткі яшчэ дзвюх мёртвых дзяўчат з прыкметамі катавання, як і меркаваў Павел. Больш такіх забойстваў не адбывалася. Далейшага лёсу забойцы я не ведаю. Што да Славачкі… На згаданым мной тут кагадзе полі па дарозе на Лошыцу сяляне прыбіралі старую грушу. Унутры яна была зусім спарахнелая. У гэтым дупле яны знайшлі мерцвяка, на шыі каторага, апроч крыжыка, вісеў залаты медальён з гравіраванкай Wojsłau Bout. Так я засталася зусім адна, перабіраючы ружанец няпэўных успамінаў пра сваіх каханых мужчын. Груша. Праклятая груша, якая мне яшчэ тады перад «Цярэшкам» не ўпадабалася, стала труною, корстам для Славы. З тых часоў я старанна ўнікаю кожных авантураў, звязаных з мужчынскаю паловай гэтага свету. Замуж я выйшла толькі ў 1865-м за чалавека, якому ніколі не здрадзіла нават у подумах. І не таму, што я зрабілася раптам вялікай праведніцай ці не любіла to make love, а таму што баялася выклікаць сваёй распустаю паўтор трагічнай дзеі 1858 года. Мне хапіла яе на ўсё жыццё. Павер, шаноўны чытачу, за лішнія сакрэты чалавеку часцяком даводзіцца плаціць самай звонкай манетай – жыццём.
Ліст Камілы Свентажэцкай да Аляксандра Ельскага
з польскае Найпаважанейшы пане! Прашу ласкава дараваць мне, што так доўга не азывалася на Вашэцяў ліст. Я ніяк не магла зберціся з думкамі дый наагул наважыцца на пісанне гэнага ліста. Адылі мне ўдалося змагчы свае сумлевы а ўзяцца за пяро, каб паведаміць пана Аляксандра ў цікаўных яму мамэнтах менскага жыцця першай палавіцы прамінаючага веку. Мушу адцеміць, што пытанне пра асобу Веслава Войта мяне ладна збянтэжыла. Не ведаю, з каторых жаролаў Вашэці давялося сіляць звесткі, але названай персоны ў Менску канца 50-х гадоў ХІХ стг., здаецца, не было. Відавочна, хтосьці прывёў пана да аблуды. Насампраўдзе тымі часамі ў Менску «вызначыўся» нехта Войслаў Боўт. Мяркуючы подле згадак у Вашэцявым лісце, пайменна ён і маецца на ўвеце. Пане Аляксандру, я вельмі шаную Вашэцявы высілкі па збору размаітых звесткаў па даўнай а блізкай краёвай гісторыі ды літаратуры, але інтарэсу да вышпаменаванай асобы чыста не раздзяляю. Што праўда, гэта зусім не вадзіць распавесці ўсё ведамае мне пра яго, бо факты ягонага авантурнага жыццяпісу могуць саслужыць камусьці лішнім узорам для агуды мізэрнасці такога заводу людзёў, бязодні іхняга маральнага заняпаду. Я мела няшчасце аблічне ведаць Войслава Баўта. Нарадзіўся ён блізу 1833 года недзе пад Прапойскам у сям’і засцянковага шляхціча. Як і бальшыня сыноў сваёй Бацькаўшчыны, ён з маленства вызнаваўся як natione Polonus, gente Ruthenius Albus. Адылі пазнейшыя шкадлівыя ўплывы падбілі ягоную сведамасць дый адвабілі ад гэтага прынцыпу. Дык жа ў свае 25 гадоў ён быў зацятым «крывічом» з паглядамі больш страшнымі, чым нават тая камуністычная лухта, якую троху пазней вызнаваў Вінцэнт Каліноўскі. У той час, калі ўсе думалі пра адно, Боўт меркаваў зусім пра іншае. Хаця, па шчырасці, у абдоймы да расійцаў ён не кідаўся. Зрэшты радыкальнасць ягоных паглядаў на «крывіцкае пытанне» магла быць звязаная з непаўсцяжным жаданнем уражваць паненак. Ведаеце, ставала ж, перапрашаю, дурнічак, што, рот разявіўшы, слухалі балбатанні пра «Крывіцкі край ад мора да мора з соймам у Полацку» ды млелі ад плюгкаватых проказяў з «старасвецкіх паэмаў». Войслаў Боўт быў з тае пароды мужчынаў, якую немцы называюць Schurzenjäger – лоўчы спадніцаў. Мне непрыемна пісаць пра гэта, але я павінна выкрыць усю яго амаральную істу. Бачу бо небяспеку таго, што неўзабаве за малалікасцю звестак сёй-той запіша Баўта ў вялікія, Богам даныя героі ды ўшануе лаўровым вянком. Прыгожым ён быў, што і казаць, вабным і з твару, і ў паставе. У гэтым палягала яшчэ адна з прычынаў дамскае прыхільнасці. Здаецца, Войслаў Боўт і сам быў у сваёй гожасці нагэтулькі перакананы, ажно меркаваў, што ўсе жанчыны мусяць яго, як не кахаць, дык прынамсі падабаць. Усёй гэнай вонкашняй чароўнасцю ён імкнуўся прынадзіць у свае сеткі-пасткі і мяне. Я ж ад самага нашага знаёмства ў тэатры (калі не памыляюся, тады давалі спектакль “Соф’я, княжна слуцкая” Сыракомлі) старанна ўнікала нагодаў паддацца спакусе паверыць яго мядовым прамовам. У Менску Войслаў Боўт атайбаваўся пад канец вясны 1857 года. Не ведаю, дзе ён навучаўся, але ўва многіх тэмах гісторыі, археалогіі, літаратуры, народных звычаёў дэманстраваў веды, калі не лепшыя, чым у Адама Кіркора, дык прынамсі не горшыя, чым у Кандратовіча ці Шпілеўскага. Гэтыя выбітныя веды ніяк не адпавядалі ягонай прафесіі – судовы канцылярыст. Таму, маючы вочы і глузд, кажны мог засумлявацца, ці не хаваецца пад асобінай пана Баўта хтосьцейкі іншы. Такіх сумлеўнікаў, зрэшты, было не так многа, а іхныя гіпотэзы пра генэалогію баўтоўскіх ведаў участых набліжаліся да ўтапічных. Напрыклад пані Ірэна Главацкая спаважна цвердзіла пра ягоныя – даруй Божа! – іншапланетныя карані. Цвердзіла да пэўнага імгнення, бо хутка зрабілася яго тайнаю багданкай. Багданак гэтых, як пан здагадваецца, было ў Баўта, нібы таго маку. Гэта яшчэ можна было б і дараваць як кажнаму шчодралюбіваму паляку, калі б юрлівасць станавіла яго адзіную загану. Галоўны хіб хаваўся ад усіх неймаверна дбала. А быў пан Войслаў Боўт страшэнным а падлючым махіром. Паспрабую распавесці ўсё сваёй калейкай, спамінаючы дзеля гістарычнае праўдзівасці пра розныя бакі натуры гэтага чалавека. Няма чаго таіць, у самым пачатку Войслаў Боўт уразіў мяне станоўча. Ён паўстаў вельмі галантным і спапярэдлівым. Даведаўшыся пра маё захапленне творамі краёвых кампазітараў, ён нават паабяцаў прэзентаваць мне ноты паланеза Міхала Клеафаса Агінскага «Адвітанне з Бацькаўшчынай». Абяцанне сваё ён стрымаў. Адылі копія тых нотаў была надта дрэннай, бо рабілася яўне рукою неадмыслоўцы. Нават мне, паненцы з дамовай музычнаю асветай, былі прыкметныя ўсе канфузы ў падараваных ім запісах. Але як выхаваны чалавек я нічога пра гэта пану Баўту не сказала. Папрасіла, праўда, дамоў да мяне больш не прыходзіць, спаслаўшыся на стродкасць бацькоў. Просьба мела належны эфект – на нейкі час ён знік з майго відавоку. Верагодна ўжо тады ў яго павернутых глуздах складаўся план злачыннае аферы, што расцягнулася пазней на колькі няўсцерпных месяцаў, перасыпаных аскялепкамі крывых люстэркаў хвальшывых таямніцаў. Па маладосці, недасведчанасці і адданасці парывам рамантызму я наведвала тады зборкі сваіх раўналеткаў, што захапляліся ўсім краёвым. Мы былі блазнотай, рунню. Нам трэ’ было яшчэ падымацца а падымацца на гару праўдзівае пальшчызны. Збіраліся мы ўдома ў Паўла Аляксандрава, каб пагутарыць пра размаітыя цікавінкі тутэйшай гісторыі, стара- і новажытнай літаратуры ды фальклору. Льга сказаць, што сходкі гэныя нечым напаміналі філамацкія, але без усялякіх папераў, статутаў etc. Не было для іх нават назвы. Заўсёднікі гаварылі проста «У Паўла» або “Гарбатка ў Паўла”, а звонку ўсё нагадвала вячоркі з распіццём гарбаты. Сярод станаўкіх удзельнікаў гэтых пятніцовых вечароў былі нарачэная Паўла пані Наталля Клыкоўская, паны Вінцэнт Вятрыска, Чэслаў Драбышэўскі, Людвік Ляховіч, Вацлаў Акімовіч-Загорскі. Завітвала іншы раз Ірэна Главацкая, пра якую я ўжо пісала. Акурат да Паўла дзесь увосень і заявіўся Войслаў Боўт, каб здзівіць усю пачэсную грамаду. Ён наўмысля прыцягваў да сябе нестандартнымі думкамі. На хвалі захаплення краёвасцю мы маглі праглынуць кожную нажыўку, абы вялося пра родныя мясціны, журчанне ручаёў ды шолах грушаў. Сапраўды, цяжка было не зачаравацца версіяй пана Баўта пра наваградскае паходжанне знанага «Слова о полку Игореве», хаця цвёрда ведалі, што Наваградак у летапісах упершыню згадваецца пад 1252 годам. Неверагоднымі довадамі, аргументамі ён пераконваў усіх, што Наваградак насамрэч значна старэйшы і ўспамінаўся недацеклівымі летапісцамі ў больш раннія часы – часы Ўсяслава Чарадзея, а сам князь-ваўкалак хадзіў з паходам менавіта туды, а не ў Ноўгарад Вялікі, як зразумела бальшыня даследнікаў. Прычынай пахода Боўт абвяшчаў тое, што ў Наваградку сядзелі варожыя полацкім інтарэсам продкі Міндоўга ды ўцекачы з кіеўскіх земляў. Сярод такіх уцекачоў, ён лічыў, быў і аўтар названага твора. Адылі пан Боўт не быў дарэшты упэўнены ў арыгінальнасці апублікаванай расійцамі версіі: адзначаў чысленыя падчысткі, устаўлянкі, наўмысля перамяшчаныя акцэнты. Прыкладам ён аспрэчваў мажлівасць прысутнасці ў арыгінальным тэксце «Слова» лаянкавых матываў у бок літвы, бо аўтар сам між літвы жыхарыў, а значыць не мог так нахабна пляваць у студню, з каторай піў вадзіцу. Хтось падтрымаў гэныя высновы, адцеміўшы недарэчнасць спалучэння «кости сынов русских» у фрагменце пра нямігскую сечу на той падставе, што ў бітве загінулі не русічы, а крывічы. Войслаў Боўт на гэта запярэчыў: «У 1067 годзе пад Менскам кіеўскія войскі былі разбітыя, і аўтар слушна адцеміў гэную акалічнасць. А летапісцы ўсенька перабрахалі». Каларытная народня гаворка з яго вуснаў таксама прываблівала і асляпляла. Хаця сягоння я ясна здаю сабе справу з таго, што многае моўленае і цытаванае ім было чысцюткаю містыфікацыяй. Боўт абярняся прыдумваў розных «беларускіх паэтаў» – жывых і мёртвых. З прозвішчаў прыдуманых ім вершапісцаў памятаюцца такія, як Багрым, Смуры, Двубусловіч, Чарноцкі. Войслаў Боўт быў настолькі пэўным у собскай пераканаўчасці, што нават брата нашага слыннага Адама Міцкевіча ў таварыства да «беларускіх паэтаў» прыпісаў. Між тым Аляксандр Міцкевіч, наколькі я ведаю, быў прававедам і на ніве паэзіі, хоць бы польскай, не адзначыўся. А тут ні ў плот, ні ў азярод радкі нібыта ягоных вершаў гучаць!Боўт Войслаў (блізу 1833 г., м. Прапойск —?), “беларускі” бандыт, апалагет скрайняй формы “крывіцкага” правінцыялізму ў палітычных, эканамічных і культурных сферах. Месца атрыманне адукацыі невядомае. З траўня 1857 па люты 1858 г. жыў у Менску, працаваў судовым канцылярыстам. Арганізатар злачыннае аферы па экспрапрыяцыі грашовых сродкаў у прадстаўнікоў менскага польскага грамадска-палітычнага і грамадска-культурнага руху (здзейснена ў лютым 1858 г., забрана блізу 6 тыс. рублёў). Пасля здзяйснення злачынства знік. Далейшы лёс невядомы.
Здаецца, гэнага будзе цалком дастаткова. Я разумею прыхільнасць Вашэці да палякаў-беларусаў кшталту Дуніна-Марцінкевіча, але лічу залішнім тварэння нейкага міфу на аснове біяграфічных звестак Баўта. Ён не заслугоўваў такога тады, не заслугоўвае і зараз, бо вобраз яго непрыдатны ні для нас – свядомых палякаў былое Літвы, ні для палякаў, што ўсё яшчэ ніяк не нагуляюцца ў беларусаў. Мо’ Вашэць прыслухаецца да мяне, нягеглай старой кабеты, і таксама скончыць тую гульню. Польшчы патрэбна адзінства, якому рознага кшталту беларускія дудкі-самадуйкі вельмі перашкаджаюць. Гэта трэба ўрэшце сцяміць. Як добра, што ніхто ўжо не помніць ні Баўта, ні Каліноўскага, ні іншых зламысных раскольнікаў польскага руху. Забыццё ці дрэнная памяць пра іх – найлепшая дзяка гісторыі за іхныя дзеі.
Дзённік Ірэны Галавацкай Захаваныя фрагменты
[пачатковых старонак няма; дата няведамая]
…была ў тым месце, бачачы так вялікую сілу яго розуму і ўроды. Уздыхнула я, мэрам бедна дзяўчына, бо не слушыць мне сваю таёмную зацнасць указываць. Яны не павінны нічога знаць аб маё праўднае палажэнне і задачы. Дазналася, што работы ён мае ў Менску ў кансісторыі. Дазнаць, гдзе ён жыхарыць будзе не вельма трудна. Толькі б не памыхнуцца. Ён распраўляе, словам насампраўду крэвіч. Для істага крэва то ёсць занадта шалапутліва. Мо’ не крэў? Але ж, пачцівая Лада, што за вагонь разгнятаецца ўва мне, колі прыпамінаю яго від да словы, поўныя жарлівасці. Мусова адшукаю яго. 4 ваяслава, рок сёмы ад П.К. Уставую, што месяц гэты перазываю для чэсці любага сэрцу майму чалавека. 12 ваяслава, рок сёмы ад П.К. Выясніла, што Ваяслаў бывае ў коле Дуніна-Марцінкевіча. Нягож ён з гэтых? Чы толька ўдае, як і я? 15 ваяслава, рок сёмы ад П.К. Нагрэла ваду, каб принять ванну з пенаю і бурбэлкамі. Не ўсцярпела. 17 ваяслава, рок сёмы ад П.К. Ім глупым і нягеглым ніколі не адбудаваць той зданнёвай Беларусі, аб каторую цяперака пачынаюць так захватліва блузніць. Не адбудаваць і Крыўі на тых падвалінах, што ёсцека зараз. Хрысціянская Крыўя! Смех дый годзе. Але маюць прытась апаскудзіць святое, апаскудзіць у каторы ўжэ раз. Мста! Мста! Мста! Запавядала маці мсціцца кажны дзень, кажны час. Праўдзівы дух крэваў не згіне. Іх высілкі дарэмне прымошчаныя, бо мёртвы дом дойліды стаўляюць, і будуць туды вятры з бакоў чатырох дзьмуці, і Зюзя дубінаю сваею страхý скідаць будзе, а Чарнабог не пагрэбуе прыставіць да вокнаў пачвараў страшнейшых ад істнотаў з мілага дойлідам “Откровения Иоанна Богослова”, цібо “Apokalipsy świętego Jana”. Абое рабое. 18 ваяслава, рок сёмы ад П.К. Дзяцінства абарвалася на паўслоўку. І не было ніякога спасу ад вірлівага юнацтва. “Што за бацвінне?” – пытаўся люд. 22 ваяслава, рок сёмы ад П.К. Кажны адзержыць павэдлуг заслуг сваіх. Гадзіна ночы. Адчытаныя кнігі амерыканцаў пра электрыку і смерць. Толькі электрыкі нам яшчэ не даставала. Смерці ж поўныя прыгаршчы. Але смерць ад смерці розніцца. Трэба спаць. Заўтра выступаю. 24 ваяслава, рок сёмы ад П.К. Ноч. Мізэрная ноч. Шчарбаты шэляг у небе, на каторы хочацца выць, словам ваўчыца чы ваўкалачыца навет. Здаецца, выірвецца вось тое выццё ўвадначас, папытае – гдзе ж цяпер Ваяслаў? З кім ён? А ён ды харашэнькі сам. Не мой яшчэ толька. О, Найвельшы, чаго ж ты судзіў нарадзіцца ў гэтым чорным, бы дзёгаць, “дзевятнаццатым веку ад ражджаства хрыстова”?! Звыродлівыя пціцы на дамах, змяінае шыпенне з вуснаў, кроў на сумётах… Брыда! Усё змянецца на горшае. Лепшае мала не тысячу год таму ўтапілі ў Дняпры і Дзвіне, спалілі чы пасеклі, каб благодати ўтаргаваць. Утаргавалі. Ажно і дацеперся благатой адрыгваюцца. Я не яны. Іншая. Вінна быць гэткай. Але жыццё сярод іх, іхных слоў да истин пабівае мяне нямала. Гэта іх зямля. Такім, як я застаюцца падзямеллі і неба. Мама казала, што выхаду для нас адтулека не будзе. Мы ненавідзім іх. Яны не любяць нас, хаця і не ведаюць, што мы ёсць… Аднак ён, Ваяслаў, хто ж ён такі, мовячы: “Крыўя маіх сноў у вагні”? 28 ваяслава, рок сёмы ад П.К. Перачытваю “Вечарніцы” Марцінкевіча і надрываю сабе бокі ад смехаці. Аказуецца з строк гэтае паэзіі праўдны беларус, то ё такі пасядзецель зямлі тутэйшай, які ў крэвічах знаецца, як вапрук на саладзінах. Заганы першых зрадцаў цясняцца ў ём. То і мысліць, як і соткі лет да яго: колі “не ў хрышчонай веры” пражываеш, дык канечне аддаеш “нячыстай сіле паклон”. Дай у іншым блазантэр’і хватае. Як можна пісаць аб старакрэвіцкіх часах і мяшаць у груд жыдоўскія, грэцкія да рымскія імёны?! Такое зданнё, мэрам Марцінкевіч апісуе кагось з суседзікаў сваіх. Нягэткага крою патомкі незаламаных крэваў! А “нехрышчоны ксёндз” – гэта я. 30 ваяслава, рок сёмы ад П.К. Узноўку была прад publicum. Гэты раз паны палякі, як яны абзываць сябе рачаць. Ведамая рэч – свая костка, да сабачым салам абрасла. То ёсць чарада зрад. Іхняя зрада саўсім не першая і чыста не апошняя. Трэны Каханоўскага я для іх чытала. Але няпэўная, чы мяне хто з іх хаця б на крапліначку паняў. Чхаць ім было на ягоныя віршы, як і на ўсёўвогуле, і заўжды было чхаць, бо іх вядзець уласны цям, дзе пальшчызна – хорма, а зрада – змест. Яны навытарыліся апранаць зраду ў святочнае да багатырскае, надаваць ёй блеску да лоску. А спраўдзі – гніллё, трухло, лайно. Чы многа б адшукалася між іх такіх, хто здолеў бы адрозніць на слых Міцкевіча ад польскіх тлумачэнняў з Пушкіна? Wszystko jedno – што капуста, што гарбата. 31 ваяслава, рок сёмы ад П.К. Дазнала прыпадкова, што Ваяслаў удыгае за нейкай Камілай Святарэцкай. То яўны абмыл ягоны. Ніхто не дасць яму збавення праўдзіва святых рэкаў, акром мяне – Берагіні Галоўнай. Я адваюю гэтае сэрца. 2 серпня, рок сёмы ад П.К. “Сільна, яка смерць мілосць, і жостка, яка ад рэўнасць,” – вычытала ў іх даўняй кнізе послаўку, каторая так жыва сёння для мяне. Ваяслаў чыста не прынімае мяне, як след было б прынімаць. І гэта мяне! Я злая, бытта сто індыйскіх какадрылаў. Зрэшты нічога рашучага я покулься не прабавала ўшчаці. Аддаю долю сваю гэты час на волю пачцівае Лады, абы яна ўспасобіла ўсяка маю лепую міласць да гэтага крэва, наймільшага ад усіх без агляду на яго гостры, як меч язык, каторым ён адтуляе кажнага, хто знаважыцца спярэчкі дурнапахнучыя чыніць. 6 серпня, рок сёмы ад П.К. Баліць мая галованька. Кажны дзянёчак баліць, ажно спасу-паратунку ніякага нямашака мне бедненькай. Ніхто не прыгалубіць адзінотніцу хворую. Зімны серпеньскі дзень. Дождж ліецца на змерлае места. Ён не прыйдзе, не загаляне, не прытуліць мяне к сабе – такому гарачаму і міласці поўнаму. Хоць бы мезенцам да мяне крануўся, я шчаслівейшая і здаравейшая сталася б. 10 серпня, рок сёмы ад П.К. Бабруйск. Ездзім. Робім. Спектаклі чужога духу. Як толькі не плёскаюць вонкі, скрынку чарэпную парваўшы, мае гарачыя глуздочкі. Чужы дух. Дзіўнае мястэчка. Дзіўнае даймо мне творыць. Рэч не толькі ў пескавых вуліцах без бруку і тратувараў, не ў нястачы дрэваў, акром маладзенькіх ліпаў ля палігону. Гэта штосьці іншае. Крэпасць цягчыць гэнае мястэчка. Ад яе ўся чарната. Не хочу. 11 серпня, рок сёмы ад П.К. Адыграўшы апошняе, кідаю ўсё і ўсіх, з’яжджаю хуценька ў Менск. 12 серпня, рок сёмы ад П.К. Да эквіпажу ў Пухавічах знячэўку далучыўся Ваяслаў. Ён быў саўсём блізка. Пазнаў мяне, але за бытнасцю іншых паяжджанаў добра разгаварыцца не выйшла. Мужчына красун. Падобны да сокала яснага. Чарнявы. Як воранава крыло колер валос ягоных. Цёмныя вочы. Сурдут чорны. Бас, як у дыякана, аксамітавы. Тады маўчаў. Маўчанне. Адно толькі дзікунскае przepraszam і лютая моўкнасць. Чаму жадаю карыць яго за гэта? Чы многа на ім віны за тое? Хочацца табакі. 30 серпня, рок сёмы ад П.К. Добра, што ёсць яно – цёплае дзівоснае мейсца, пры каторым усенька іншае рашчынаецца, кідаючы мяне сам-на-сам з насалодай. Мой тайны кут! Я тут сама сабе матухна, зязюлюхна, спадарыня. Ёсць тое, што можа адправіць мяне і мае крозы ў вырай. Шкода, што гэта толька я да я, а не я да ён. 2 верасня, сёмы рок ад П.К. Мне проста, проста, проста. Мне светла, светла, светла. 15 верасня, рок сёмы ад П.К. Ён не робіць ніводнага бязглуздага споківа, ніколі не прамовіць ніводнага марнага слоўка… Плаўная плыня маіх мысляў перапыняецца хмарамі, што ўзноў захінулі соўнійка. Незабаўна дождж зачне паліваць морачную раку да людзёў, што не ўцяклі з пабярэжніцы. Неба мяняе колер. Падымаецца віскуцень, праймаючы наскрозь Тарговую вуліцу. Свіслач свінцавее. Дзеравы на беразе торгаюцца ад раптоўнай халадэчы. Як і я. 16 верасня, рок сёмы ад П.К.Апавяданні
Паляванне на пачварнага парсюка Злая мяшчанская прыгода ХVІ веку
На яго налятала знову а знову хваля нечаканае трывожнасці, шумавінне каторай трапятала ў думках, нібы пена ў гляку з півам расходным. Марцін перабываў у жорсткім сэрцы, згадваючы раз-пораз, то Статут, то Біблію. Але ні ў той, ні нават у другой кнізе ён не знаходзіў ніякага заспакаення сваім турбатлівым ураенням і спасочанням. Грэшным дзелам ён апаў у мыслі блюзнерскія ды спамянуў словы аб мужох і жанкох сваёй бабкі, якая заўсёды шаптала дзівосныя паганскія пацеры. Калі ж розум удакон замыліўся сумневамі, ён запяяў не менш блюзнерскую песню пра двух брахнейкаў, што загінулі ў хораме, зрубленым з дрэваў святое для паганых дубровы. Баючыся боскае кары за тое, Марцін перапыняў свой спеў паспешлівамі жагнаннямі. Дуброва нікаторым абычаем не датыкалася да яго ваўкавыйна даймаючых трывогаў. Асобаю прычынную ў тым была пекная вільнянка на імя Людвіка, званая Спадобай. Марцін і Людвіка употайкі ад бацькоў, кроўнікаў ды знаёмых усіх сустрачаліся ўжо трэці рок. Перш то былі ціхія і чысцюткія, нібы сляза святой Еўфрасінні, патканні пад месяцам за гарадскімі мурамі. Ды памалу маладыя так размілаваліся, што справа да мядовых цалаваннў абярнулася, за якімі неўвамнозе яны сталі любы між сабою меці. Сія-тыя, праўда, у Вялікім княстве назвалі б тое злым ложам ці нават, на аблюбаваны імі ляхоўскі капыл, вшэцячэньствам. Размілаваныя добра разумелі свой грэх прад Богам і людзьмі, але міма сябе пускалі чужыя думкі пра гэта. Ім было соладка ўдвох. Дык жа ні ён, ні яна не бралі на ўвагу тое, што грэх саладзенькім увойдзе, але гаркатою адрыгнецца. Хаця бывала Марціна прарывала і ён пачынаў весці голыя апавесці пра пабожнасць, ціхамірнасць, паслухмянасць ды іншыя цноты, якімі красаваці павінна прыстойная кабета. Людвіка моршчылася ад тых моваў, а за вялікшае зло яна мявала тое, што мілоснік з нейкай кепскай завядзёнкі казаў почасту менавіта кабета, а не жанка, жанчына ці хоць бы нават жэншчына. Яна ніколі не выпускала таго з галавы. Не забывалася таксама аб такую радасць, што Марцін на прыяцельскіх бяседах аж няскромна разам з малмазіяй і медавухаю гарэлачку дзюбаў. І яна нічога не магла яму вымавіці пры людзёх, абы не выдаць знеабачкі іх сувязі. Аднак у пабачаннях на чатыры вокі Людвіка сарамаціла яго з усіх мераў, а ён няўцямна хрыпеў, б’ючы сябе корхам у грудзі: “Людвісечка, не магу табе прамовіці вераю рыцарскаю, што болей падобнага не будзе, бо слаб суць чалавек у дачаснага жывата моры гэтым…”. Дзяўчына даравала, бо ў вачох ягоных разлівалася такое святло, якога не маглі спарадзіць ні тысячы касцельных свечак, ні нат дзве тысячы купальскіх вогнішчаў. І зусім міжволі з яе вуснаў злятала пракуднаю зягзіцаю: “Мы адказуем за тых, каго змілавалі”. Хаця ж дапраўды не магла сабе адказаці, ці мілуе яго. Толькі потым усё чыста пачыналася знову. Здаралася ажно да дробных драбнічкаў і тых самых слоўцаў. Тады Людвіка пачынала гаварыці на лаціне і між разбэрсаных сказаў колькі разоў запар гучна выдыхала: “Circulus vitiosus.” Марцін крыўдаваў. Як падумаці важка, дык крыўды таковыя былі не самымі цяжкімі ў часе, калі мноства раўналеткаў Марціна, званага Зімападам, леглі галавою ў землях інфлянцкіх, ваюючы маскавітаў. Нямала ваяроў, якіх вадзіў князь Мікола Рыжы з Радзівілаў, вярнуліся да родных гасподаў скалечанымі. Было з чаго ўмываці твары слязьмі іх бацьком і малжонкам. Масква ж, наброіўшы ў Інфлянтах, узялася шыбункаваці ў Белай Русі. Мала не штотыдзень у Вільню прыходзілі стуль навіны грозныя. А ягамосць кароль і вялікі князь ніяк не мог аправіцца ад смерці сваёй любаснай жонкі і вельмі мала стаяў аб гаспадарстве, ападаючы ў крэўкасць надмерную. Мноства абываталяў, маючы на бачнасці гаспадара, бралі ад яго не лепшы ўзор. Шляхта працягвала ладзіць банкеты. Тое ж, хоць і незаўжды з такой раскошаю, рабілі і мяшчане. У п’яным клуме інколі знаходзіўся такі, хто прамаўляў падобныя да наступных словы: “Трэба нам аддаці маскве і Полацкую, і Віцебскую землі. Яны бо спакон вякоў рускімі ёсць. Мы ж, літвіны – слаўныя рымскія нашчадкі, не будучы русічамі, мусім кінуці гэтую мову ды загаварыці сапраўдным языком літоўскім”. Зазвычай падобным прамоўцам завіралі вусны, асцерагаючы, дзей не толькі ўстыд такія ганебныя глаголы ўнасіці, але ж і горлам за іх прыплаціцца можна, бо кат віленскі напалохае добра. Марцін жа на словы аб рымлянах адказваў ледзьве не з захаджэннем у галаву: “Ну што ты за мярзенасць вярзеш, змышляч?! Прыкра слухаці цябе. Тое – аддай. Гэта – аддай. А самым тут на лайно ўласнае ўпасці а зубамі ляскаці, як смярдзючы сабака каторы? Трасцы!”. Прыяцелі ўчасна паўздзержвалі яго ад рэзкіх рухаў ды вярталі бяседу ў абыклае рэчышча. Зімапад занікаў, сам у сабе гаворачы, дзей добра, што Людвіка не бачыла яго ў гарачцы безгаловых спярэчак. Людвіка ж з каторагась часу мыслі свае пакладаці стала на Даніле, якога Драбам менавалі. І глядала яна на яго, як бы ў зярцала, дзе бачыла сумненні свае многія. Даніла тварам, смехам, голасам і словамі тым голасам моўленымі ўпадабаўся ёй. Але памятала, што вязямі таемнымі з іншым паяднанай была, і таіла ласку сваю ад усіх ды пярвей ад сябе самой, мабыць. Сам ён да яе ад спачатку ніякае ласкі не казаў, бо занураны быў у інтрыгі аморныя з мяшчанкамі Яняю Краскай ды Альжбэтай Узмянкай. З Яняй, што адно дурыла Данілу голаў вельмі, хутка развіталіся, ладна перасабачыўшыся пад канец. З Альжбэтай справы былі складаныя і заблытаныя, як лінія роду вялікіх князёў літоўскіх. Гукалі, дзей яна яшчэ не быўшы ўдавіцаю, чыніла любы з Данілам, але ж не толькі з ім, а яшчэ з цэлым рэестрам віленскіх мяшчанаў, жаўнераў ды нават, даруй Божа, святароў трох канфесій хрысціянскіх. А адна спісковая цнатліўка, праз рот каторай віднеўся муражок, на якім стаяла, цвердзіла, што да Альжбэты захаджваў сам ягамосць Жыгімонт Аўгуст. Данілу пляткарства тое абыходзіла мала і ён пасля многіх свараў і звад павяртаўся да яе, каяўся а меў велекроць ложа з ёю. Быў жа ён з мяшчанаў тых, каторыя аблады мелі не толькі ў месце, але і паза ім. А мяшчанству таковаму Гаспадар быў прызволіў служыці і заступаваці службу земскую так, як і баяры шляхта. То і браў Даніла да сябе гонару ваярскага ды хадзіў між іншага жаўнерства ў Русь Белую, якую маскаль попельнай зрабіці паўзяўся. Паход да Апочкі, дзе супастаты мечам аселі, быў нефартунным надта. Даніла горла свайго не літаваў і толькі з ласкавасці Госпада Бога велеміласцівага не падняў ён мечам смерць сваю, аднак пальцаў двух, мезеннага а безназоўнага, на правіцы далічыцца не змог. Дык жа варачаючыся з паходу, Драб уменіўся, што яму сам чорт не брат і Сапега не таварыш. Прыйшоўшы дамоўкі, знайшоў ён Альжбэту сваю любадайную панятай у стан малжонскі. Ды без увагі на шлюб яна заклікала яго да сябе. Даніла, сабраўшыся з душою, даў ведаці ёй адказ свой праціўны, а сам да дзядзькі ў Наваградак з’ехаў. І піячыў ён там колькі сядміцаў, аж покуль не прынеслі ліст зашыты. Ліст зашыты з Вільні быў, пісаны рукою Людвікі. Той самай Людвікі Спадобы, з якою Даніла ўжо пару рокаў знаёмасць меў і неўпрыкмет для сябе сэрцам да яе ўзбег. Толькі ўласныя путы аморныя ў гэтым перапоны чынілі і касавалі кождую зможнасць для сустрэчаў, якія праясненне ўсяму далі б. Але ж неаднойчы сніў ён адзін адзіны цалунак, скрадзены ў яе калісь начой перадкаляднай. Не забывалася і тое, што болей ейных цалаванняў дамагчыся не прыдалося. У лісце Людвіка з вялікай пачцівасцю прасіла Драба вярнуцца ў стольнае места, абы сустрэцца аблічне і пагаварыці пра пільнае штосьці. І Драб, быццам луска з ваччу апала, у Вільню рынуўся. Перамаўлялі яны доўга. І казала Людвіка, што заблуталася вельмі, не ведаючы ясна, каго мілуе болей Марціна альбо Данілу, з таго бянтэжыцца і фрасуецца дужа, надта перажывае, што ён – Даніла – мала знаны ёй у сваёй праўдзівай натуры і жыціі рэчаістым. Драбу дзіўным было словы тыя да вушэй браці, але ён згадзіўся на патканні з Людвікай, хаваючыся ад бацькоў, кроўнікаў, знаёмых усіх, а злашча ад Марціна Зімапада, з каторым сам даўненька прыяцельства вёў. Марцін навучаўся на арганістага, хадзіў да касцелу святога Яна і нават без узроку на запісы нотныя мог адыграці палову Берасцейскага канцыяналу, выдаючы музыку евангелікаў за чыста каталіцкую. Але раптам стала не да таго. У сэрцы мілую Людвісю прыкмячалі ў таварыстве іншага мужчыны. Яна казала адно пра прыпадковасць тых сутрэчаў. Досыць жа выявілася датклівых супадзенняў! У аптэцы пана Яна Пігулкі, на торзе, у касцеле… Але самым страшным падалося, калі Марцін сам угледзіў іх на летніх усходцах дому яе бацькоў. Ён адразу пазнаў Данілу, які спакайнютка еў кашу рыжовую з шафранам. Можа, і не кашу, можа, і без шафрана, але Зімападу гэтак падумалася. Гнеў і ўстыд апанавалі ім, як бусел жабаю. У дом увайсці ён не паторгнуўся, паімчаў да радзіннага свайго дому, зачыніўся ў каморы, прабавіўшы рэшту дня і ноч усю ў мучэннях душы. Назаўтра Людвіка паясніла, дзей Драб Даніла да бацькоў ейных завітаў ветліва, і ёй нягожа было б не выйсці да госця зацнага, каторы панства нашае ў полі з мечам ды ручніцаю, а не ў карчме з півам і вяндлінаю бараніў. Да ўсяго яшчэ дадала: “Сорамна табе аб такую мізэрную прычыну, толкам не дазнаўшы, гняўлівасцю запаляцца”. Марцін слязьмі абліваўся ў яе на каленях. Між тым па месце віленскім пагудка прабеглася, дзей у адным з хлявоў мяшчанскіх свіння ў прыплодзе прынесла нейкую бэстыю, пачвару заістую. Ніхто не ведаў, што рабіці з вырадкам. Быў ён большым ад іншых парсюкоў ды меў, як казалі кніжнікі, пілігрымы і купцы, голаў малпы, цібо абізяны – звера, што вадзіўся ў старане індыянскай і ў далёкіх крэсах афрыцкіх. Тыя ж знаўцы, што праўда, казалі і пра адрознасць: у абізянаў пыса пакрытая поўсцю, як у сабакі, а ў пачвары з Вільні скура за малай вывалочкаю гладкая, як і слушыць парсючку. Акром гэтага ў вырадка былі вялізныя лыпатыя вочы, а вушы нібы ў кажана, а з лоба звісаў мярзотны атожылак, што нагадваў надцятую кішку. Нораву ён быў злога, бо перагрыз у хлеве ўсіх пабрацімцаў сваіх. Пасадзілі яго на асобнасці, кормячы конскімі ды кароўскімі вантробамі, набыванымі невялікім коштам на гаспадарскай бойні. Уладальнік пачварнага парсюка не мог духам выстарацца на яго забіццё. Пагатоў аб’явілася магчымасць спаганяці з плоймы цікаўнікаў грошы за пагляд у заклець з монструмам. Пра самыя народзіны звыродлівага свінча гукалі размаіта. Адны баялі, дзей тое было ўроджанне ад вядзьмарскіх чараў. Памятаючы аповяды пра малпаў, другія цвердзілі пра якогасьці купца, каторы у Вільню таго звера прывёз, а ён уцёк і ў хляве з свіннёю злучыўся, ад чаго і нашчадзь кепская выйшла. Трэція, маючы на ўвазе справы палітычныя, гаварылі годна, дзей той парсюк не ў Вільні ўзрадзіўся і ўскормлены бязбожжам, а таемна дастаўлены сюды маскавітамі для паняверкі а застрашэння народа ad portus новых учынкаў ваенных на землях колішніх крывічоў. Покуль люд віленскі аб тыя аказіі на мыслі ўздабываўся, а хтось з мастакоў саматужных бэстыю праклятую для вандроўнага нямчына намаляваў, яна пасля пэўнае ночы прапала. Заклець зламанай была, а па слядох адно бачылася: жывёла ўцякла, а не стала прадметам хцівага крадзежніцтва. Як паказалася, парсюк па дарозе раздзёр мноства псоў і катоў блудзяжных. Але спалохаліся віленчукі праўдзівей толькі тады, калі на тым шляху крывавым знайшлі чалавека лёзнага, звярыным абычаем да смерці змардаванага. Сведкі ступіліся з аблічча, баючыся за ўласныя жыцці. Пачварны парсюк пакінуў Вільню, збегшы ў лясы бліжэйшыя. Даніла, пачуўшы гісторыю аб крыважэрным свінячым выпладку, усміхнуўся і пасля намарных корпанняў у завучаных колісь лацінскіх словах прамовіў: “Svintus miserus Vilnae. Куслівы і сіла небяспечны”. Але хутка смяшкі аціхлі, бо svintus пару разочкаў з’яўляўся ў бацькавай вёсцы, ладныя шкоды чынячы. “Ото стварэнне шатанскае!” – узлаваўся Драб і ўздумаў, парадзіўшыся з бацькам, упаляваці ненавідную жывёліну. Вось жа і стаў ён збіраці паляўнічую бурсу, абы задуму сваю уцялесніць. Памагаць абяцаліся тамтэйшыя паходжыя сяляне. Аднак мусіў быць і хтось больш спанатраны ў рэчах паляўнічых. Узяўшы гэта на розмысел, Даніла мгненнем адзіным спамянуў прыяцеля свайго Марціна Зімапада. Зімапад, хоць і не спяшаўся кінуці ў бокі падозранні аб Спадобе і Драбу, надзіва борзда указаў згоду на ўдзел у ловах. Яшчэ два месцічы – Юшко Шмарагд і Глеб Дзівісіл – згадзіліся на рызыку лавецкую, бо вельмі прыгоды любілі. Людвіка Спадоба, даведаўшыся пра паляўнічы хаўрус сваіх мілоснікаў, спачатна ўсцешылася надта, але сумелася потым: “А які толк у тым, што Марцін і Данік не будуць варагаваці а хадзіці крывавусцем міжсобку, калі я так і не даступілася жаднага зведам’я, хто мне з іх наймілейшы?”. Да яе сумення дадалася і вялікая непрыемнасць: у слушны дзень не пачалася болесць месячная. Не было яе і на другі, і на трэці, і на чацверты нават дзень. Маці, што ад першае дачковае крыві сачыла за яе месячніцаю, узрушылася надзвычай. Дачушка ж заспакойвала яе, мовячы хлусліва, дзей усё тое ад турбаванняў і страхаў, пасля чуваных жахотаў аб брыдотным япручку. Матуля суцяшалася троху, але з немінучым недаверам прамаўляла: “Ой, доню, прывяду я бабцю-павітуху, абы спраўдзіла, ці дзевая ты. Ой, прывяду… ”. Палохала тым не ў жарты Людвіку. Мыслячы пра вераемную вагітнасць, яна знала дакладна, што бацькам дзіцяці мог быць толькі Марцін, бо з Данілам нічога гэткага ў іх не бывала. А рачэй – не паспела адбыцца. Лягчэй ад гэтай яснасці не рабіліся: “Усе будуць гаварыці пра распусту. Сёй-той курвай назаве. А родным ганьбы прыбудзе. Праклянуць”. Яна хацела пабачыцца з Марцінам, але той разам з Данілам на вёску з’ехаў. Юшко Шмарагд і Глеб Дзівісіл, марна прабуючы таварышоў сваіх разгаварыці, казалі, дзей парсюк-вырадак неадзіная праява такога раджаю ў Вялікім Княстве Літоўскім. Першы згадаў змія воднага, што нібыта жыў у возеры Лепельскім, і многіх цмокаў, бачаных у ваколіцах далёкага ад сталецы Гомея. Другі прыпомніў яшчаркаў зубатых, якія некаторы час у вады праводзе віленскім вадзіліся, а ў менскай рачулцы Нямізе-крывавай наагул зводу не маюць. Марцін і Даніла маўчалі. Зімапад, узяўшы на ўгоду прапанову Драбаву, не ўзяў да сэрца заспакаення. І намысліў ён рэч грэшную вельмі, маючы “Не ўбій” біблейскае і артыкулы права пісанага вялікакняскага сказіці, бо гарлівасць мілосная вочы і розум заслала габеленамі чорнымі. Між рыштунку паляўнічага меў Зімапад заточаны гостра ікол хіжага звера заморскага, прыдбаны ў чалавека вандроўнага, які перэгрынацыю ў Зямлю Святую ўчыніў. Рахубу Марцін дастаткова простую меў – у часе палявання іклом тым Данілу да смерці ўразіці, а пасля прысведчыці ілжыва, дзей бедачыну кныр паскудны растурзаў. Драб жа чакаў мажлівасці раз’ясніцца з прыяцелем аб рэчах мілосных. Юшко з Глебам пасля ўсіх размоваў узяліся песні карчомныя спяваці, цвелячы сэрцы задуменным бурснікам.Second Security
Шчаслівы мужычок у магерцы на каляровай этыкетцы весела заклікаў пакаштаваць гэты гатунак піва з лідскага бровара спадара Пупко. Зрэшты хмяльны напой менавіта з гэтай бутэлькі быў даўно пакаштаваны, а сама пасудзіна стаяла на адмысловым пясчаным узвышшы і разглядалася вокам праз мушку масіўнага пісталета. «Бах!». Аскялёпкі, як беліцкае груганнё ад сполаху, разляцеліся на ўсе бакі, запознена даганяючы сваіх папярэдніц ад пляшак з-пад гомельска-магілёўскіх піўных гатункаў Франца Лекерта. Гэткае стралецтва не было той парожняю ўцехай, каторай бавілася заможнае гомельскае спадарства на поплаве ля Клёнак, пуляючы па кінутых у паветра талерках. Тут рэч была больш сур’ёзная. Прынамсі так здавалася маладому спадару, што цвёрда трымаў у правіцы бліскучы «Сміт і Вэсан». У які ўжо раз ён з самазабыўным замілаваннем разглядаў сваю зброю. Наймальнік сам не зленаваўся прайсціся да крамы пана Габрыелава, каб выбраць для службоўцы добры рэвальвер. Рэвальвер быў напараўду добрым, і Аляксандр (так звалі маладзёна) не прамінаў раз на месяц праводзіць, рэкамендаваны яму shot training. Каб напуста не марнаваць дваццаць пяць капеяк на параход да Клёнак, ён штовыходны ладзіў пешую прагулянку на Мельніцкі Луг, дзе за паўгады паспеў зладзіць з пяску невялічкі палігон. Праца, як ні круці, красавала толькі выгодамі: някепскі заробак, людскія умовы, жыллё ў цэнтры горада ды яшчэ і пісталет у кішэні. І ўсё на законных падставах! Бацька Яўхім і памысліць пра гэткае не мог, аддаваўшы колісь сына ў гімназію. Аляксандр сам доўга не мог паверыць у раптоўнае шчасце. Як жа ж, меўся досвед нешанцавання, калі ў часе прызыву на зборным пункце ён выцяг нешчаслівую паперчыну жэраб’я і мусіў на паўтары гады пайсці ў войска. Служыць давялося пад Яраслаўлем. Аляксандр дзякаваў Богу за тое, што ў Расіі не пачалася чародная рэвалюцыя, а таксама маліўся, каб ягоны полк не быў кінуты куды-кольвек к чорту лысаму пад зубы ва Ўрэнхайскі край. І сапраўды, акром муштры і салдацкае дружбы, яму ў войску нічога не назаляла, бо духоўны голад ён спатольваў чытаннем “Нашай Нівы”. Да апошняга прыахвоціўся яшчэ ў Гомелі амаль перад самым прызывам, калі найцяжэйшае з пытанняў да самога сябе – “Хто я?” —урэшце атрымала выразны ды беспаваротны адказ: беларус. Падчас службы ён не проста ўважліва прачытваў кожны нумар, а нават завучваў напамяць і, стоячы на варце ля складоў, асабліва начыма, гартаў тую невідочную падшыўку, што неўпрыкмет для камандзіраў месцілася ў яго галаве. А дужа ж падабаліся жаўнеру-беларусу вершы маладога паэта, які іх дасылаў у “НН” акурат з Яраслаўля. Не зважаючы на жаданне пазнаёміцца з таленавітым творцам, намеры адшукаць яго так і засталіся намерамі, хаця пад канец службы старшы унтэр-афіцэр Аляксандр Шалюта меў рэчаісную мажлівасць іх ажыццявіць. Па вяртанні дадому варыянтаў далейшага жыцця была ўсяго жменя якая. Льга было, напрыклад, пакінуць Гомель і адправіцца ў які-кольвек настаўніцкі інстытут. Можна было б паспрабаваць уладкавацца ў паліцыю, але душа да гэтага не ляжала, а пратэкцыі не было. Без праблемаў можна было ўладкавацца чарнарабочым на чыгунку ці ў порт, каб апынуцца сярод гушчы габрэйскага пралетарыяту, што слаба знаўся у справах беларускага адраджэння. Бацькі нічым парадзіць не маглі, як не мелі спосабу наогул дапамагчы, бо гадавалі ў далекаватай Несцераўцы яшчэ восем сыноў і дачок. Работа ў Руска-Азіяцкім банку падвярнулася нечакана. Адзін знаёмец, колішні сугімназіст, прапанаваў дырэктару гомельскай філіі кандыдатуру Аляксандра. Дырэктар, пачуўшы пра беларуса, які выдатна скончыў гімназію, а ў войску даслужыўся да унтэр-афіцэрскага чына, адразу ж пагадзіўся запрасіць таго на сумоўе. Сумоўе прайшло гладка, і нават падкопныя пытаннейкі дырэктаравага намесніка па кадрах не збілі дзецюка з панталыку. Шалюта атрымаў у выніку месца кур’ера і дадатковага вартаўніка. “Second security”, – нібыта па-ангельску прамовіў кадравік, каб не псаваць слых шматаблічным расейскім “сторож”. Зрэшты на старажаванне другая задача была падобная мала. Яна ўвогуле вынікала толькі з таго, што дах над галавою Аляксандр атрымаў не абы-дзе, а ў тым самым банкаўскім будынку на паддашку (penthouse). Таму Шалюта проста мусіў спачываць, прыхаваўшы пад падушку пісталет, а ў разе небяспекі рабаўніцтва – збройна прыйсці на першы паверх у помач ахове. “Рабунак у цэнтры горада? Хіба гэткае ўвогуле магчыма за вярсту ад княскага палацу і за паўтары ад паліцэйскае ўправы?” – разважаючы пра ровень бяспечнасці прапановы, пытаўся Аляксандр сам у сябе. Лішні шэлег за спаннё з пісталетам быў цалкам дарэчным, бо яго ставала не толькі на падпіску ўлюбёнае газеты, але і на амаль штотыднёвае наведванне з каханкай нятаннай рэстарацыі “Мядзведзь”. А быў яшчэ ж і асноўны – кур’ерскі заробак! Самы момант настаў як галушка па масле плаваць, дзелячыся час ад часу кавалкам гэтага масла з бацькамі… Усё было б зусім цудоўна, калі б не думка пра заганнасць вакольнай рэчаіснасці. Яна з лішкам кампенсавала ўяўную адсутнасць грашовых клопатаў, занурвала сэрца ў такою смугу, якая горкім дымам выядала вочы. Аляксандр цікавіўся гісторыяй, але прачытаных кніг не ставала, каб самастойна дайсці да цяму, што ж адбываецца навокал. Ён ніяк ня мог уразумець, чаму на зямлі беларускай няма беларускіх гарадоў, чаму беларусы апынуліся пераважна за гарадскою рысай – у вёсках, нібы амерыканскія індзейцы ў reservation. Гэта яго вельмі дапякала, бо меў геніяльную неасцярожнасць памысліць пра стварэнне беларускай дзяржавы. Быццам смаляная стрэмка, думка тая засела ў галаве, і не было такой шпількі ці іголкі, здатнай вярнуць ранейшы спакой… Вось жа Аляксандр Шалюта, цэлячыся ў бутэлькі, не быў надта пэўным у тым, што перад сабою бачыць: шкляную пасудзіну ці твар кагосьці з тутэйшых чарнасоценцаў. “Бах!”. Ён добра памятаў гімназічныя гады і тыя выпелегаваныя вечнарумяныя морды прыродных расійчыкаў, змяіныя вочы ды юдавы ўсмешкі спанатраных у лізаблюдстве дзетачак тутэйшых іванькаў нічога-не-помню. Памятаў добра, хаця гэтыя згадкі і блізенька не ляжалі ля прыемных. Поўхі і кухталі за “не тыя” гукі і словы. Расстрэл снежкамі па той жа прычыне і дзеля своеасаблівай пацехі. Ён памятаў добра. Не забываў і собскага “геройства”, што выйшла найперш з перамогі над сабою, а ўжо пасля з наймацнейшага ўдару тынінай па пысе адному з крыўдзіцеляў спаміж начной цемры. Адзіна толькі неба ведала, як удалося ўнікнуць лапаў шматлікіх разбіральнікаў, што сталі мітусіцца наўкруг таго здарэння… Многіх ён сустракаў ужо ў гэтым – новым і заможным – жыцці. Хтось бязмерна занядбаў сябе ў п’янстве, блудзе і нюханні какаіну. А нехта, тарнуючы тых самых грахоў памяркоўна, працягваў цвісці зласлівымі краскамі. І тыя, і гэныя пры сустрэчы пыхалі полымем нянавісці, адно што не аднолькава адкрыта. “Бах!”. Пляваць ён на іх зараз хацеў з вежы цукровага завода Паскевічаў. Але ж так мліла ад іхніх забавак “русским великодержавным шовинизмом”, як выславіўся адзін з недазволеных цэнзураю аўтараў… Усе бутэлькі былі пастраляныя. Аляксандр схаваў гарачы яшчэ рэвальвер у кішэню сурдута і павольна рушыў у бок Гомеля, дзе чарнелі змрочныя хаціны Каўказа. Гэтыя гомельскія празыванкі розных гарадскіх частак яго надта смяшылі. Каўказ, Амерыка, Свісток… Па Каўказе хадзіць адному было нядужа бяспечна, меў ён кепскую рэпутацыю: піяцтва і буяцтва упоравень з усялякімі немачамі цвілі тут пышным кветам. Зброя надавала смеласці і пэўнасці, але толькі не зручнасці для хады па вуліцах. Здавалася, рука чалавека ніколі пасля збудавання не дакраналася да іх. Былі яны абсалютова непрыстасаваныя для прагулянак пешшу. У іншых месцах горада хаця б драўляныя ходнікі (дый яны не чысціліся!) ратавлі тутэйшую грамаду ад мусовасці круглы год не развітвацца з паляўнічымі ботамі і адпаведным адзеннем. На Каўказе не было і гэтага. За тое ўсюдых было накідана ці абы-як складзена размаітага драўлянага хлуду, цэглы і камення, швэндаліся з напалеонаўскай годнасцю гавяда ды свінні. Шалюта стаічна трываў кожны свой “транскаўказскі пераход”, завяршаючы яго каля гарадское вязніцы. Там ён іншым разам супыняўся, углядаўся ледзьве не да амарокі ў ейныя муры ды паўтараў паўшэптам няўцямныя словы-насланнё: “Будуйце самі сваё рабства!”. Па тым заставалася трошку прайсціся да Румянцаўскае вуліцы, каб адчуць пад здарожанымі нагамі плітку ці асфальт, каб займець навідавоку збольшага прыстойныя будынкі. Румянцаўская, лепшаю часткаю сваёй, была застаўлена каменнымі будынкамі з гаўбцамі, вежамі, шпілямі. Тут месціліся раскошныя магазіны з вітрынамі і сажневым люстраным шклом, рознага кшталту крэдытныя ўстановы, канторы, бюро, гатэлі, рэстарацыі. Усё гэта з нядаўніх часоў для Аляксандра сталася, калі не сваім, дык прынамсі не такім чужым, як раней. Зрэшты ідэалагічна ён не падабаў нікога, пачынаючы ад гаспадара гатэля “Масква” пана Івіцкага і трымальніка гадзіннікавай крамы пана Марынбаха, сканчаючы ананімнымі наглядчыкамі цэнтральных публічных прыбіральняў. За гэтымі раскошай і бляскам бачылася змізарненне беларускага народа, з чыёй цяжкай працы жывіліся ўладныя людзі гэтага краю Расійскай імпэрыі. Думкі былі занадта крамольнымі, каб вымаўляць іх голасна. Гэта штурхала яго за крэс раўнавагі, але аднога пісталета на ўсю каланіяльную “брацію” было зусім недастаткова. Аляксандр колькі разоў націснуў кнопачку званка, заклікаючы ўмоўным сігналам ахову адчыніць дзверы банка. Кашчавы начальнік аховы падпрапаршчык Цюрменка праз хвілю ўпусціў яго ўнутро будыніны. На пытанне ахоўніка пра shot training Шалюта абыякава махнуў рукой і падняўся на паддашак. Трэба было памыцца, пагаліцца і пераапрануцца, бо ўвечары мелася адбыцца сустрэча з каханай дзяўчынай. Аляксандр запаліў газніцу, паставіў грэцца ваду і падыйшоў да вакна. На вуліцы паволі пачынала вечарэць. Будынкі насупраць – двухпавярховы дом і навюткі гатэль “Савой” – былі бачныя яшчэ досыць выразна, а вось званніца Траецкае царквы ўжо губляла спакваля ўстойлівасць сваіх абрысаў. Маладзён заплюшчыў вочы. З хвіліну ў зацямрэчаным зроку стаяла тая самая заваконная карцінка, дзе найясней адлюстраваўся тэлеграфны слуп з неімавернай колькасцю бэляк для дратоў. Не любіў яго Шалюта з часу ўлазін, калі, паддаўшыся шалапутліваму настрою, стаў варажыць на тых слуповых бэльках, нібы краса-дзяўчына на рамонку: “Кахае. Не кахае”. На бэльках атрымалася “кахае”, а насампраўдзе – здрада і паспешлівыя ўцёкі каханкі ў Кіеў на пару з прышчыкаватым махляром-картыжнікам. Аляксандр дужа перажываў і прыкрасці паспытаў на ўвесь рот. Аб каханні Марыі, каторую спаткаў трохі паслей ён варажыць зарокся. Сама дзяўчына падстваў для турботаў не давала, хаця і цалавалася з жарсцю сама мала Клеапатры Егіпецкай. Наведнікаў ва ўстанове спадара Фёдарава увечары мусіла быць нямала. Цудоўна знаючы пра гэту акалічнасць, Аляксандр загадзя замовіў столічак для двух падалей ад эстрады ды ад вокнаў, што выходзілі на паштовую кантору. Каханая не спазнілася ні на капку, і ад Гогалеўскага бульвару яны рушылі ў рэстарацыю. Ва ўсмешках і рухах Марыі Ламакі хлапец заўважыў якуюсь няпэўнасць ці то нерашучасць, быццам дзяўчына баялася сказаць яму такое, што абяцала быць непрыемным. – Ці не лепш усё распавесці адразу? – ненавязлівым, але чэпкім тонам прамовіў ён. Тая змоўчыла, узняла свае зялёныя, як няспелы агрэст, вочы і хуценька заплюскала імі, ніяк не могучы адказаць. – Кажы, – халоднай любаснай уладарнасцю веяла ад Аляксандра. – Ну не сярдуй ты, пане-каханку, – зусім па-дзіцячы прамовіла Марыйка, – я выйграла спабор… Спабор на стаж… На стаж у Варшаве… Пры кафедры Карскага… – Усё-ткі ўдзельнічала? – Шалюта раздражнёна заварушыў скуламі. – Хто ён твой Карскі?! Западнарус між капелюшом і чаравікамі. Белорусское племя. Белорусское наречіе. На чый млынок вада ліецца? – Сцішся, дружа, – сур’ёзна і важна адцяла каханка. – Хто б казаў? Ці мо’ для беларускага народа ты ў сваім банку ліхі шэляг абабіваеш? Аляксандр зачырванеўся горай, чымся б у лазні якой пабыўшы, але суладзіў з барвою і адпавёў на абразу: – А ты, каханая, гэтай маёй клятай капейкай мяне не папікай. Я ж не з ёй у руках на свет грэшны паявіўся. Яна мне пасля гора-бяды, ліха-злыбяды дасталася. Дый ці надоўга? Не папікай. Няма ж за маімі плячыма беларускае дзяржавы. А ёсць вось гэта… – ён зрабіў няпэўны рух даланёю —… імперыя, дзе мы з табой природныя обыватели без права сабой звацца. Я ж прынамсі пра Беларусь думаю… – Дык, можа, і Карскі думае пра Беларусь. Скажы, што папросту не хочаш мяне ад сябе адпускаць. Царства Польскае, ці далёкі свет? Га? – Ведама, не хачу – прыкметна палагаднеў Аляксандр і больш да тэмы не вярнуўся. Рэстарацкі прыдзвернік, скасавурыўшыся на чародную пару, даў дарогу. Каханыя, пакінуўшы шатніку сваё верхняе адзенне перайшлі ў залу. Вечар толькі пачынаўся. Яшчэ не было шызога туману ад накуранага, а гамана прысутнага народа не мела празмернага запалу. Музыкі спадара Музынскага ціхутка гралі штось бязроднае. Па мутных келіхах Шалюта разліў champaign. – За твой стаж, – узняў келіх ён. – За наша каханне, – бязгучна выдыхнула дзяўчына. На эстрадзе з’явіўся смешны канфэранс’е, які доўга кашляў, патрабуючы ўсіхняе ўвагі, ды ўрэшце абвесціў: “Ladies and gentlemen! Сягоння ў нас сенсацыя! Маладая і надта таленавітая спявачка пані Эсмэральда Жаранкова”. Выйшла сапраўды юная дзеўчына, талент якой трэба было яшчэ ацаніць. Слодычны погляд. Пульхныя вусны шыракаватага рота. Стрункія грудзі пад атласнай сукенкай. Усё гэта ніяк не стасавалася з песняю, што загучала з эстрады. Такое зазвычай мямлілі нягеглыя таўсматыя бальзакаўкі.Не руш майго страху
Усе баяліся не столькі правакацыяў, колькі імавернасці на іх паддацца. Дружба з Нямеччынай была надта дзіўнай. Бярэсце яшчэ памятала тупат вайсковых ботаў супольнага параду чырвонаармейцаў і жаўнераў вермахта. У небе, аднак, зачасцілі няпрошаныя госцейкі з захаду. Прычыны тых палётаў сіліліся зразумець толькі адзінкі. Для бальшыні ж самалёты са свастыкамі над Савецкай Беларуссю былі выяўнай правакацыяй. Так бо казала кіраўніцтва дзяржавы і партыі, якое распісалася за сяброўства з немцамі. Адно няясным было, на што нямецкія сябры правакавалі савецкіх таварышаў: хіба на шчыльнейшы кантакт са стварэннем у далейшым адзінай паветранай прасторы? Думкі пра верагоднасць вайны адпадалі як рэч на той час недазволеная. Але ў сейфах шматлікіх армейскіх і цывільных чыноў рознага ўзроню чакалі іншага часу – часу “Х” – якіясьці пакеты з важнай інфармацыяй, а войскі ў памежных раёнах абярняся змянялі дыслакацыю, займаючы выгоднае для нанясення апераджальнага ўдару становішча. Зрэшты пра такія акалічнасці абазнаныя людзі маўчком маўчалі, баючыся сказануць чаго лішняга нават сваім сямейнікам. У памежную зону нямецкія самалёты ўчашчалі з дзіўнюткай рэгулярнасцю. Ніхто іх не збіваў, дазваляючы вярнуцца на той бок Буга ці Нарэва. Калі чародным разам у небе з’явіўся лятальны апарат, яго па завядзёнцы палічылі за нямецкі. Але праляцеўшы са звычайнай хуткасцю над Жабінкай, ён распусціўся ў паветры і ўзнік увадначас над Баранавічамі. 170 км за паўтары секунды! Гэта выдавала на найноўшую сакрэтную тэхніку, якой нават гітлераўская Нямеччына, не зважаючы на выкарыстанне разнастайных рэсурсаў акупаваных краін, валодаць наўрад ці магла. Хуткасць насамрэч была няподумнаю. Военачальнікі з Жабінкі ніяк не маглі даць веры таму, што лятак нечакана прапаў, а баранавіцкія ледзьве здолелі прызнаць, што апарат завіс у іх над галовамі. Камбрыг адной з вайсковых частак аж заходзіўся ад крыку, аддаючы ў слухаўку загад на зніштажэнне неапазнанага павіслага аб’екта. Аб’ект жа яшчэ да першага гарматнага стрэлу рушыў у бок Ляхавічаў, дзе зноўку знік, каб праз паўімгнення праявіцца над Ганцавічамі. Між тым у Ганцавічах на ўсе застаўкі шчыравала жудасная навальніца, па сярэдзіне якой загадкавы лятак і апынуўся. Крывавая маланка ўдарыла па ім. Апарат захістаўся і стаў хуценька зніжацца, аж покуль не ўдарыўся вобзем. Сяляне, што назіралі за відовішчам натужліва чакалі выбуху, як тое бачылі ў савецкіх фільмах, што пасля уз’яднання з БССР часцяком прывозілі з перасоўнай кінаўстаноўкай. Але выбуху чамусьці не было…Косцік вельмі хацеў служыць танкістам ці лётчыкам. Але ж і служба ў войсках НКВД, куды яго размеркавалі, лічылася не менш, а мо’ нават і больш, ганаровай. Спярша ён быў накіраваны ў 3-юю дывізію войскаў НКВД па ахове чыгуначных збудаванняў. Аднак пасля трох месяцаў службы па няведамай прычыне яго перавялі ў 42-ую асобную канвойную брыгаду тых самых слаўных войскаў. Хлапцы троху пакеплівалі з новага саслужбоўцы, называючы яго то дэпошнік, то Касцючка-паравоз. На ўсе жарты ён адказваў стараннай самаадданай службай і неўзабаве атрымаў не толькі званне сяржанта, але і значак выдатніка. Аднойчы Косціка пабудзілі спасярод ночы, паклікаўшы аж да самога камбата. Сяржанта шкуматалі цьмяныя сумневы і яскравыя падозранні што да мэты гэткіх ночных шпацыраванняў. Камандзір нічога ў ягонай галаве не праясніў, назваўшы добрым байцом, які мусіць служыць працоўнаму народу да канца. Аддаўшы з дзясятак гучных “так точна”, Косцік зразумеў, што яго некуды павязуць. За варотамі ўжо стаяў “ЗИС”, у будцы якога сядзела колькі чалавек. “Помніце, Куцапалаў, – сказаў на дарожку камбат, – у такую грозную гадзіну вы не даўжны запятнаць чэсць і дастоінства байца войск НКВД і нашага доблеснага батальёна”. На пытанне Куцапалава пра мэту паездкі нехта са спадарожнікаў сказаў, што вязуць на спецыяльныя вучэнні. Практычна ўсе з тым пагаджаліся, акром аднаго дзецюка, што сядзеў у самым куце. Ён балбатаў няўцямшчыну пра Камароўскае балота і гучна пераконваў усіх, што лепей за ўсё на свеце пясочак залацістага колеру. Па дарозе прыняўшы ў будку яшчэ двух салдат, машына праз нейкі час прыбыла ў патрэбнае месца. Людзі ў цывільным правялі салдатаў да будынака, захоўваючы поўную моўкнасць. Косціку не верылася, што ўсіх па-просту расстраляюць: занадта складана ўсё атрымлівалася для банальнага расстрэлу. Ён не абмыляўся. Усіх завялі ў адну залу. Яшчэ адзін дзядзька ў цывільным паведаміў, што ім давядзецца адправіцца з Менску ў Баранавічы для адбыцця колькіх спецвартаў, ахоўваючы сакрэтны груз, які чыгункаю будзе транспартавацца ў сталіцу БССР.
Косцік заступіў на ахову аб’екту падчас супынку цягніка ў Стаўпцах. Быў не самы лепшы для вартавога адцінак ночы. Сяржанта гарнуў сон, але думка пра адказнасць за груз не давала заснуць. Груз, сукрыты брызентам, ляжаў на платформе. Брызент жа у адмысловы спосаб быў прымацавны да самой платформы ці то клёпкамі, ці то цвікамі з вялікімі плешкамі. Там магло быць што-заўгодна. Куцапалаў ніколі не чуў, каб у БССР, пагатоў у новадалучанай заходняй частцы, мясціліся сакрэтныя прадпрыемствы. Але разважыўшы, што на тое і сакрэтнасць, каб нічога не знаць, ён стойка працягваў варту. Зялёнае свіценне пад брызентам з’явілася раптоўна. Сытуацыя выглядала на няштатную. Косцік выхапіў навюткі “ТТ”,якім наконадні ўзброілі ўсю іхнюю спецварту, і навёў на груз. Мазгі заклініла. Інструкцыя забараняла страляць у бок падахоўнага аб’екта, пакуль не выяўлена прысутнасць пабочных асобаў. З цяжкасцю адолеўшы засмягласць у роце, вартавы штомоцы выкрыкнуў: “Стой! Хто там ідзе?!”. Святло ўмільг знікла, а празь якую секунду няведамая сіла ўдарыла сяржанта ў грудзі. Куцапалаў адно паспеў усвядоміць, што выляцеў за борт платформы, і яшчэ ў палёце знепрытомнеў. У непрытомнасці Косціку прымярэсціўся жахлівы сон. Маўляў сядзіць ён у сваім даармейскім інтэрнацкім пакойчыку зусім адзін і чытае “Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі” Зюськова. Тым часам яму адкрываецца таемства, што нічога, акром гэтага пакоя, наўкола не існуе. За вакном аксамітная чорнядзь, з якой паўстае абсалютна незнаёмы мужчына і пачынае ламіцца да Косціка, азываючы па вайсковым званні ды прапануючы мусова прайсці разам. Затым незнаёмец паўскрыквае, і крык ператвараецца ў рык хіжага звера…
Ачомаўшыся, Куцапалаў адчуў хвараблівы гуд у целе. Ён не адразу дапяў, дзе занходзіцца і з якой такой прычыны. Шумелі дрэвы. Шчабяталі птушкі. У траве, дзе Косцік ляжаў скакалі конікі. Непадалёк спінай да яго нехта стаяў. Сяржант прахапіўся, марна шукаючы рукой пісталет. Той нехта павярнуўся. Ён быў ніжэйшы за хлапца, апрануты ў цьмяны срэбны касцюм. Скура ў яго была шэрая. Тулава надта нагадвала бляшанку ад тушаніны. Ногі былі самай звычайнай даўжыні. Рукі ж здаваліся занадта кароткімі. Галава незнаёмца збянтэжыла і злякала Косціка ўдакон – вялікая лысая цыліндрычнае формы з высокім лобам і агромністымі вачыма, падобнымі да вачэй інсэктаў кшталту мухаў. Заміж носа і вушэй зеўралі адтуліны, а на месцы рота – невялічкая шчылінка. Куцапалаў утаропіўся на дзіўную істоціну і, нібыта рыба на беразе, прагна хапаў ротам паветра: – Ты… Ты… Ты немец? Заміж адказу ў паветры, а можа ў глуздах прагучала здзеклівае пытанне: – А, нарэшце разгоўтаўся? Выродлівя твая макітра! – Ты на сваю рэпу зірні, – асмялеў пасля першага страху Косцік. – Яшчэ ніводная саміца не скардзілася, – з касмічным гонарам вымавіла істоціна. Завязаная размова яшчэ болей знейтралізавала хлапцоў страх, і ён схацеў цягнуць яе далей а далей: – Дый на мяне не жаліліся. Але хто ты такі? Адкуль узяўся? І што я раблю тутака? – Завельмі многа, як для пачвары, ты пытанняў задаеш. Куцапалаў непрыкметна праглытнуў чародную абразу і знячэўку ўцяміў (згадаў?), што пакінуў свой баявы пост. За гэта яго маглі пагладзіць па галаве хіба толькі знутры – свінцоваю кропляю. Ён рынуўся на вялікагаловага з покрыкам: – Сука, гэта ты мяне скінуў з цягніка?! Я ж цябе пустымі рукамі ўдушу і скажу, што так было! Пагрозы свае, хоць бы часткова, ажыццявіць яму не ўдалося, бо той самай сілай, што і ўначы, хіба троху слабейшай, яго адкінула прэч. – Не рабі дураты, – быццам бацька многіх сыноў і дачок прамовіла істота, – прапаную разам выбірацца з вашых джунгляў… бр-р-р… лясоў. Мне зараз трэба альбо радыё, альбо рацыя якая. І ты мне дапаможаш. Інакш я кіну цябе тут, перагрызеным на кавалачкі. Істота паказала свае гострыя, бы лязо, зубікі. – Можа ты жыдамасон якісь? – імкнуўся пранікнуць у сэнс яшчэ больш зглупелай сітуацыі сяржант, успамінаючы балачкі, што захаваліся са старарэжымных часоў. – Не-а, я тампліер-самавук з правам выкладання малакіі на рабочых факультэтах Пенсільваніі, – верагодна браўся пакпіць шэраскуры незнаёмец. Куцапалаў яго не зразумеў: – Хто-о? Істоціна матлянула галавой. – Ты Альдэбаран ведаеш? – Ну, здаецца ў школе Пётар Міронавіч расказваў. Вось жа, Альдэбаран бязглуды тройчы – гэта ты. А я з Альтаіру. Косцік скрывіўся. Ён чакаў усяго магчымага і немагчымага, але толькі не гэткай відавочнай лухты. Не паверыўшы ў іншапланетнасць істоты, ён з хітрызнаю пацікавіўся: – Калі ты здолеў прыляцець чорт лысы не дакумкае скулься, то няўжо ж не можаш сам выбрацца з гэтых трох хваінак? Іншапланетнік часта задыхаў і пагардліва цыркнуў зялёнаю слінай. – Па-першае, у мяне пасля катастрофы 53 раны рознай цяжкасці, якія яшчэ не зарубцаваліся. Па-другое, не маю цяперака зусім ніякага начыння, каб арыентавацца ў вашых забрынданых ландшафтах. Па-трэцяе, перастань шпурляцца глупяндзяйскімі пытаннямі. Косцік ніяк не хацеў паверыць у словы міжзорнага вандроўцы. Іншапланетнік яшчэ раз кідануў ад сябе сяржанта і з усёй магчымай для яго сакраментальнасцю прамовіў: – Заставайся жывы! Цябе ж свае ўхандохаюць. Зноў павернуты да праблемы пакінутага паста, Косцік даў згоду на часовы хаўрус і назваў сваё імя. Шчылінка на твары прышэльніка аквадратнілася, але свайго імя ён не сказаў, спаслаўшыся на цяжнотнае для зямных нядоразвіткаў вымаўленне. А папрасіў жа зваць сябе проста Мар’янам. Па гэным ён тыцнуў пальцам на Косцікаў значак выдатніка і парадзіў пазбыцца яго. Казаў, што хутка прыйдуць сапраўдныя немцы. Куцапалаў шпаркім, нечаканым нават для сябе самога, рухам учапіўся ў значак, адарваў яго і шпурнуў у траву. Усяго колькі хвілін таму ён не верыў ніводнаму слову незнаёмца. Нішто не замінала рушыць у дарогу. Мар’ян абвясціў, што мусова трэба патрапіць у Ракаў, а перш варта было б звязацца нейкім чынам з адным тамтэйшым настаўнікам. Косцік не стаў пярэчыць, знайшоў мурашнік, высветліў кірункі свету, згадаў карту ўз’яднанай Беларусі і паказаў рукою: “Туды”. Па ўсіх прыкідках мястэчка ляжала за 20–30 кіламетраў ад іх. Такую адлегласць у ідэале льга было пераадолець за дзесяць гадзін. Толькі ж не гэтым разам і не за такімі акалічнасцямі. Крочачы, Косцік з Мар’янам перамаўлялі пра нямецкі нацыянал-сацыялізм, савецкі стаханаўскі рух і рэформу беларускага правапісу 1933 года. Калі іншапланетнік спытаўся пра масавыя расстрэлы, Куцапалаў асекся і паспрабаваў перавесці гаворку на праблему міжполавых стасункаў у БССР. Празь якую гадзіну яны ўжо добра адыйшліся ад месца сваіх першых дыялёгаў. Наўкола стаяў гусценны лес. Ісці рабілася трудней. Але яны выбіліся на сцяжыну і пашыбавалі па ёй. Косцік тлумачыў, што гэтая дарожанька, верагодна, выведзе на каторы-кольвек лесавы шлях, а можа і з самога лесу. Яна ж выявілася дужа віхляваю і пасля колькіх выгінанняў скончылася каля досыць шырокага ручая, які бурліва гнаў чорную ваду. Кладкі па блізу не праглядалася, дно таксама было невідно. Крыху павагаўшыся, Косцік сігнуў у чорныя хвалькі. Мар’ян так рызыкаваць не стаў і проста пераскочыў перапону пяціметровай шырыні. Салдат з тае нагоды ледзьве не насёрбаўся брыдкае вадкасці, але неўзабаве адолеў ручай і выкарскаўся з яго тваністага дна. Мусіў па тым перазувацца, выліваць з ботаў ваду, выкручваць анучкі. Паслей Куцапалаў адыйшоўся да кустоў ядлоўца і на колькі секундаў уявіў сам сябе творцам не толькі лесавых ручаёў, але і магутных судаходных рэкаў. Скончыўшы сваю хвілёвую медытацыю, ён звярнуўся да Мар’яна, каторы пільна разглядаў мурашнік: – Усё, я хочу жэрці. Хоць бы макулінку якую пракаўтнуць. – Зараз падсілкуемся, – адказаў спадарожнік і зрабіў рэзкі рух правай рукою. Косцік убачыў, што той злавіў буйнога вусеня, і таму адразу ж катэгарычна запярэчыў: – Вусень хлопцу не наедак. Мар’ян маўчуком дастаў са свайго касцюма нейкае падабенства алоўка і скіраваў яго на здабычу. З алоўка вырваўся бляклы прамень, і вусень хутка набыў памеры добрага індыка. Куцапалаў крывіў морды і голасна мацюкаўся з яўнымі асаблівасцямі віцебскіх гаворак. Іншапланетнік быў не менш просталінейным і сакавітым у сваёй беларускай: – Чаго ты крывішсяя, як тая курва на вяселлі? Давай вецце збіраць! Сырым жа спажываць не будзем. Праз дваццаць хвілін абодва былі сытыя і збольшага задаволеныя. Хаця Косціку давялося прыкласці не адзін патужны высілак, каб змусіць сябе пакаштаваць такую нябесную манку. Пакаштаваўшы, зрэшты, не пашкадаваў: вусень трапіўся сапраўды смачны і ўежны. Троху спачыўшы, вымушаныя спадарожнікі рушылі далей. Запахла балотнаю тванню. Куцапалаў успомніў чуваныя ў маленстве гісторыі пра беларускія балоты, дзе знікалі людзі і коні, дзе нібыта няма ні дна, ні прадоння. Цяпер ён разумеў прымхлівасць і забабоннасць такіх меркаванняў ды адчуваў, што дно балоты ўсё-ткі маюць. Аднак даказваць гэта на практыцы самому не хацелася. Мар’яну ж ландшафты падабаліся сваёй узгляднаю спакойнасцю і бяспечнасцю. Параўноўваў з іншымі планетамі, дзе за гэткі ж час перабывання давялося б разоў сорак уступаць у бой з тамтэйшымі пачварынамі… Раптоўна Косцік праваліўся і стаў захлынацца. Іншапланетнік завіс над багнаю і выцяг небараку з бяды. Прыгарнуўшы салдата да сябе, ён ціхутка паляцеў у вызначаным кірунку. Час ледзьве цягнуўся. Урэшце пачало вечарэць, на ваколле апусцілася цямрэча. Куцапалаў мала арыентаваўся ў часе, бо ягоны гадзіннік спыніўся яшчэ апоўдні. Адольвалі непрыемныя ёлкія думкі: “Аёй-аёй! Чаму мне пала такая страшная доля? Чаго я гэткі бедачына? Хто ў мяне скраў шчасце і на валосік падвесіў жыццё? Хіба я ў чым вінаваты перад людзьмі ці перад таварышам Сталіным? Ці ж я каго змардаваў, абабраў, укрыўдзіў? Не. Заўсёды намагаўся, каб было найлепш. Заўжды з павагай ставіўся да ўлады, быў шчыра ёй адданы і ўдзячны за хлеб, соль, малако, запалкі, адукацыю… І што цяперака? Дэзерцір. Здраднік працоўнага люду. Сяджу ў лапах нейкае мухі і веру ёй, што хутка шаноўнай уладзе капцы прыйдуць. Верыць – унікаць разумення. Не разумею. Але назад? Звароту няма. Каб жа з’явіўся які-небудзь волат-асілак і перамог мае ўсе нядолі…”. Іншапланетнік перарваў яго думкі, паведаміўшы, што балота скончылася, і варта было б заначаваць. “Толькі ў сэрцы балоту няма заканчэння!” – падумалася салдату. Падсілкаваўшыся рэштаю абеду, валацугі пачалі рыхтавацца да начлегу. Логава сабе ўрабілі ў сухім пяску між карэнняў, падгарнулі лісця і шыльніку ды, шчытна прытуліўшыся, улегліся спаць. Уранні, пабудзіўшы Косціка, іншапланетны госць запатрабаваў: – Неабходна тваё семя. – Чаго? – збянтэжыўся спрасонку дзяцюк. – Скуль у мяне тыя семкі? – Ай, ды не пра гэта гаворка. А “семя бурнае муское”! – зазлаваўся Мар’ян і ўрачыста зацытаваў з Багдановіча. – Як? Усё чыста? – захваляваўся Косцік. – Ды не ўсё. Трошачкі, – супакоіў спадарожнік. – Мы ж збіраемся здабываць сувязь. А я перад вашымі не магу заявіцца ў такім выбл*дзе… – Выглядзе, – паправіў салдат. – Во-во. Неабходна трансфармацыя. Ператварэнне. Набыць трэба зямное аблічча. А тое, што я ў цябе прашу, мне ў гэтым дапаможа. Давай. Рабі. Ён працягнуў Косціку бурнаты пуздэрачак. Хлапец павагаўся і з ніякаватасцю на твары сукрыўся за кустоўем. І стаў ён прыгадваць процьму грудак, ножак, сцёгнаў ды іншага хараства жаноцкага. І дабіўся ён выніку слушнага пасля светлае згадкі крутых клубоў маладое жонкі камандзіра другога ўзвода, з якой аднойчы дабрашчаснасць меў замкнуцца ў каморцы старшыноўскай… Мар’ян быў дужа ўсцешаны і сам адыйшоўся ў кусты. Што ён чыніў з паўнюткай бутэлечкай Куцапалаў не ведаў. Але ўжо праз колькі хвілін перад ім з’явіўся не пачварны Мар’ян, а проста вылітая копія Косціка да таго ж у навюткай ваеннай форме. – Ну што, браце? – мовіла копія. – Пакуль ты спаў паволі, я дазнаўся, што тут вёска блізка. Ідзем за рацыяй? – Хадзем, – бяз імпэту прамумліў арыгінал, змучаны новымі вычудамі далёказорнага касмаплаўца. – Толькі, каб жа тут хаця б які-кольвек тэлефон задрыпаны знайшоўся. Адкуль тут быць рацыі? – Турботы мурына шэрыфа не клапоцяць! – азваўся блізнюк. – Гайда! Хлапец з выразнай неахвотай пашлапацеў за ім, разважаючы пра незайздросны лёс негрыцянскага і індзейскага жыхарства ў капіталістычных Паўночнаамерыканскіх Злучаных штатах. Мар’ян, сарваўшы чарніцу, павялічыў яе і даў Косціку, абы толькі той перастаў скуголіць. У вёсцы такіх госцейкаў не чакалі. Аднекуль выскачыла кодла сабакаў, стаўшы нялітасціва і дакучліва брахаць. Іншапланетнік у адказ на брэх выдаў такі гук, што не толькі бедныя псінкі разбегліся, але і Куцапалаў упаў як абух долу. Мар’ян паўшчуваў яго за слабыя нервы, але ўручыў “ТТ”, пра каторы дэзерцір і думаць забыўся. Форма НКВД рабіла на вяскоўцаў надта хваравітае ўражанне: здавалася, што кожны гатовы схапіцца за вілкі ці сякеру, але дзённае святло іх запыняла. Сяк-так змаглі дапытацца, што аніякіх сродкаў сувязі, акром тэлефона ў калгаснай управе, тут нямашака. – Хіба я не так казаў?! – чмыхнуў Косцік. – Доранай кабыле пад хвост не глядзяць, – патэтычна адказаў іншапланетнік. Дзень быў суботні, але калгасны старшыня знаходзіўся на працоўным месцы. Што праўда, займаўся ён не працаю, голасна хліпаючы і цярэбячы за валасы пульхнавусную бухгалтарку, што шчыравала пад ягоным сталом. Акурат таму на замкнёных дзвярах вісела настойлівае: “Без доклада на входить”. Мар’ян адным толькі позіркам раскалупнуў замок. Косцік хуценька зайшоў у будынак і, убачыўшы за сталом прымружанага мардатага мужычыну, крыкнуў: – Імем працоўнага народу вы арыштаваныя! – Як? – няўцямна рохкнуў старшыня, ужо гатовы пусціць гарачы струмень падзякі стараннай бухгалтарцы, і зрабіў борзды рух рукой. Куцапалаву здалося, што той палез за прыхаванай зброяй. Таму дэзерцір два разы стрэліў, намаляваўшы на лобе старшыні ахайную чырвоную васьмёрачку. – У самую ігрушку! – хвалебна прамовіў іншапланетнік. – У яблычак, – паправіў яго Косцік. – Халерна да нашага камбрыга падобны. Пераляканая дзяўчына румзала пад сталом. – Не бойся, я з табой, – звярнуўся да яе Мар’ян, а калі тая вылезла, набыў сваё сапраўднае аблічча. Дзеўка ў момантт знепрытомнела. Загадаўшы спадарожніку шукаць гэты чортаў тэлефон, вялізнавокі нахіліўся над бухгалтаркай. – Апарат тут! – гукнуў Куцапалаў з якогась закутка. – Іду, мой дружа. Толькі не пужайся. Мар’ян з’явіўся пераўвасоблены ў старшыню, узяў слухаўку і набраў нумар. Калі на тым канцы дрота азваліся, ён з неймавернай зямною іроніяй прамовіў: “Над Савецкай Беларуссю самае сіняе яснае неба. Але сёння к апоўначы чакай, Фердынандзе, дажджу”. Новая іншапланетнікава пыса аблудліва ўсміхнулася: – Што ж ты, беларусе, пэцкала павесіў. Не журыся, хлопча. Хочаш, паляцім да нас? У нас там хораша. А як сады цвітуць! – Ды ідзі ты ў дупу, – прашаптаў хлапец. – Я хачу жэрці. Хачу нармальна па-чалавечы з’есці кавалачак сала. – Усе вашыя беды ад таго, што шмат едзіцё і багата кладзіцё. Гэтак і жыццё прамінаеце, нібы ваду ўрэшце носіце… – У рэшаце, – паправіў агаладалы. – Так-так. То ваду ў рэшаце, то крыжы на плячах. А ў галаве – сала. Вы ж і мысліце не мазгамі, а салам. – Ды прастуй ты, збяёдак, пад халеру! Пра каго такое гаворыш? Ты беларусаў не аскарбляй. Мы ўсе добрыя, рахманыя і працавітыя. Нам проста з гісторыяй не пашэнціла. – Ну сядайце на квэку і чакайце. Можа калі-кольвек і пашанцуе… – досыць сувора мовіў Мар’ян і адразу ж зусім лагодна дадаў, – там у гэтага гайдамакі было, чым падсілкавацца. Праўду кажаце, чэрці, голад не цюцька. – Не цётка, – выправіў Куцапалаў. Елі моўчкі. Пасля іншапланетнік падсунуў спадзельніку ружовую пігулку: – Каўтай хутчэй! Той не ўзяўся чыніць супраціву. Прышэльнік дастаў цёмны пуздэрак (хлапец на секунду задумаўся: “Адкуль ён усе свае штукенцыі выцягвае?”) ды ўватнуў у яго свой чароўны аловак. Узніклы прамень ударыў Косціка па вачах, і ўжо праз міг ён расшупіў, што з целам адбыліся значныя перамены. Куцапалаў задыхаўся дзівотнымі адчуваннямі ад вялічыні грудзей, адсутнасці належнай мужчынскай атрыбутыкі ды раптоўна паўсталай жаночай вопраткі. – Што ты ўчыніў, пустадомак?! – Маем вілы, мае граблі, – матлянуў Мар’ян галавою. – Калі ё магчымасць трансфармавацца, то лепш яе з рук не выпускаць, бо… – …лепей сініца ў руках, чым Гаўрыла ў Полацку! – Нішто сабе таварышы беларусы жарты дазваляюць! Аўтамабіль адшукалі хутка. Іншапланетнік усеўся за стырно і з паскудным смакаваннем прамовіў: – Чым жа, дзеванька, твая галоўка занята? Эх, пакатаю. – Паехалі, – з пэўнаю какетлівасцю бзымкнула новаўз’яўленая Канстанцыя. Ездзіны выявіліся досыць лёгкімі. Ніхто за ўсю дарогу да Ракава іх не спыняў. Супольнікі перамаўлялі пра далейшыя свае дзеянні. У мястэчка прыбылі апоўначы, але патрэбную вуліцу і дом адшукалі хутка. Канстанцыя пастукала ў дзверы. Яны ўвадначас расчыніліся, і заплаканая жанчына, з секунду бліснуўшы якойсьці надзеяй у вачах, спытала: – Чаго вам трэба? – Вашага мужа. – Здзеквацца прыцёглася, курва валачашчая?! – раптоўна зайшлася плачам кабета. – Забралі яго хвілін трыццаць таму… Я ж думала яны разабраліся і адпусцілі яго. А тут ты на парозе паскуда цыцкастая! Пайшла вон! Здавалася, яна папросту не хацела нікога ўпускаць усярэдзіну. Ейныя слёзы прыпыніў Мар’ян, вярнуўшы сябе і Косціка да нармальнага стану. Жанку не схапіў ляк, яна толькі са стомленым расчараваннем прашаптала: “А, гэта ты… Прывет”. Настаўніка разам з усёй ягонай апаратурай, якую майстраваў гадоў пятнаццаць за палякамі, забраў НКВД. Куцапалаў упершыню бачыў іншапланетніка збянтэжаным. Ён цяжка дыхаў і глуха булькатаў, а потым без поспеху вылаяўся. Без поспеху, бо нешта важкае маланкава выцяла яго па твары. Што менавіта яго ўдарыла, Косцік разгледзець не паспеў, бо сам дастаў ладнага кухталя ў патыліцу. Гэтым разам высніў ён сябе на мосце з дзяўчынай, цалуючыся. Але раптам іхную ідылію парушыў нейкі трагладыт, што кульнуў дзяўчыну за парэнчы ў ваду, а за ёю і кавалера. Як толькі ў сне пачалося захлынанне, Куцапалаў прачнуўся. Расплюшчыўшы вочы, Косцік аглядзеўся. Выявілася, што ляжаў ён у найдальшым куце турэмнае камеры. Усе навокал спалі. Было яшчэ надта рана. Зрэшты сонейка пачало нагадваць пра свой хуткі ўзыход, і вераб’і сваім несціханым чыліканнем сустракалі яго. У памяшканні трывала цяжкое – хоць абушок узвесь – паветра, разлягаўся гучны хропат. Раз-пораз хтосьці блюзніў праз сон, кешкаўся, намагаючыся выпрастаць адляжалую руку ці нагу. Услухваючыся ў трызненні, Куцапалаў упэўніўся, што сярод вязняў быў і яго нядаўні спадарожнік. Хлапца ў каторы раз стала грызці паняверка: як з ім магло адбыцца столькі ўсяго за пару дзён? Спакойныя армейскія будні абарваліся, замяніўшыся на гэткі непрыгожы гармідар. Вось жа і турма. Што далей? Што? Ён нават крышку сплакнуў ад шкадобы да сябе… Раптоўна грукнуў страшэзны выбух – такі страшэзны, што нават замкі ў вязнічных дзвярах заскрыгаталі. Муры ж нібыта пахіснуліся. Следам пачуўся выбух другі, а потым трэці… Вераб’і за вакном аціхлі. Вязні жвава паўскоквалі з сваіх месцаў, лыпаючы здзіўлена вачыма: – Што здарылася? – А кадук яго разбярэ! Узрыў нейкі. – Можа вучэнні? – Хварабенні! З самалётаў пярдоляць! – І з гарматаў таксама мантуляць. Зняволеныя прыслухоўваліся да нясціханых знадворных гукаў, сілячыся зразумець сэнс усяго адбыванага там – на волі. Косцік кінуўся да Мар’яна. Той быў увесь ззелянелы. Твар ягоны распух. Левая вачніца пуставала. Апратка ператварылася ў лахманы. Адзін з сядзельцаў, зірнуўшы на іншапланетніка, цяжка ўздыхнуў і спачувальна прамовіў: “О, хлопча, а цябе за што гэтак? Бог жа і так цябе бядотнага пакрыўдзіў, дазволіўшы гэнакім калекай нарадзіцца, а тут яшчэ гэтыя пазбыткаваліся. Курвы! Прасці госпадзі!”. Мар’ян маўчаў. Куцапалаў ад жаху нічога не мог запытаць. За дзвярыма пачуліся тупат ног, бразганне жалезных запораў і шалянічныя покрыкі. Дайшла чарга і да іхнай камеры. Замок ляснуў, у дзвярах завіднелася зялёная постаць са словамі: “А ну выходзь! Пробкай вылятай! З вяшчамі! Скарэй!”. Усе спешліва рынуліся вонкі. Іншапланетнік ледзьве калдыбаў, і Косцік пасабляў яму ісці. Людзі ў форме НКВД завіхаліся і гарлалі на вязняў. З тых ці не кожны атрымліваў прыклáдамі вінтовак. На падворку зняволеных узяліся шыхтаваць. Неўзабаве з’явіўся начальнік канвою, які загадаў сартаваць зэкаў на крымінальных і палітычных. Куцапалаў бачыў, што другіх патроху адводзілі на задні двор, адкуль даносіліся стрэлы. Разумеў ён таксама, што многія з палітычных сталі ўдаваць з сябе “блатных”. Сам бы рады быў такое ўчыніць, але меў на сабе здрадніцкія рэшткі вайсковае формы. Калі дайшоў яго чарод, Косцік з упэўненай млявасцю сказаў: – Вінаваты хіба ў тым, што ў самаволку пайшоў. Баба адна спакусіла. Памыліўся адрасам. А там байцы вашыя прыхвацілі. Пераплуталі з кімсьці. Правяральнік скоса зірнуў на яго: – Што з табой, курвелю, рабіць? – і, павагаўшыся, звярнуўся да начаканвоя. – Таварыш маёр, тут адзін салдацік з нашых войскаў. Забл*даваў, кажа, і не ў тыя дзверы сунуўся. Начаканвой падыйшоў асабіста. – Хто такі? – Малодшы сяржант Канстанцін Куцапалаў! 42-ая асобная канвойная брыгада, 1-шы батальён, 1-шая рота! – А якога хрэна ты тут дзелаеш? Чаго не ў Мінску? – Аступіўся па маладосці, таварыш маёр, жэншчыны захацелася. – І ў Ракаў пагойсаў? – Так точна. Баба ж харошая. – Ага, – начальнік брыдка ўсміхнуўся. – Я сам у дзевятнаццатым з Піцера ў Кранштат цёгаўся, каб такую, як ты гаворыш, харашуху за цыцку памацаць… Контрай аказалася. Усякай белагвардзейскай сволачы давала. Сука! Дык я ёй сам потым добра даў… Шашкай па мазгах… Добра, у маё лічнае распаражэнне пераходзіш. – Рады старацца! – казырнуў сяржант. – Эй, выдайце байцу наган таго прыдурка, каторага сягоння асколкамі пасякло! Косцік адчуў вялізманую палёгку ва ўсім целе. Ён проста трымцеў ад адчування вернутага шчасця. Мар’яна тым часам размеркавалі ў калону крымінальнікаў, але начканвой загадаў лічыць калекаў палітычнымі і весці на расстрэл. Адзін з салдатаў павёў Мар’яна за будынак вязніцы. Праз хвіліну Косцік учуў стрэл і горычна падумаў: “Адмучыўся пакарыцель высот. Мой мілы таварыш, мой лётчык…”. Той салдат вярнуўся з дзіўнаватаю ўсмешкай і прамовіў да Куцапалава: “Дзяржыся, хлопча, мяне. Не прападзеш. Я – Васіль”. Сяржант прамаўчаў на гэткае нахабнае парушэнне субардынацыі. Яму загадалі весці да расстрэлу трох жанчын. Сэрца калацілася, просячыся вонкі. Думкі палілі ўсяго: “Як так, я – Косцік Куцапалаў – буду страляць кабет, будучых мацярок? Завошта? Хай яны тройчы нацдэмаўкі і ворагі народа”. На заднім двары ўжо ляжала колькідзясят трупаў абодвух полаў. – Закопвайцеся ў гэтыя целы і не варушыцеся, – казаў ён жанкам і тройчы стрэліў у паветра. Васіль сустрэў яго з яшчэ больш слізкаю ўсмешкай, чым кагадзе: – Ну што? У ігрушку? Хлапец разявіў рот: – Мар’ян? – Ціха, ціха, ціха. Васіль я. Васіль. Ага? – А-га. Вароты турэмнага двара расчыніліся і калона рушыла ў дарогу. Мястэчку дасталася ад бомбаў. Шмат дзе шугала полымя. Куцапалаў скеміў, што ідуць на ўсход, у бок сталіцы. Начканвой, едучы на машыне, час ад часу даваў каманду пераходзіць на бег. Чаргаванне бегу і хады знясільвала не толькі вязняў, але і канваіраў. Канваіры яшчэ больш люцелі і зброю ўжывалі без залішніх цырымоніяў. Косцік і Васіль-Мар’ян уцякаць з калоны не спяшаліся, бо “калегі” ўраз распачалі б страляць і ў іхныя спіны. Ззаду, здавалася зусім недалёка, грукаталі танкі. Нешта незразумелае адбывалася наперадзе. Знячэўку калона матлянулася ў бок. Увадначассе застракаталі кулямёты. “Дзясант сперадзі!” – імгненна ў натоўпе пракаціўся перагук, і арыштанты сталі разбягацца, хаваючыся, хто ў жыце, хто ў ляску. Гарэй ад цэрбераў рычалі канваіры, стараліся не абмінуць нікога з уцекачоў куляю, а то і дзвюма-трыма адразу. Калона прыкметна парадзела. Спераду не супынялася стралянеча. Колькі разоў прагучалі выбухі. Машына начканвоя гарэла. Канваіры перастрэльваліся з жаўнерамі ў невядомай форме. Ля скроняў пачынала пагрозліва свістаць. Косцік надта спадзяваўся на іншапланетніка і ягоныя штукі, але той пасля мінулае ночы кеміў неяк марудна. “Ну што рабіць будзем?” – спытаўся Куцапалаў. Як толькі ён вымавіў “бу…”, куля трапіла Васілю-Мар’яну ў плячо. Калі ж прагучала “…дзем?”, тое ж насягнула яго самога. Не ўгаворваючыся, яны ўдвох упалі долу, нібы раненні мелі смяртэльныя. Яшчэ хвілін з пятнаццаць цягнуўся бой. Пасля усё заціхла, прынамсі ў блізіні, бо ў далечы грымоты змяняліся грымотамі. Спадзельнікі не рызыкавалі ўставаць. Па дарозе хадзілі пераможцы, міжсобку размаўляючы па-беларуску. Адзін з іх чамусьці нахіліўся над Васілём-Мар’янам, і той адразу ж стрэліў цікаўніку ў твар. “Маць пройбу з кліннем!” – вылаяўся Косцік, усведамляючы фатальнасць адбыванага. – А ну ляжаць, сукі таптаныя! – прагучала над імі. – Рукі ў бокі! Не шаволькацца, падлы бальшавіцкія! Колькі чалавек абступіла іх. – А цяпер устаць! – загадваў той самы жаўнер, Косцікаў раўналетак. – Устаць, я сказаў!!! – Устаем, устаем, сакаліна сям’я… – мармытаў іншапланетнік. – Маўчаць, гіцаль недацяты! Ён пераехаў Васілю-Мар’яну па твары аўтаматам. – Міхась, не гарачкуйся, – спрабаваў паўстрымаць яго таварыш, але тады ж іншапланетнік стаў пераўвасабляцца. Дэсантаваныя адразу ж націснулі цынгелі сваіх “вальтэраў”. “Пакарыцель высот” вычварна заторгаўся ў аўтаматных чэргах, сцякаючы блякларужоваю сліззю. – Жывучы, курва, – адцеміў Міхась. – Бэнзіну сюды! Шпарчэй! Гарэў Мар’ян добра і доўга. Куцапалаў, з узнятымі ўгору самлелымі рукамі, стаяў побач. Думка была толькі адна: “Толькі б забілі адразу бяз здзекаў”. Пераканаўшыся, што “бальшавік” больш ужо ніколі не падымецца, дэсантаваныя пайшлі прэч. – А я? – нясмела нагадаў Косцік. – Ідзі, малец, дахаты. Ды пачні ўжо думаць пра новую йі лепшую краіну – Беларусь! – сказалі яму. Праз хвілю жаўнеры голасна і гожа запяялі:
Смерць лютністы Апавяданне старога амерыканца
Немцы не дазволілі нармальна справіць навагоднія святы. Не зважаючы на вялікі спадзеў многіх ахвотнікнў, феерверкі былі катэгарычна забароненыя пад пагрозаю карных захадаў ажно да расстрэлу. Як папраўдзе, расстрэлы дужа нервавалі менскі люд. Неяк цяжка было сцяміць, чаму немцы, калі што не так, хапаліся за зброю. Амаль як бальшавікі тыя. Хаця апошнія чынілі практычна ўсё ўпотайкі без нямецкае схілкі да паказальнасці, але хто ж у Менску не знаў мясціны, дзе НКВД мардаваў людзей?! Хто-ніхто, аднак, быў гатовы зразумець немцаў, бо ў менскіх ваколіцах шнырылісавецкія банды, а руіны самога места таксама былі нянадта бяспечнымі з прычыны дзейнасці злачынных груповак, якія менавалі сябе “патриотическим подпольем”. Так ці гэтак, але стрэлы тут гучалі штодня, і нямецкая адміністрацыя не мела аніякае пэўнасці, што пад выглядам феерверкаў чырвоныя не ўчыняць якой-кольвек дыверсіі. У адной з кватэраў на Старажоўцы Новы год святкавала грамада прагрэсіўнае беларускае моладзі. Хлопцы і дзяўчаты пад немудрагелістую заедзь пілі крэпкую самагонку, слухалі спадзеўны Лондан і ненавідную Маскву, шэптам пяялі народныя і нацыянальныя песні, гутарылі пра паваенную будучыню мілае Бацькаўшчыны. Нехта з хлапцоў прыцёг даўных віленскіх паштовак “Беларускі флірт”. Знаны ў сябрыне лютніста Анатоль Лагуцёнак пачынаў гэты флірт выабражаць, чапляючыся да прытомных дзяўчат. Было смешна. Смяяліся, што праўда, не ўсе. На вечарынцы знайшлося месца гмураватаму Міхасю Лапіцкаму, каторы такіх публічных жартачкаў не дужа паважаў. На пачатку вайны ён дзейнічаў у складзе групы, што высадзілася каля сталіцы Савецкае Беларусі для таго, каб чыніць перашкоды адступаючым чырвоным войскам. Потым доўгім часам хлопец мусіў перабываць у Гомелі, які немцы ледзьве не далучылі да сваёй “Украіны”. Відавочна, Міхась бы там і застаўся, каб не тупое хваравітае пачуццё адарванасці ад усякага беларускага жыцця. Акром жа таго сэрца мкнулася міжволі туды, дзе жыла тая, якую ён, здавалася, кахаў. “Закаханы беларускі ваяка”, – іранічна хмыліўся хлапец сам сабе, бо працягваў службу ў 13-м дапаможным батальёне. Каханая ж, як гэта ўчастых бывае, ладна адмянілася ад пары іхняга апошняга пабачання за філіжанкаю сапраўднае бразільскае кавы і ісцінна арыйскім шакаладам. Тое ўжо была не ранейшая Ганулька і не товарищ Анна, а вельмі сур’ёзная фройляйн – Наnnа Smetantschuk. Добра ўмеючы па-нямецку, дзяўчына сталася тлумачкай пры адным з палкоўнікаў у Менску. Herr Oberst, папсаваны мазгамі на вайне ды ежы, глядзеў на Ганну выключна як на тлумачку з барбарскае славяншчыны на крывічэслівую нямецкую мову, не робячы ніякіх паслізненняў на ейную жаноцкасць. Міхась тое ведаў, але ласкавасць каханай пры сустрэчы падавалася яму надта ўдаванай, а ў словах ейных чулася паняверка. Яна адно здагадвалася, што жаўнерык мо’ і сапраўды аб ёй трошкі няроўненька дыхае. Ці не трошкі. Фройляйн не цешыла вонкава каменная натура сп. Лапіцкага, ягоная станаўкая маўклівасць ды задуменнасць. Гэта агулам яе бянтэжыла, бо яна ўважала Міхася за нядрэннага літаратара, з немалою насалодаю чытаючы яго допісы і вершы на бачынах нешматлікіх беларускіх выданняў. Даўней, чым Міхася, фройляйн Сметанчук ведала сп. Лагуцёнка, які да прыходу немцаў быў сур’ёзным маладым чалавекам. Удзень ён вывучаў Маркса, Энгельса, Сталіна. А ўначы чытаў забароненых бальшавікамі дзеячоў і паэтаў. Апошняе ён рабіў так удала, як ніхто, бадай, у даваенным Менску, бо не адзін ягоны раўналетак трапіўся на гэтым. Як прыйшлі немцы, Анатоль закінуў і камуністычных класікаў, і беларускіх нацдэмаў. Змайстраваў сабе лютню ды ў вольную ад настаўнічання часіну граў сям-там для собскага задаволення ды ўцехі публікі. Анатоль быў неймаверна таварыскім, грамадзейскім хлапцом, як сказаў аднойчы пра яго др. Янка Станкевіч. З яго проста выпірала энергія, якая здавалася бясконцаю, аж пакуль не адбываўся катастрафічны спад настрою, калі прыпаміналася вакольная рэчаіснасць, у якой панавала вайна. Дык жа за лепшае ў такіх варунках ён лічыў смех і “здаровы цынізм”. Толькі ж Ганне з таго было ні холадна ні цёпла, і яна са сталым поспехам стрымлівала ўсе аблогі, якія ўчыняў Лагуцёнак, імкнучыся авалодаць ёю. Ангельскае слова “сэкс” тады не тоўпілася ў шэрагу папулярных між беларускага народу. Гаварылі часцей пра любоў, робячы тое з пэўнаю інтанацыяй, насычанай прыцемненаю неадназначнасцю. “Знаеш, meine Liebe, любоў – гэта яшчэ не ўсё, што патрэбна для нармальнае паненкі, пагатоў у цяперашніх умовах, пагатоў ад жанатага мужчыны,» – казала не аднойчы тлумачка музыку. Але, як Анатоль ні выпытваў, ніколі не ўдакладняла, што ж тады паненцы сапраўды трэба. Падобных дыялогаў не бывала між Ганнаю і Міхасём. Жаўнеру было прасцей пакласці свае думкі на паперу, чым наўпрост зліяці сябе ды свае ўхаваныя пачуцці. То ж і гаманілі яны збольшага на тэмы літаратурныя, куды патроху-патроху дамешваліся нелітаратурныя позіркі і намінкі на іншы бок медаля. Вечарынка скончылася спакойна. Анатоль зусім не чапляўся да Ганны, хаця сам сабою зрабіўся відавочнаю зоркаю свята, дарма што без лютні. Міхась адно хітаў галавою: “Ну-ну, спадару Лагуцёнак, як жа нам з вамі можна вадзіцца? Вы ж над меру вулканічны, дый жа там, дзе не трэба”. Лютніста не чуў жаўнера, бо ня ўмеў чытаць думак. Абодва яны тады не маглі даўмецца, што досыць шчыльна іх звядзе супраца з Яўменам Кудзенікам. Толкам пра яго ніхто нічагуські не ведаў, як не зналі, ці сапраўды яго так завуць. Зрэшты, ён не надта свяціўся ў беларускіх асяродках Генеральнае акругі Вайсрутэнія, застаючыся заўсягды ў прыцемку. Адны казалі, што ён працуе на гаўляйтара, другія – што на Маскву, трэцім здавалася, што Яўмен – агент брытанскае альбо нат амерыканскае разведкі. Аднак Кудзенік працаваў на незалежную Беларусь, якой літаральна трызніў, не забываючыся пра ўмовы канспірацыі. У Менску пра гэта ведалі ўсяго чалавек сем, сярод каторых не было ніводнага немца. Але ж і ніхто з Рады Мужоў Даверу не меў ані слыху ані прослыху аб тым, што нехта ў іх пад носам, але бяз іх самых, ходаўся за вольную Бацькаўшчыну і нават не ўвайшоў у падпольную (так-так, яшчэ адно падполлле!) Беларускую Незалежніцкую Партыю. Яўмен зарганізоўваў адстароненне найбольш адыёзных ды нахабных дзеячаў акупацыйных уладаў, савецкае партызанкі, месцкага бальшавіцкага падполля і польскага руху. Калі камуністаў і палякаў прыбіралі зазвычай збройна, тарнуючы ўсё магчымае – ад нажа да проціпяхотных мінаў, то немцаў мардавалі ціхутка-спакайнютка, імітуючы сардэчныя прыступы ці якія-кольвек пабытовыя няшчасныя здарэнні. А ўсё дзеля таго, каб немцы не ўзялі пад тыя падзеі закладнікаў ды не расстралялі іх за адсутнасцю ахвотных узяць адказнасць на сябе. Не хацелася Кудзеніку дараўновацца чырвоным вар’ятам, сярод якіх знайшоўся, ён чуў, верхавод аднае банды, што нават сваіх дзетак не стаў з закладнікаў ратаваць. Як жа, камунізм найперш! Змагар бачыў у тым глыбачэнную паталогію. Будучыня Беларусі на агульным тле падзеяў паўставала цьмянымі абрысамі. Але ён цепліў спадзеў, што далейшы лёс Радзімы будзе вырашацца з удзелам Вялікае Брытаніі і Задзіночаных Штатаў. Блізка пасля праваслаўных Калядаў данеслі добрыя людзі інфармацыю, якая давала рэчаісную магчымасць выявіць і знішчыць аднаго з кіраўнікоў бальшавіцкіх груповак па мянушцы Марат. Кудзенік пастанавіў неадвалочна правесці акцыю знішчэння, пра што найперш загаварыў з Міхасём Лапіцкім, каторага знаў яшчэ з Гомелю. – Ты, браце, цудоўна цяміш, што і тэўтоны, і саветы, і пагатоў ляхі за сённяшніх часоў не могуць быць нам праўдзівымі прыяцелямі. Дык жа прыходзіцца спадзявацца толькі на самых сябе, а почасту – нават адно на сябе самога, бо элементарнага даверу да людзей мець не можаш. Цябе ж ведаю даўна. Нешта рабілі разам. – Ну, так, вядома ж. Але чаго ты кажаш такія ясныя рэчы? – Проста на гэтай сранай вайне мы мусім сабе тое паўтараць якга часцей, накш загібнем, што быдла. Ты знаеш, ё канкрэтная задача. – Ад часоў вывучэння арыфметыкі ў школе не люблю задачаў. – Твой гумар – проста з моста, ды не ў рэчку, а ў парэчку. Задача, вядома, у іншым рэчышчы… – Зразумела. Кудзенік колькімі словамі абмаляваў кшталт замеркаванай аперацыі. Лапіцкі то слухаў, то ня слухаў, нырцуючы ў хвалях упэўненай інтанацыі і пераканаўчых аргументаў. – Я згодны, – вымавіў Міхась. – Але ж гутарка мусіць астацца між намі. Інакш абодвум гамон капітальны сасніцца. – Крыўдзіш, Яўмене! – То і ладна… А, чытаў жа кагадзе твой опус у “Беларускай газэце”. Нічога так. – Ды скуль вы ўсе берацё, што гэта я пісаў? Тамака ж псеўданім. – Твой стыль, Міхасю, знаеш. А яна хаця ведае? – Хто? – пуставойтаўскім тонам выдыхнуў жаўнер. – Я дурэю, як той Халімон на каранацыі! Двох дарослыя людзі, а такім блазноццем маецеся! – Ну, Яўмене, хто ж вінен, што ўсё так атрымліваецца? Ізноў жа – вайна. – Так, вайна – поўны мех гаўна. Але ж, як кахаеш, то бяры свае каханне ў рукі, не зважаючы ні на што. I не трэба тут расійскую раманістыку ўдаваць. – Ды якая там к кадукам сабачым раманістыка? За пару кварталаў побач загрукаталі аўтаматы, перарваўшы гутарку. Хлопцы хуценька-хуценька развіталіся і разбегліся на розныя бакі. Падобная, ды не зусім падобная размова адбылася пазней між Кудзенікам і Лагуцёнкам. Лютніста ўвесь час блазнаваў, пра што б змагар ні казаў. Справа вымагала сур’ёзнасці, і Яўмен адно таму вырашыў пагаварыць з Анатолем, бо знаў яго ўжо ў справе, калі бясшумна прыбралі бурмістра аднаго з няблізкіх местаў. Інакш бы з музыкам ні пра што ісціся не магло б. I гэтым разам ён пагадзіўся браць удзел у аперацыі, але ані мізэрнае капулькі не суцішваў свайго смехання. – Яўмене, як памру, то забяры ты сабе маю жонку. Яна без добрага мужыка засохне, як тая чараціначка. А я ж няверны муж у яе. Помню, быў я ў адным месцейку у вайсковай зоне… О, тамака ў мяне была жанчынка! – Анатоль, што ты ўсё мянціш як мянташка? Няма моцы куды западзеці? Га? Сотку а пятсотку разоў я наслухаўся аб тваіх прыгодах. Наконт “памру” ты не рохкай. Як шанцуе, то й карова танцуе: і танго, і факстрот. Жонка ў цябе, што праўда, баба ладная, але не майго густу, далібог. Кантралюй, калі ласка, свае эмоцыі. Згода? – Лады, пане Яўмене. Ты растлумач мне толькі, пры чым тут Лапіцкі? Я разумею – ён салдат, жаўнер нават, аднак жа нейкі ён млявы. Дый Ганульку, відна, кахае. I чуе мае сэрцайка, што пераканае ён яе ўрэшце. – Анатоль! Кантралюй эмоцыі. Наш гэта чалавек. Даўно на справе сябе паказаў. Што да Ганулькі, дык я не разумею тут твайго інтарэсу. Дый плану нашага гэта не датыкаецца. – Як жа? Я ж яе з 37-га пераконваю, ды ўсё безвынікова. А ён… – Ён, дарэчы, яшчэ ніякіх канкрэтных захадаў не рабіў. – Не рабіў?! А ў газетках вершы хіба для Гітлера з Гёбэльсам друкуе? – Ха-ха. Ну ладна, мо’ і для Ганны. Але сучасную жанку вершыкамі пераканаць цяжка. – Думаеш? Але ж як прыгожа гучыць, халера красная: “Хочу краскі збіраць у тваім светлым садзе…” – Добра балбатаць, але справа больш талераў каштуе. Пабачымся. – Давай. Змагар і лютніста парукаліся на адвітанне. Кудзенік пайшоў, агулам задаволены шматпланавай размовай. Музыку было мулкавата з прычыны свомасцяў собскага характару, наяўнай у галаве інфармацыі ды вельмі потных рук.На вуліцы Івана Луцкевіча Міхась заўважыў і азваў Ганну. Тая сцепанулася, убачыўшы за сабою чалавека ў форме. Але зразумеўшы, што гэта знаёмец, прашаптала: – А, гэта ты. Дабрыдзень. – Дабрыдзень, Гануля. – Слухай, Міхаську, я нешта не цямлю, што за выродства ты надрукаваў у “Беларускай Газэце”? – Ты што, ясачка? Гэта ж паэзія чыстае красы! – Ага, усе гэтыя “краскі” ў маім “садзе”, усе гэтыя “чарэсьні” на маіх “дрэвах”? Міхаську, ты не цар Саламон, а я не Суламіф. Гэта не паэзія, а парнаграфія. Нашто ты прыплёў мяне ў гэты верш? – Чаму цябе? Тутака ж няма нічога пэўнага, адно лірычны герой зварачаецца да Mädchen von seiner Träumen… – Прабач, але не ўважай мяне за дурніцу. Тамака пасля першай страфы шэсць радкоў пачынаюцца з літараў, якія складаюць мае імя – ГАНУЛЯ. – Дык жа не адна Гануля ў генеральнай акрузе. – Ды глупства… – пачала была тлумачка, але жаўнер зрабіў тое, чаго было цяжка спаткаць у даваенным і рэдка сустрэць у ваенным Менску на людных месцах. Ён проста-ткі затакаваў паненку і, узяўшы ў абдоймы, пачаў цалаваць. Тая тарганулася колькі разоў, выяўляючы прыліковы супраціў, але неўзабаве хлапец адчуў, што ейныя вусны адказваюць гэткім жа жаданнем і пяшчотаю. “Bravo, bravo, Soldat!” – пацяшаўся патруль, што прайшоў паўзбок цалавальнікаў. Працяг быў пэўным – выявілася, што любоў для нармальнае беларускае паненкі – гэта ўсё, без увагі на вайну ды іншыя завады, прыгоды, нагоды. Калі мілосная дзея скончылася, Ганна аблілася слязьмі: “Міхасю, мой міленькі, у нас нямашака жаднае прышласці. Мы згінем. Вернуцца саветы і ўчыняць тут тры, чатыры, а то нават і дзесяць новых 37-ых гадоў. I ўсе будуць маўчаць. Яны заўсёды маўчаць. Баранкі Божыя… Кахаем? Але сэнсу, родненькі? Колькі з таго сэнсу? Трэба ўцякаць адгэтуль за тры моры, а то і яшчэ далей”. Хлопец не мог суцішыць гэтыя раптоўныя слёзы каханае дзяўчыны, таму адно церабіў ейныя даўгія ядвабныя валасы, думаючы зусім па-іншаму і пра іншае. Паводле задумы Кудзеніка, у прызначанай аперацыі галоўную ролю мусіў выконваць Міхась, а Лагуцёнак адно падстрахоўваць. З тае прычыны лютніста ведаў пра ўдзел у справе жаўнера, а жаўнер пра заданне лютністы і не здагадваўся. Кожны мусіў адказваць адно за ўласную валоку ў акцыі. Кудзенік рыхтаваў адыход. Сустрэўшыся на Камароўцы з Міхасём, ён раскрыў яму галоўныя драбнічкі будучага дыверсійна-патрыятычнага спектаклю: “Марат мусіць чакаць на сувязнога ў кавярні. Адрас на паперцы. Прачытаўшы, запомні і спалі. Заміж сувязнога ідзеш ты. Ён усё адно не знае таго на твар. Аднак жа і ў нас пра Марата няшмат гушчы. Вонкавая прыкмета: у рукох трымацьме “Völkischer Beobachter”. На пароль: “Извините, у вас нет родственников за Гомелем?” – ён павінен адказаць: “Родственников нет, но мелких знакомых хватает”. Страляеш. Не забудзь кантрольны ў мазгаўню. Бяжыш вонкі. Там цябе чакацьме наша машына. Усе будзе добра”. Лапіцкі і сам быў перакананы, што справа пакоціцца па аптымістычнай каляіне, нягледзячы на блізкую камісарскую кроў. Ён усміхаўся, і змагару рабілася трохі ніякавата, хаця ён ніколі не траціў упэўненасці ў сваіх задумах. Гэтая ўпэўненасць яго ніколі яшчэ не падводзіла. Яўмен працягнуў Міхасю пару сотняў райхсмарак на “бягучыя расходы” ды, ціснучы руку, шапнуў: “З Богам!” Аперацыя пачалася. Міхась, наколькі дазволілі магчымасці, апрануўся згодна з апошнімі павевамі моды акупаванага Менску. Форма ў справе не пасавала, але і не было ніякае ахвоты ўбірацца ў лахманы. Месца аперацыі за саветамі было сярэдняй паршывасці рэстарацыяй, каторая за немцамі зрабілася кавярняю не менш сярэдняе прыстойнасці. Лагуцёнак прыйшоў першым. Узяў сабе пляшку ліквору “Königsbergsmorgensröte” ды ўсеўся за вольны столік, адсунуўшы ў бок нешта з прэсы. Пацёгваючы з зусім малюпасенькага кілішка салодкі вішнёвы трунак, ён аглядаў пярэстую грамаду наведнікаў. Кабет ён аглядаў аж занадта пільна. I тыя, прыкмячаючы гэта, злёгку чырванелі, ружавелі і апускалі ўва ўройлівым стыданні вочкі. Анатолева душа проста зіхацела ад замілаванасці. Раптам ён заўважыў, што ў залу ўвайшла Ганна Сметанчук. Забыўшыся пра асцярожнасці аперацыі, ды, мабыць, пра яе самую, лютніста паклікаў знаёміцу за свой столік. Яна ўсміхнулася, пагадзіўшыся на запросіны даўняга свайго ўдыгача. Лагуцёнак хацеў быў замовіць для паненкі кавы з пячэннем, але тлумачка запярэчыла, узяўшы сто грамаў гарэлкі ды пару канапак. Гамонка не клеілася. Ганна чыста не рэагавала на жарты, выхілясы і выхвалянні суразмоўніка. I калі той чарговым разочкам згадаў пра любоў, яна нястрымана засмяялася і сказала: “Які ты ўсё-ткі дурненькі, Анатоль. Я кахаю іншага чалавека. Кахаю, хаця і баюся кахаць. Разумееш?”. Лютніста мала што кеміў і быў збянтэжаны, нібы НКВДыст, якога арыштавалі ўласныя калегі. Часам тым у тлум кавярні ступіў Міхась Лапіцкі, гатовы на дакладнае і спакойнае выкананне справы. Сярод прысутнае публікі, здавалася, ніхто не адпавядаў вонкавай прыкмеце. Сэрца Міхасёва здрыганулася і зазнібела, калі ён заўважыў Ганну ды Анатоля разам. Збоку іхны бязладны дыялог выдаваў на даволі мілую размову дваіх вельмі блізкіх сяброў. Падышоўшы да іх, жаўнер ціха павітаўся, і позірк ягоны прабег па стале, дзе між бутэлькі, кілішка і талеркі зь недаедзеным лусцікам палёжвала “Völkischer Beobachter”. Міхась прыклаў руку да вачэй, спрабуючы спраўдзіць, ці не насланнё гэта, якое папсавала яму зрок. Але зрок быў у парадку. Засунуўшы руку ў кішэнь сваёй марынаркі, ён спытаў у Лагуцёнка: – Ізвініце, у вас нет родственікаў за Гомелем? – Родственікаў нет, но мелкіх знакомых хватаець, – агаломшаны нечаканым цыркам, наўздогад ляпнуўлютніста. – На, курва бальшавіцкая, – Лапіцкі выцяг рэвальвер і стрэліў тры разы ў грудзі Анатоля, які не здолеў вымавіць ні слова, а толькі да немагчымасці вырачыў вочы, што марна пыталіся: “Чаму?”. Жаўнер не прыглядаўся да гэтага, а, пацэліўшы ў пераноссе, стрэліў яшчэ адзін раз. Дзея доўжылася пяць-сем секундаў. Наведнікі кавярні страпянуліся. Дзеўкі заверашчалі. Ганна сядзела моўчкі з іспалатнелым тварам і халодна-крышталёвымі вачыма дарагое швейцарскае лялькі. З-за суседняга стала падхапіўся жгучий брюнет і, адскочыўшы ў бок, засвяціў гэткаю ж пістуляю. “Предатель, фашистский холуй”, – прашыпеў ён ды ціскануў на цынгель. Стрэл, аднак, ня грымнуў. Міхасю не ставала часу мазгаваць, ці там была асечка, ці ёлупень забыўся зняць з засцерагальніка. Ён бліскавічна развярнуўся ды абрынуў рэшту агню сваёй зброі ў неспакойнага бальшавіка, каторы мог зусім унікнуць смерці, каб не высунуўся так неабачліва. Брунет гэпнуўся долу. Для праверачнага стрэлу не было патрона. Разбірацца з рэвальверам Марата зноў жа не хапала часу. Лапіцкі дастаў з-пад марынаркі вялікі паляўнічы нож, схіліўся над ворагам і прафесійна, бязь лішніх ваганняў ды разважанняў, разрэзаў таму горла. Здумлена-пераляканая публіка маўкліва лыпала вачыма, робячы мінімальную колькасць удыханняў, а выдыханняў яшчэ меншую. Узяўшы пад руку Ганну, Міхась памкнуўся да выйсця. На дварэ стаяў абяцаны чорны “Мэрсэдэс”, каторы хутка паімчаў іх прэч ад месца дзівотных і трагічных супадзенняў ды падзеяў. Аперацыя была выкананая. Не так, як меркаваў Яўмен Кудзенік. Але вораг усё-такі быў зніштожаны. Смерць добрага сябра ўразіла змагара, але румзаць не выпадала. Праўда, жонку Анатолеву ён падтрымаў добра. Міхась з Ганнаю неўзабаве пабраліся. Казалі, яна чакала дзіця. Але аднойчы ў траўні, калі маладыя былі ўдваіх дома, нехта кінуў у вакно гранату. Прывыклых да ўсяго мінчукоў не здзівіў ні выбух, ні смурод гарэлага чалавечага мяса, што доўга лунаў у прасякнутым водарам квеценя паветры. Чужыя беды ў генеральнай акрузе практычна нікога не краналі. I толькі Яўмен Кудзенік набліжаўся да раскрыцця і ліквідацыі арганізатараў ды выканаўцаў нагвалт подлага ўчынку. Ставала сілаў і сумлення.
Ваўкавыск – Баранавічы – Гомель
Пятнаццаць лішніх хвілін
Дзяўчына трымалася годна. Не палохаючыся прысутных гасцей, яна натхнёна дэкламавала завучаны верш:
Вынік скалануў. Вынік выцяў па твары. Вынік надарваў дыханне. Загадчык нюськавіцкай вадакачкі Адам Шуло быў бацькам яго вучаніцы Надзейкі. Загад выракаў зрабіць смерць і ёй. “Да якой халеры ім гэтая вадакачка? – высвятляў сам у сябе Істрабіцель. – Завошта зніштажаць загадчыка? Нягож ён такі вялікі вораг? Мацёры здраднік? І дзеркачу ясна, што ён вымушана супрацоўнічае з немцамі. Што яму закідваюць? Нацыяналізм? Удзел у карных аперацыях? Частаванне былых савецкіх грамадзян бруднаю вадою? Брэдні. Біліндрасы на трыногу! Завошта? Ці то яны мяне ўсё-ткі выпрабоўваюць? Так не можа быць. Калі і шлындаюць дзесь тутака іхныя агенты, якія ўпільнавалі, што Надзейка прыходзіла да мяне ці што я праважаў яе, то ў кожным разе яны б не здолелі так хутка размясціць у газеце гэтае курвенства. Супадзенне? Супадзенне, але прыкрае, але страшнае. Хоць біся галавою аб сцяну. Як? Што рабіць далей? Дзе ўзяць адказ? Я не хачу іх забіваць… Заб’юць мяне. Даб’юць. Тады пашанцавала. Цяпер – солі ў вочы, а не шанцавння. Накрыюць. Не пабачыць залацістага і яснага. Ні халеры не агледзіць. Нават самай наймаленечкай. Што рабіць? Як рэагаваць? Як?”. Нібыта чорная хмара павісла над ім. Нічога не атрымоўвалася надумаць. Адпраўка Надзейкі ў Нямеччыну падавалася яшчэ больш небяспечнай, чым далейшае перабыванне тут. Зрэшты, і перамяшчэнне ў іншую частку Беларусі нічога не вырашала – паўсюдна партызаны ды іх людзі. Між партызанскімі атрадамі, як меркавалася, былі добрыя сувязі: хто-небудзь дый знойдзе. Знойдзе ды прыгвоздзіць. Самім жа ўцякаць у лес было зусімнаю бязглуздзіцай. Тупік. Аляксючыц наліў у конаўку самагонкі і быццам халодную ананасную ваду выпіў адным цугам. Іначай было б не заснуць. Час ішоў. Пераначуем болей пачуем. Расплюшчыўшы вочы, Барыс Макаравіч ужо дакладна ведаў, што будзе рабіць далей. Ён узяў сабе набіты пісталет, у кішэні напхаў колькі жменяў патронаў, у газеціну заматаў пару пачкаў грошай. Падаўся да Адама Шуло. Той з усмешкаю павітаў нечаканага госця: – Пан настаўнік, рады паздароўкацца. Дачушка ўсе вушы пра вас адзваніла. Любіць вашы заняткі – няма спасу! А хіба ё якіясьці турботы з ёю? – Турботы, спадару Адаме, у нас усіх першага верасня трыццаць дзявятага пачаліся, – без віхлянняў нацянькі прамовіў чыстую крамолу Аляксючыц. – Чаго? – спужаўся Шуло. – Што за смешкі?! Хіба вы мяне правяраеце? Дык я сёння ж данясу пра інцыдэнт у паліцыю. – Не каляхуйце, шаноўны, праблема больш спаважная, ніжлі ваш цяперашні страшок. Страшнейшая. – Я вас зараз выжаню з хаты, калі не скончыце гэтую гнюсную правакацыю! – разыйшоўся Надзейкін тата і неяк няўклюдна махнуў рукою. Настаўнік адразу ж схапіўся за яе ды скруціў за спіну. – Ты, дзядзьку, будзеш мяне слухаць? – мала не вызверваўся ён. – Цябе пасвяць бальшавікі. Цябе і тваю радзіну. Разумееш? Надзейку таксама хочуць забіць. Загадчык вадакачкі абмяк і сцішана працягваў слухаць. Істрабіцель аслабаніў яго руку, паклаў на стол пакунак з райхсмаркамі і няголасна, але безапеляцыйна загаварыў: – Сягоння ж любым магчымым спосабам пакіньце з дачкою Нюськавічы, а за тым і Беларусь. Эстонія, Чэхія, Францыя. Куды хочаце. Хоць за чатыры мора. Толькі не Беларусь. Яна гэтым часам, як пекла. Тут ёсць колькі тысячаў. Сапраўдныя… Не будзьце дурнём і проста па маім сыходзе ўцякайце. Забірайце Надзейку са школы і бяжыце. Шуло ўсёй сваёй істою быў прыгаломшаны, але згодна хітнуў галавою. Настаўнік шморгнуў носам і выйшаў вон. Ён не збіраўся сёння ісці на працу, а мерна крочыў да павятовае ўправы. На вуліцы Гітлера яго нагнаў дырэктар школы. – Спадар Аляксючыц, хіба вас ужо папярэдзілі? – без прывітання запытаўся ён. – Гледзячы пра што, – ухіліста адказаў Істрабіцель, неўпрыкмет варушачы ў кішэні рукою. – Ідзем з вамі ва ўправу на семінарыю па праблемах ідэалогіі Трэцяга Райху на высвабаджаных ад бальшавізму абшарах. Будзе нехта высокі з Менску. Мы ж зможам з вамі станоўча адрапарціраваць? Настаўнік, быццам на згоду, ленна хітнуў галавою. Ва ўправе было шматлюдна. Неяк адразу зразумелася, што з усёй акругі сюды панапрыехала настаўнікаў. Неўзабаве ўсіх запрасілі ў вялікую залу. На сцэне стаяў доўгі шэраг сталоў і трыбуна. Да сініх кулісаў белымі ніткамі былі прышытыя сцягі Нямеччыны і Беларусі. Паверху вісеў транспарант: “Табе вызваліцель, падзяка і самая шчырая праца!”. Сабралася чалавек семдзясят улучна з колькімі Hilfspolizei’ямі і арыйцамі з SS, што ахоўвалі сваіх шышак. З Менску прыехаў дарадчык гаўляйтара па ідэалагічным забеспячэнні беларуска-нямецкай еднасці гер Шульц Мортэнваль у суправодзе собскага даручэнца спадара Генрыка Галінкоўскага. “Не кепска ты лучыў, дзядзя”, – зласліва ўсміхнуўся Аляксючыц. Пыса Галінкоўскага надта ж яму кагосьці нагадвала. Гэны спадар ад імя свайго шэфа ўзяўся чытаць спавешчанне, перапоўненае добрым наборам слушных для фашыстаў фразаў: “Гітлер-асвабадзіцель”, “нашы супольныя ідэалы, выяўленьнем каторых ёсьць Новая Эўропа пад нямецкім кіраваньнем і шчасная Беларусь у ёй”, “выразаць ракавую пухліну камунізму”, “рушыць у будучыню ў зьзяньні пабеднай нямецкай свастыкі”. Выступоўцу, як і належыла, усе адорвалі воплескамі. Сакратарка папрасіла прысутных задаваць пытанні. Бальшыня апатычна сапела і тупіла вочы, хто ў падлогу, хто на сакратарчыну блузку. Барыс Макаравіч узняў руку: – Скажэце, а як стасуецца нашая супольная будучыня з перадаванымі брытанскім радыё звесткамі, што Нямеччына мае сакрэтныя планы, згодна з якімі да 90 % беларусаў мусяць быць вынішчаныя? Па залі прабегся шумок. Галінкоўскі – той самы вярбоўшчык Аляксючыца – вылупіў вочы. Мортэнваль, якому пераклалі пытанне, зрабіўся агаломшаным і не патрапіў адразу зрэагаваць. За тое Істрабіцель рэагаваў адэкватна, шасцю стрэламі асадзіўшы на той свет паліцаяў ды эсэсаўцаў. Руля адразу ж перакіравалася на Мортэнваля: – Auf Wiedersehn, mein lieber Herr! Стрэл. Пырскнулі кроў і мазгі. Льга было агледзіць, што ў крывянку перапэцкаўся твар нядаўнага прамоўцы. Ён збіраўся ацерціся, але Істрабіцель не дазволіў: – Стой спакойна, Нкус, а то бабэхну і трыбухі павылятаюць. Прысутныя, ачмурэлыя яшчэ ад першых стрэлаў, адхінуліся, як маглі, ад узбраенца. Узбраенец папрасіў сакратарку сабраць аўтаматы забітых і перадаць яму. – Шаноўныя настаўнікі, усе вы, як я падазраю, на кагосьці працуеце. Сёння ў вашым жыцці светлы дзень, бо памрэце. І я з вамі. Гэта будзе наша вызваленне. Ад Гітлера. Ад Сталіна. Ад усёй вакольнай бярэдлівасці, што завецца вайной. Не вайна, а пабіванне маладзенцаў. Не бітва гэта, але мясакамбінат. Мы – беларусы? Хто мы на гэтым камбінаце? Нашыя кішкі крыпаюць нашым мясам. Кілбаса “Беларуская”, чужынскім пальцам пханая. Адкуль тут быць жыццю, радасці, каханню? Мы ўсе вінаватыя. Ад таго ўсе і памром. Смерць – гэта люстэрка, якое ўбірае ў сябе кожнага з нас. Ён зрабіў рэзкі рух і стрэліў у кучаравага вусача, які ўвачавідкі хацеў дастаць з кішэні свой важкі аргумент. Аляксючыц наўмысля гучна пракашляўся і працягнуў маналог: – Сцеражыцеся ўласных бязглуздзіц. Не будзьце быдлам хоць тут – перад вечным парогам. Найвышэйшая моц асягне хутка нас. Што скажаце там? Мяркуеце і ў пекле прыцярпецца? А ці дазволяць нам гэта зрабіць душы жыўцом спаленых дзетак і мацярок з Хомску, Княжаводцаў? Ці дадуць нам спакою душы застрэленых і зарэзаных людцаў з прыпартызанскіх вёсак? Гэта мы іх забілі. Сваімі рукамі і сваёю бязрукасцю. Мы не навучылі сябе ўнікаць рабскіх думак і паставаў. Мы ходаемся за чужыя прывіды і здані, а сваё жывое ператвараем у попел ці гніль. Простымі рухамі ператвараем. – Але, – наважыўся бялявы румяны дзяцюк з касаватым правым вокам, – нашай віны тут толькі частка. Не мы – дваццацігадовыя хлапцы – прасралі Беларусь каншахтамі з немцамі ў 1918-м, вычэклівымі пераміргваннямі з палякамі ў 1919-м, садомскімі буськамі з бальшавікамі да і пасля… Нам давялося адно падабраць, узяць гатовае йі казаць, што ідзе барацьба за ідэалы. Як глыбей схавацца. – Ты смелы, дзядзька, – усміхнуўся Барыс, – бо не кожны здатны так годна прызнаць свой страх. Праўда, Нкус? Ён зірнуў на свайго настаўбурчанага вярбоўшчыка. Той, нібы кіслай капусты пад’еўшы, крывіў морды ды дзьмуў раз-пораз сабе ў нос. – Праўда, Нкус? – настойліва перапытаў Аляксючыц. – Да чаго ты хочаш вабшчэ? – знервавана аскіразнуўся Галінкоўскі. – Зачэм быць такімі дуракамі? Пайміця, пустагаловыя (я не імею ў віду прысутствуюшчых тут савецкіх падпольшчыкаў і парцізан), сюда вярнёцца наша страна Расія. І ваздаст усем па заслугам. Бойся, не бойся, а атвячаць за ізмену усё раўно прыдзёцца. Пятлей на шэі. Таварышчы парцізаны, ну застрэліця жэ, у канцэ канцоў, этага у*бка. – Цішэй, – уладна грымнуў голас Аляксючыца. – Сцеражыцеся бязглуздзіц. У мяне пад пінжаком два паясы выбухоўкі і гранатаў. Хто не хоча пражыць яшчэ пятнаццаць лішніх хвілін, хай страляе. Усе маўчалі. Па-ранейшаму маўчалі. За вокнамі гулі машыны і матацыклеты. Дзве роты войскаў SS вярталіся з супрацьпартызанскай аперацыі. За апошняй машынай, прывязанае вяроўкай, валаклося ў дарожным пыле мёртвае дзявочае цела.
Последние комментарии
42 минут 7 секунд назад
43 минут 41 секунд назад
1 час 9 минут назад
4 часов 59 минут назад
5 часов 5 минут назад
5 дней 8 часов назад